Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міліцыя адмовіла Васілю Парфянкову ў пераводзе ў Дзяржынскі ЛПП


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Пра гэта стала вядома пасьля таго, як група грамадзкіх актывістаў наведала былога палітвязьня Васіля Парфянкова ў лячэбна-працоўным прафілякторыі Сьветлагорску 21 лістапада.

«Чаму Васілю не дазволілі перавесьціся зь Сьветлагорску ў Дзяржынск, у дакумэнце з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, які ён атрымаў, нічога не паведамляецца», — апавяла карэспандэнту «Свабоды» кінарэжысэр Вольга Мікалайчык. Паводле Вольгі Мікалайчык, з просьбай перавесьці сына ў Дзяржынск, бліжэй да Менску, зьвяртаўся ў міліцыю таксама бацька палітвязьня Пётар Парфянкоў, але адказу дагэтуль не атрымаў. «Хутчэй за ўсё, таксама будзе адмова», — мяркуе Вольга Мікалайчык.

Паводле яе зьвестак, Васіль Парфянкоў жадаў пераводу бліжэй да Менску, каб сваякам і сябрам было лягчэй наведваць яго. Адной з прычынаў ёсьць і тое, што дзяўчына, зь якой сябруе Васіль Парфянкоў, зацяжарыла. Яны меркавалі стварыць сям’ю, і знаходжаньне Васіля Парфянкова ў Дзяржынску было б для іх зручней.

Што новага пра ўмовы ў Сьветлагорскім ЛПП стала вядома пасьля наведваньня гэтай установы актывістамі?

«На сустрэчу Васіль Парфянкоў прыйшоў з працы, рукі зьбітыя. Аказваецца, да іх паступіла вялікая замова з Расеі на выраб адмысловых катушак для электракабэлю, дык зараз яе выконваюць. А Васіль зьбівае дошкі для гэтых катушак, таму рукі часта раніць. Але нічога, задаволены. Імі сказалі, што могуць на гэтым нядрэнна зарабіць. А да таго былі заробкі мізэрныя. Прыкладам, за мінулы месяц Васілю залічылі 18 працоўных дзён, за якія налічылі 160 тысяч рублёў, а атрымаў зь іх ён 40 тысяч, ды і тое — не наяўнымі, а на картку, празь якую ў атаварцы можна нешта набыць. Харчаваньне там вельмі беднае, пра гародніну і садавіну гаворкі няма», — распавяла са словаў Парфянкова Вольга Мікалайчык.

ЛПП у Сьветлагорску

ЛПП у Сьветлагорску

Паводле зьвестак ад Васіля Парфянкова, Сьветлагорскі ЛПП месьціцца ў былой жаночай калёніі, парадкі там — «сумесь асобага, агульнага і армейскага рэжымаў». У невялікім пакоі, дзе жыве Васіль Парфянкоў, знаходзіцца ажно 40 чалавек, сьпяць на ложках у два ярусы. «Вялікая цісканіна», — кажа Васіль Парфянкоў. Асабліва былы палітвязень пакутуе празь недахоп аб’ектыўнай інфармацыі: большасьць незалежных газэтаў, на якія яго падпісалі, ён гэтак і не атрымлівае. Поштай да яго даходзіць толькі газэта «Свободные новости плюс». Мабільным тэлефонам, які актывісты набылі Васілю Парфянкову, карыстацца яму фактычна не даюць. «Гэтак толькі з Васілём; іншым можна званіць, калі прыйдзе смс-ка ад сваякоў ці сяброў», — заўважае Вольга Мікалайчык.

Актывістка была вельмі зьдзіўленая тым, што Васіль Парфянкоў нават ня ведаў пра тое, што 28 лістапада над ім будзе суд у Менску: паводле парушэньня правілаў прафіляктычнага нагляду. «Не выключана, што Васілю дадуць нейкі іншы тэрмін, і ягонае становішча зьменіцца, але ў горшы бок», — мяркуе Вольга Мікалайчык. Пры гэтым яна адзначае, што Васіль Пярфянкоў у добрым настроі, дзякаваў людзям за падтрымку і салідарнасьць зь ім.

Паводле зьвестак ад Васіля Парфянкова, зараз у ЛПП, дзе ён знаходзіцца, ніякіх лекаў ад алькагалізму ён увогуле не атрымлівае, нават «рамонкавы настой», які выдавалі ў час карантыну, даваць перасталі. «Працатэрапія — галоўны лячэбны мэтад у беларускім ЛПП», — адзначае Вольга Мікалайчык.
XS
SM
MD
LG