Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матэрыялы мінулага тыдня на сайце Радыё Свабода, якія варта пачытаць на выходныя.

Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук

На мінулым тыдні цяжка было ўдаваць зь сябе аптыміста – падзеі і даты што ў рэдакцыі, што ў Беларусі, што ў суседзяў ва Ўкраіне, што ў Амэрыцы былі як «глухая пара лістапада», як пісаў паэт. Але роспач і маркота, як вядома, сьмяротны грэх, і таму ў «сямёрку» патрапілі і публікацыі, якія прагоняць «паўдзённага д’ябла» (так манахі называлі стан, калі іх апаноўвала паняверка і цягнула ў сон замест малітвы).

1. «Освальдыяна» – пяцьдзясят гадоў з часу забойства маладога прыгожага прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі ў Менску ўспрымаюць перш за ўсё праз прызму яго забойцы Лі Гарві Освальда. Што насамрэч прыкра, хоць і зразумела. Сайт Свабоды – як камісія Ўорэна, ёсьць усё і для ўсіх: сьведчаньні, вэрсіі, доказы і высновы. Але першай раю адкрыць, калі яшчэ не глядзелі, фотагалерэю, прысьвечаную Джону Кенэдзі – гэта ягоныя ўгодкі. Кніга «Сьлед матылька. Освальд у Менску» на мінулым тыдні выйшла ў новай рэдакцыі.

2. Як я разумею беларускую нацыянальную ідэю – эсэ Сяргея Абламейкі часам нагадваюць мне апэрацыю на сэрцы, якую хірург мусіць рабіць на самім сабе – бо больш так і тут і цяпер ніхто ня зробіць. Глыбока дасьледаваны матэрыял, ахоплены сучасныя пункты гледжаньня, гарманічная аргумэнтацыя – і ўсё гэта без анэстэзіі. Больш за сто камэнтароў на сайце Свабоды, сотні на іншых сайтах, якія перадрукавалі эсэ. Не ўтрымаюся і параю перачытаць яшчэ адну яго апэрацыю на жывой душы без наркозу, якая зьявілася год таму: Маральная сіла беларушчыны і амаральнасьць яе непрыяцеляў.

3. Сьвятлана Алексіевіч – часам калючае, часам балючае, рэдкае па глыбіні і аб’ёму інтэрвію Яна Максімюка з самай вядомай у сьвеце сучаснай пісьменьніцай зь Беларусі. Некалькі выказаных думак: любая дыктатура робіць жыцьцё вельмі прымітыўным, наш сьвет населены людзьмі, якія «спрабуюць», самае моцнае ўражаньне ад жыцьця ў Эўропе – пачуцьцё чалавечай годнасьці, а галоўнае пытаньне, якое хвалюе пісьменьніцу ў Беларусі цяпер – дзе нашы людзі? Хто мае вушы, пачуе (гутарку можна і слухаць).

4. Карыбскі рай смаргонскага кантрабасіста – Арцём Фрэнкель ня хоча жыць у Нямеччыне і будзе сустракаць Новы год пад пальмамі. Аптымізм і сонца аж б’юць у вочы з гутаркі Ігара Карнея зь беларускім музыкам, які грае ў аркестры на круізных ляйнэрах. Ня наш чалавек. Але вось прыехаў дадому ў перапынку паміж круізамі і пайшоў граць канцэрт у дзіцячую анкалёгію, дзе сам некалі ляжаў. І ня можа сказаць, навошта гэта яму спатрэбілася. Наш чалавек.

5. Сяргей Міхалок трапіў у «Сеткі» – гэта новая рубрыка проста гарантуе ўлоў кожны раз, калі каманда Свабоды выцягвае яе на рэдакцыйны бераг з інтэрнэтнага мора: частуйцеся! Навіны пераліваюцца ўсімі колерамі жыцьця, лупяць хвастамі, падскокваюць і проста просяцца, каб іх пасмакавалі. Заўсёды ў лідэрах папулярнасьці.

6. Заўчаснае разьвітаньне – гэтыя нататкі пра людзей Свабоды, якія адышлі дачасна, на мінулым тыдні прачытала найбольш наведнікаў сайта. Дзякуй за вашу ўвагу і падтрымку.

7. Сяргей Ханжанкоў сустрэў новае каханьне ў Катыні – вішуем вас, дарагія спадарыня Алена і спадар Сяргей!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG