Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайцюшкевіч: Хачу на «Радыё Шансон» у Расеі


Зьміцер Вайцюшкевіч
Зьміцер Вайцюшкевіч

На наступным тыдні ў продажы зьявіцца новы альбом Зьмітра Вайцюшкевіча «Варанок», задуманы як зборнік беларускіх турэмных песень.

Туды ўвойдуць як ужо вядомыя кампазыцыі «Дачакайся, матуля», «Ты залаты», «Зноў на волі», «Варанок», так і новыя песьні, якія пакуль не гучалі падчас канцэртаў і не распаўсюджваліся ў сеціве.

У інтэрвію Свабодзе Зьміцер Вайцюшкевіч распавёў пра беларускі шансон, а таксама пра тое, які чынам ён, забаронены музыка, будзе прэзэнтаваць новы альбом.

—Спадар Зьміцер, якая гісторыя стварэньня альбому «Варанок»?

— Ідэя цалкам належыць Генадзю Бураўкіну. Два гады таму ён мне агучыў гэтую ідэю. Я, праўда, быў моцна зьдзіўлены, таму што тады ўвогуле не ўяўляў сябе ў ролі песьняра беларускага шансону. Але час дае магчымасьць падумаць, і маё меркаваньне зьмянілася. Мы запісалі 12 песень, адна зь іх — на словы Ўладзімера Някляева, астатнія 11 — на словы Генадзя Бураўкіна.

— Слова «шансон» мае даволі розныя значэньні. Калі ў расейскай культуры — гэта турэмная песьня, дык у традыцыі заходняй, найперш францускай, шансон абазначае гарадзкі раманс. «Варанок» бліжэй да якой традыцыі?

— У гэтых 12 песьнях прасочваецца гісторыя чалавека ў цяжкіх жыцьцёвых абставінах. Гэта можа быць турма, а можа быць і абмежаваньне волі ў цэнтры гораду. Некаторыя кажуць, што сёньня і школа ёсьць таксама турмой, з чаго я раблю выснову, што панятак «турма» стаў значна шырэйшы. У песьнях з альбому «Варанок» мы імкнуліся расказаць пра чалавека ў цяжкіх жыцьцёвых абставінах, калі частка яго жыцьця ўжо пражытая і за сьпінай пагарэлі масты, а будучыня яшчэ не акрэсьленая. У гэтым зборніку ёсьць месца для іроніі, для аптымізму, для асэнсаваньня пражытага. Мне здаецца, што гэта патрэбная праца. На што гэты альбом будзе падобны? — Думаю, тыя, хто любіць расейскі шансон, скажуць, што «Варанок» бліжэй да расейскага шансону. Тыя, хто ведае францускі шансон, заўважаць лірычныя моманты. Але мне здаецца, што мы ставілі задачу найперш стварыць свой, беларускі шансон.

— Ці можна сказаць, што лірычны герой «Варанка» — гэта не абавязкова былы зэк, а што гэта абагулены вобраз сучаснага беларуса, які, будучы фармальна на волі, усё ж ня лічыць сябе свабодным?

— Па вялікім рахунку, Беларусь — гэта досыць сьмешная, але ўсё ж такі турма. Мы бачым татальны кантроль за ўсім, што адбываецца з чалавекам. Я проста хацеў бы, каб людзі ў музычных працах узгадвалі цяжкія моманты жыцьця, такія як сьмерць і зьняволеньне. Зараз музыка моцна скіраваная ў забаву, ўвасабляецца ў цалкам радасным успрыманьні жыцьця. Але без асэнсаваньня гора чалавек ня можа зрабіць крокі наперад.

— Ня так даўно выйшаў сынгл «Шо-шо», кампазыцыі зь якога ўвайшлі ў зборнік «Варанок». «Шо-шо» Вы запісалі пад псэўданімам Хведар Шчавель. А новы зборнік будзе пад Вашым сапраўдным імем?

— Хведар Шчавель раптоўна зьявіўся і так жа раптоўна зьнік. Я не магу сказаць, што гэта быў няўдалы экспэрымэнт. Напэўна, гэта таксама праява характару беларуса, які зьявіўся, а пасьля раптоўна схаваўся. Тым больш, што шмат хто ў Хведары Шчаўлі пазнае Зьмітра Вайцюшкевіча. Таму скажам так: Хведар Шчавель некуды прапаў, паехаў працаваць у Маскву, ці ў Казахстан, ці ў Варшаву. Давялося мне заканчваць працу за яго.

— Ёсьць меркаваньне, што Вы разам з гуртом «Ляпіс Трубяцкі» застаяцеся ў «чорным сьпісе» музыкаў, якія ня маюць магчымасьці афіцыйна выступаць на беларускіх пляцоўках. Ці можаце гэта пацьвердзіць?

— Так, я магу пацьвердзіць, што я ня маю магчымасьці афіцыйна арганізаваць канцэрт у Беларусі, хаця раблю такія спробы ўвесь час. Адмаўляюць па розных прычынах. Часьцей за ўсё кажуць: «Нефармат». І не тлумачаць прычыны. Адзін з чыноўнікаў сказаў, што Міхалок і Вайцюшкевіч — гэта адмарозкі. Ну, мне, вядома, прыемна знаходзіцца ў такой кампаніі.

— Дык а як тады будзеце прэзэнтаваць новы альбом? Ці ёсьць пляцоўкі, дзе слухач зможа ацаніць «Варанка»?

— Думаю, што найперш гэта інтэрнэт-пляцоўкі. Матэрыял запісаны і будзе выкладзены ў сеціва. Таксама я вельмі спадзяюся, што гэты дыск трапіць на «Радыё Шансон» у Расею. Чаму беларускі шансон ня можа быць у трэндзе ў Расеі? Я вельмі спадзяюся, што прэм’еры ў нейкім фармаце адбудуцца ў розных гарадах Беларусі. Ёсьць і жаданьне праехацца па мястэчках Польшчы, Нямеччыны, дзе ёсьць беларусы. 30 лістапада будзе канцэрт у Бэрліне — такая сусьветная прэм’ера «Варанка».

— А для беларусаў у Беларусі што можаце прапанаваць?

— Дыск ужо аддрукаваны. Засталося запакаваць і склеіць вокладкі. Таму на наступным тыдні ў некаторых крамках, а таксама ў Інтэрнэце зьявіцца ў продажы. Таксама яго можна будзе прыдбаць на беларускамоўных канцэртах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG