Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 беларускамоўныя музычныя рэлізы гэтай восені


У Беларусі ёсьць вялікая колькасьць гуртоў і выканаўцаў, якія, нягледзячы на адсутнасьць падтрымкі дзяржавы і ратацый на афіцыйных тэле- і радыёканалах, запісваюць і выпускаюць па-беларуску альбомы, ЕР, сынглы і асобныя песьні.

Свабода сабрала 22 беларускамоўныя музычныя рэлізы, якія вядомыя гурты і выканаўцы – Ляпіс Трубяцкі, J-Морс,:B:N:, N.R.M., IQ48, Стары Ольса, Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, маладыя творцы – Паліна Рэспубліка, TerraKod, Тлушч, HURMA, Martin S. ды іншыя прэзэнтавалі гэтай восеньню.

Большасьць гэтых рэлізаў можна вольна спампаваць, паслухаць і паглядзець у інтэрнэце, а некаторыя набыць на дысках у музычных, літаратурных ды інтэрнэт-крамах.

1. Сынгл Лявона Вольскага «Ламай сцэнар!»


«Ламай сцэнар!» – новая песьня Лявона Вольскага з сольнага альбому, праца над якім зараз актыўна вядзецца. Песьня была напісана Лявонам Вольскім для фільму «Жыве Беларусь!», але ў выніку не патрапіла ў стужку і афіцыйны cаўндтрэк да яе.




Паслухаць і спампаваць песьню можна тут

Упершыню Лявон Вольскі выканаў песьню «Ламай сцэнар!» у суправаджэньні гітарыста Алега Гаруса і саксафаніста Паўла Аракеляна на канцэрце ў Празе 3 кастрычніка 2012-га году.



2. Сынгл гурта Harotnica «На краі»

Музыкі гурту правялі лета ў студыі і напярэдадні будучага, больш маштабнага рэлізу прэзэнтавалі першую песьню. У запісе кампазыцыі «На краі» ўдзельнічалі ня ўсе музыкі «Harotnicy».

У песьні гурт распавядае пра розныя спосабы суіцыду! Варыянтаў шмат: ад іржавага ляза ў ваннай да рулі паляўнічай стрэльбы ў горла. Андрусь Такінданг, жартам кажа, што выбар за слухачамі, а вось свой – музыкі ўжо зрабілі. Натуральна, «па-гаротнаму» маргінальна-вясёлы! Які? Адказ – у песьні!

Паслухаць і спампаваць сынгл можна тут.


3. Сынгл Хведара Шчавеля (Зьмітра Вайцюшкевіча) «Шо-Шо»

​Песьні з сынглу «Шо-Шо» Вайцюшкевіч сьпявае ад імя пэрсанажа Хведара Шчавеля. Дзеля новага музычнага праекту Зьміцер Вайцюшкевіч пераўвасобіўся ў новага пэрсанажа: прагнага да славы, былога зьняволенага Хведара Шчавеля, які хварэе на частковую амнэзію і сьпявае песьні, якія могуць крануць сэрца любога таксіста і дальнабоя.

Ідэя запісаць альбом турэмнай лірыкі належыць не самому Вайцюшкевічу. На такую працу яго натхніў Генадзь Бураўкін, які і стварыў большасьць песень да гэтага сынглу і будучага паўнавартаснага альбому.





Паслухаць і спампаваць сынгл можна тут

4. Альбом гурта N.R.M. «Д.П.Б.Ч.»

Гэтай восеньню легендарны гурт N.R.M. выдаў новы альбом «Д.П.Б.Ч.». Гурт прэзэнтаваў яго 13 верасьня на фэстывалі «Рок па вакацыях».

Альбом «Д.П.Б.Ч.» складаецца з 8 песень і быў запісаны N.R.M. у складзе трыо, без удзелу Лявона Вольскага. Альбом таксама выйшаў і на вініле. Набыць яго можна ў кнігарні «ЛогвінаЎ».




Паслухаць песьні з альбому можна тут


5. Альбом гурту Тлушч «Тлушч»

Менскі панк-рок гурт «Тлушч» прэзэнтаваў дэбютны альбом. У альбом, які мае аднайменную назву, увайшлі 11 «дасьціпных і жвавенькіх» трэкаў пра жыцьцё музыкаў.

У падтрымку альбома гурт сваімі сіламі зьняў кліп на песьню «Разьмеркаваньне».




Паслухаць і спампаваць альбом можна тут

6. Сынгл гурту HURMA «Давай на раз, два, тры»

Песьня «Давай на раз, два, тры» – гэта першая студыйная работа маладога менскага гурту ў складзе квартэту. Музыку і словы да трэку напісаў лідэр гурту Мікіта Найдзёнаў.

У новай песьні гурт вяртаецца да свайго фірмовага «халоднага» гучаньня. «Давай на раз, два, тры» — песьня пра каханьне, адносіны, маўчаньне ды нястрыманыя абяцаньні.

На гэтую песьню гурт зьняў і свой дэбютны кліп.



Паслухаць і спампаваць сынгл можна тут

7. Супольны праект «Апошні золак»


«Апошні золак» стаў першым беларускім музычным праектам, прэм’ера якога прайшла он-лайн у сеціве. Адбылося гэта 5 кастрычніка 2013 году. Здымкі канцэрту адбываліся ў Падляскай філярмоніі ў Беластоку. У ім узялі ўдзел вядомыя беларускія выканаўцы, кожны зь якіх сьпяваў пра пэўны спосаб сьмяротнага пакараньня.

Лявон Вольскі – пра ўкрыжаваньне, Аляксандар Памідораў – пра газавыя камэры, Ганна Хітрык – пра гільятыну, Алесь Дзянісаў – пра расстрэл, Наста Шпакоўская – пра электрычнае крэсла, Віктар Рудэнка – пра атруту, Зьміцер Вайцюшкевіч – пра шыбеніцу.

Акрамя музыкі, праект зьмяшчае багатую візуальную частку, за якую адказвала мастачка Наста Шастак і рэжысэр Павал Бандзіч. Рэалізацыяй праекту займалася творчая каманда Tuzin.fm, а ініцыятарам выступіў праваабарончы цэнтар «Вясна».




Відэаканцэрт супольнага музычнага праекту «Апошні золак» глядзіце тут.

Фінальная вэрсія праекту выйдзе на DVD і ў выглядзе аўдыёальбому.


8. Двайны сынгл гурту :B:N: «Палюсы»


Гурт «:B:N:» зьмяніў склад. Цяпер толькі лідэр гурту – Алесь Лютыч –прадстаўляе горад Бяроза, астатнія ж удзельнікі гурту жывуць і працуюць у Менску. Напярэдадні сольнага канцэрту, які адбыўся 13 кастрычніка ў клюбе «Re:Public», гурт прэзэнтаваў свой новы сынгл «Палюсы».

Паслухаць і спампаваць сынгл можна тут

9. Сынгл гурту TerraKod «Myata»

TerraKod «Myata»
TerraKod «Myata»
Фолк-мэтал гурт TerraKod прэзэнтаваў сынгл «Myata». Рэліз зьмяшчае дзьве вэрсіі загалоўнай песьні – беларускую і польскую, а таксама канцэртны баявік «Brudnyja tancy».

Абедзьве новыя песьні ўвойдуць у склад альбому, над запісам якога музыкі працуюць цяпер. Назва яго пакуль трымаецца ў сакрэце. Сынгл дае зразумець, якім будзе лонгплэй: цяжкая гітарная музыка зь нязьменнай дудой і гендэрна роўнай вакальнай парай наперадзе.

Паслухаць і спампаваць сынгл можна тут



10. Сынгл гурту Martin S. і Sonika «Хуткія»


​Малады менскі гурт Martin S. так апісаў сваю новую песьню:

– «Хуткія» – гэта драма. Драма, якая разьдзірае жыцьцё на да і пасьля, калі зьмяніць нешта ўжо не выпадае. І ўсё, што застаецца, дык гэта толькі чакаць дапамогі недзе з боку. Гэтая гісторыя старая як сам сьвет, але, тым ня менш, яна не губляе сваёй актуальнасьці. І мы вельмі спадзяемся, што, перажываючы гэтыя эмоцыі вось так у гэтай песьні, слухаючы яе, магчыма нехта зможа спыніць сябе ў самы адказны момант і не нарабіць глупстваў.



Паслухаць і спампаваць альбом можна тут

11. Складанка беларускамоўнага рэпу «Жалуды. Дадатак»


Лэйбл «MZ production» прадставіў у сеціве дадатак да складанкі беларускамоўнага рэпу «Жалуды», якая была выдадзеная сёлета.

У рэліз трапілі тыя трэкі, якія з розных прычынаў не зьявіліся на асноўнай вэрсіі дыску. У тым ліку і з цэнзурных меркаваньняў. Складанка «Жалуды» закранула амаль увесь беларускамоўны хіп-хоп, а непасрэдна на інтэрнэт-дадатку можна знайсьці як і дзядоў беларускамоўнага рэпу, так і маладое пакаленьне: Łaŭr, Ambasadar KROU, LunClan і Макс Корж, Вожык, ЛСП, SP Kava ды іншых.

Паслухаць і спампаваць складанку можна тут


12. Сынгл гурту Yellow Brick Road «Нулявыя»


Гурт Yellow Brick Road прадставіў у першым туры аўдыё-чарту на «Тузіне Гітоў» свае «Нулявыя» – адзіную беларускамоўную песьню ў сваім рэпэртуары.

«Нулявыя» зьявіліся на сьвет дзякуючы ініцыятыве «Эўрарадыё», якое абвясьціла конкурс на найлепшы беларускі пераклад адной з самых яскравых песень гурту Yellow Brick Road – «30’s». «Трыццатыя» пераўтварыліся ў «Нулявыя» ў выніку працы паэта Алеся «Байсана» Плоткі, чый тэкст быў прызнаны найбольш вартым.

Паслухаць і спампаваць песьню можна тут

13. Жывы альбом гурту BosaeSonca «Адпусьці»


Гурт BosaeSonca прэзэнтаваў акустычны альбом «Адпусьці». У яго ўвайшлі як лепшыя песьні з «Залатога» альбому, так і кампазыцыі, якія ніколі не выдаваліся за дзесяць год існаваньня гурту.

Па словах музыкаў, за час працы гурту BosaeSonca назьбіралася досыць шмат песень, якія ніяк ня ўпісваліся ў канцэпт «Залатога» альбому. Музыкі вырашылі перааранжыраваць старыя песьні, аздобіць іх гучаньнем струнных і заміксаваць з новымі, актуальнымі цяпер для гурту трэкамі.

Паслухаць і спампаваць альбом можна тут


14. Сынгл Паліны Рэспублікі «Лета»


Сваю новую песьню Паліна Рэспубліка напісала ўвесну, хацела прадставіць улетку, але працу над ёй скончылі ўжо пад восень. Палініна «Лета» перамагло ў першым туры аўдыё-чарту на сайце «Тузін Гітоў».

Паслухаць і спампаваць песьню можна тут


15. Альбом Тацьцяны Беланогай «Сьвятло і цені»


Выйшаў новы песенны альбом Тацьцяны Беланогай «Сьвятло і цені». Ён пяты па ліку на рахунку пераможцы конкурсаў «Бардаўская восень» (2004) і «ОРРА-2006» (Варшава).

Ягоны лейтматыў – грамадзянская вайна, якая, на думку сьпявачкі, няспынна адбываецца ў кожным з нас. Аўтарка «ваяўнічых» песьняў пра новы альбом распавяла ў перадачы Радыё Свабода «Вольная студыя».





16. Сынгл гурту J:Морс «Джала»


​Песьня «Джала» зьяўляецца своеасаблівым папярэднікам новага альбому J:Морс. Цяпер музыкі актыўна працуюць над яго запісам. Рэліз плянуецца на 2014 год.



Паслухаць і спампаваць песьню можна тут



17. Альбом гурту Ляпіс Трубяцкі «Грай»


1 лістапада адбыўся рэліз альбому «Грай» гурту Ляпіс Трубяцкі. Гэта першы ў гісторыі каманды цалкам беларускамоўны альбом, у які ўвайшлі 10 раней выдадзеных трэкаў з новым майстарынгам і дзьве новыя песьні – «Месяц» і «Сонейка».

Канцэртная прэзэнтацыя альбому адбудзецца 30 лістапада ў Вільні на стадыёне Siemens Arena


Паслухаць альбом можна тут

18. Альбом гурту Стары Ольса «Santa Maria»


Гурт Стары Ольса запісаў новы альбом «Santa Maria», праца над якім вялася на працягу апошніх трох год.

У новы альбом «Старога Ольсы» ўвайшлі 13 кампазыцый. Гэта танцы са зборніку «Полацкі сшытак», танцавальныя творы кампазытараў, якія жылі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і дзьве песьні XIII і XIV стагодзьдзяў у перакладзе на беларускую мову з латыні. Прэзэнтацыя дыску адбылася 17 лістапада ў ДК МТЗ.





Паслухаць і спампаваць песьню гурту Стары Ольса «Ave Maria» з альбому «Santa Maria» можна тут


19. Сынгл рэміксаў праекту Šuma


«Šuma remixes EP» задуманы найперш дзеля адной мэты: прадставіць новых удзельнікаў праекту. Да Русі і Надзеі Чугуновай далучыўся Нік Чорны, менскі кампазытар, прадусар электроннай музыкі, аранжыроўшчык.

Нік прыйшоў да іх як клявішнік і музыка, што займаецца праграмінгам проста на сцэне, але ў хуткім часе стаў сапрадусарам праекту.




Паслухаць і спампаваць EP можна тут

20. Сынгл гурту IQ48 «Зброя»


Гурт IQ48 запісаў новы сынгл «Зброя», які складаецца зь дзьвюх песень – «Зброя» і «Гарэлка». Гэтыя песьні ўвойдуць у новы альбом гурту.

Паслухаць і спампаваць сынгл можна тут






21. Альбом гурту Сьцяна «Мы застаемся!»

Гурт Sciana прэзэнтаваў альбом «Мы застаемся!» – трэці па ліку дыск за 14-гадовую гісторыю гурту.

У назьве новага альбому берасьцейцаў закладзена іхняя пазыцыя: яны застаюцца тут і цяпер, з сваёй музыкай і мовай. Рук не апускаюць, у чужую краіну не зьяжджаюць ды працягваюць ствараць новыя песьні, хутчэй насуперак, чым дзякуючы абставінам.



Паслухаць і спампаваць альбом можна тут

22. Сынгл гурту HandmadE «Бег па канатах»


Менскі гурт HandmadE, які выдаў свой першы альбом у 2012-м годзе, распачаў працу над новай кружэлкай. Першы запісаны трэк называецца «Бег па канатах». Адзін з рэчытатыўных куплетаў у песьні зачытаў знакаміты беларускі тайбаксёр Віталь Гуркоў.

Тэкст напісаў паэт Глеб Лабадзенка. Зь «Бегам па канатах» гурт плянуе заявіцца на адбор для «Эўрабачаньня».

Паслухаць і спампаваць песьню можна тут
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG