Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода сабрала выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас кіраўнікоў іншых краінаў.

Абразы


Бараку Абаму: «Яшчэ нядаўна чарнаскурыя рабамі былі»

«Мяне Абама ўражвае: яшчэ нядаўна чарнаскурыя людзі ў Амэрыцы рабамі былі, а сёньня пра выключнасьць нейкую заяўляюць. Я ніколі ня думаў, што чалавек, які выйшаў з гэтых бедных слаёў, зможа наагул рыторыку такую ў сьвеце праводзіць. Гэта недапушчальна, гэта надзвычай небясьпечна», — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію казахстанскаму тэлеканалу 24KZ у кастрычніку 2013-га.

Януковіч — «вашывы»

«Задайце гэтае пытаньне Януковічу: чаму беларускі прэзыдэнт не прысутнічае на іхніх мерапрыемствах? Гэта вы ў іх спытайце. На жаль, „вашывасьці“ хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Ўкраіны», — заявіў Лукашэнка ў красавіку 2011-га, адказваючы на пытаньне, чаму ён не паехаў у Кіеў на мерапрыемствы з нагоды гадавіны аварыі на ЧАЭС.

Барозу — «казёл»

У тым самым інтэрвію Лукашэнка таксама пракамэнтаваў заяву прэзыдэнта Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэля Барозу пра тое, што ягоны ўдзел у саміце па ядзернай бясьпецы ў Кіеве магчымы толькі пры адсутнасьці на ім кіраўніка Беларусі. «Што тычыцца такіх казлоў, як Барозу і іншых... Ну, хто такі Барозу? — Быў нейкі Барозу ў Партугаліі, але выгналі яго і прыстроілі ў Эўракамісію. Я менш за ўсё гляджу, што дзе хто ляпнуў з эўрапейскіх чыноўнікаў. Іх там тысячы».

Пра яйцы Сарказі

У сьнежні 2011-га ў інтэрвію галоўнаму рэдактару радыёстанцыі «Русская служба новостей» Сяргею Дарэнку Лукашэнка заявіў: «Усе эўрапейскія лідэры — гэта нішто. Яны ніхто, яны бязь яйцаў, прабач, — гэта ня мой тэрмін».

«Але ў Сарказі ёсьць яйцы», — запярэчыў Дарэнка.

«Зь якімі яйцамі, хто вам сказаў?» — адказаў Лукашэнка.

Пра Джорджа Буша: «Атупелі і апупелі, і ня ведаюць, што рабіць»

«Ужо да дзікасьці даходзяць: атупелі і апупелі, і ня ведаюць, што рабіць», — заявіў Лукашэнка ў кастрычніку 2004-га, пасьля таго як тагачасны прэзыдэнт ЗША Джордж Буш канчаткова зацьвердзіў «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»


Камплімэнты


Аліеў — «самы інтэлігентны і адукаваны прэзыдэнт»

«Я заўсёды кажу, што Ільхам Гейдаравіч у нас самы інтэлігентны і адукаваны прэзыдэнт, і ён гэтаму надае вялікую ўвагу», — сказаў Аляксандар Лукашэнка ў часе візыту ў Баку ў лістападзе 2013-га.

Бэрлюсконі — «харызматычны, рухомы чалавек»

«Гэта чалавек вельмі харызматычны, рухомы чалавек. Як яго не дзяўбуць —судзяць, ня судзяць, з жанчынамі падглядаюць, — гэта моцны палітык (...) Гэта падтрымка ў Эўразьвязе. Абаперціся на Італію, на такога магутнага палітыка — гэта вялікая справа», — заявіў Лукашэнка ў сьнежні 2009-га, на наступны дзень пасьля візыту тагачаснага прэм’ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі ў Менск.

Чавэс— «блізкі, надзейны сябар, наш брат»

«Нашы сэрцы працяла сумная вестка: пайшоў з жыцьця блізкі, надзейны сябар, наш брат, прэзыдэнт Баліварыянскай Рэспублікі Вэнэсуэла Уга Чавэс Фрыяс», — казалася ў заяве Аляксандра Лукашэнкі з нагоды сьмерці Чавэса.

Асад — «надзіва інтэлігентны і прыстойны чалавек»

«Я вельмі дружны зь цяперашнім прэзыдэнтам (Сырыі — РС) Башарам Асадам, — надзіва інтэлігентны і прыстойны чалавек. Вельмі добры чалавек», — заявіў Лукашэнка ў кастрычніку 2013-га.

Лукашэнка, Кадафі, Чавэс і Кастра — добрыя палітыкі

«Гэтае ня горшыя людзі, гэта добрыя палітыкі, яны любяць сваю краіну. Кадафі — мы ня ведаем ягонага лёсу. Можа, ён... Але ён ня зьбег са сваёй краіны, сказаў, што будзе змагацца. І змагаецца», — Аляксандар Лукашэнка, кастрычнік 2011-га.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG