Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раптоўную адмову ўраду Ўкраіны ад эўраінтэграцыі і паварот да Мытнага саюза камэнтуюць беларускія палітыкі.

Калякін: «Гэта рашэньне не азначае спыненьня ўзаемадзеяньня Ўкраіны і Эўразьвязу»


Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін кажа, што для яго гэта было чаканае рашэньне:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Я думаю, што там ідзе ўзважваньне выгод, плюсаў і мінусаў, якія могуць быць атрыманыя. Відаць, украінцы палічылі, што на дадзены момант для іх не зусім правільна будзе падпісваць дакумэнт аб асацыяцыі з Эўразьвязам. За гэтым рашэньнем, хутчэй за ўсё, стаяць эканамічныя матывы. Залежныя ад Расеі яны былі рэальна. Ну што ім, газ і нафту Брусэль будзе даваць? Не, канечне. Плюс ўжо агучаныя пытаньні аб магчымым закрыцьці расейскіх рынкаў для ўкраінскіх тавараў. Але, на маю думку, гэта рашэньне не азначае спыненьня ўзаемадзеяньня Ўкраіны і Эўрапейскага Зьвязу па пытаньні аб асацыяцыі, але на дадзеным этапе ўкраінскае кіраўніцтва палічыла немэтазгодным гэта рабіць менавіта сёньня».

Лябедзька: «Януковіцкі хрыбет аказаўся храшчыкам»


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоль Лябедзька перакананы, што ўлады Ўкраіны зрабілі стратэгічную памылку, якая павядзе іх беларускім аўтарытарным ізаляцыянісцкім шляхам:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Януковіцкі хрыбет на самой справе аказаўся храшчыкам: на яго „падсеў“ Пуцін, і ён прагнуўся. Канечне, выбар, які зараз робіць Украіна — няпросты. З улікам спэцыфікі расейскага фактару ён наагул робіцца вельмі складаным. У гэтай сытуацыі Януковіч і ягоны ўрад падлічылі на калькулятары, што сядзець і нікуды не ісьці — гэта для іх больш камфортна і выгадна, чым рухацца.

Дзеля таго, каб захаваць уладу яшчэ на адну кадэнцыю, мажліва, Януковіч робіць правільна. Калі зыходзіць стратэгічна з інтарэсаў Украіны і ўсёй постсавецкая прасторы, то, канечне, гэта вялікая памылка. Я думаю, што ўсё ж такі ставіць кропку тут яшчэ рана. Будзем чакаць напружаньня ўнутры Ўкраіны, там будзе палярызацыя настрояў, праэўрапейскіх і прарасейскіх. І ўсё пераносіцца на наступны год, на прэзыдэнцкую кампанію. Вось там будзе вызначацца лёс Украіны, куды яна будзе рухацца — на Захад ці на Ўсход».

Рымашэўскі: «Гэта перамога Расеі над Эўразьвязам»


Старшыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі перакананы, што народ Украіны будзе змагацца за сваю эўрапейскую будучыню:


Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Гэта чарговая перамога Расеі, расейскай аўтакратыі, расейскай зьнешняй палітыкі над палітыкай дэмакратычных краін, палітыкай Эўразьвязу. Для Беларусі і ўсяго ўсходнеэўрапейскага рэгіёну гэта, безумоўна, вельмі нэгатыўнае рашэньне. Гэта страчаны шанец на хуткія зьмены, на пераўтварэньні палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя найперш для Ўкраіны.
Але, безумоўна, калі б падпісаньне, ратыфікацыя пагадненьня з Эўразьвязам адбылася на саміце Ўсходнеэўрапейскага партнэрства ў Вільні, гэта быў бы вельмі істотны крок для ўсяго ўсходнеэўрапейскага рэгіёну. Гэта абсалютна зразумела, пра гэта казалі ўсе аналітыкі і заходнія палітыкі.

Таму гэта, па-першае, перамога Расеі над Эўразьвязам, перамога дыктатуры над дэмакратыяй, а па-другое, гэта згублены шанец для ўсяго ўсходнеэўрапейскага рэгіёну. Я перакананы, што і ўкраінская апазыцыя, дэмакратычныя сілы Ўкраіны будуць змагацца за эўрапейскі выбар, за дэмакратычны выбар Украіны. Але, безумоўна, шкада, што так адбылося».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG