Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: прыхільнікі эўраінтэграцыі выходзяць на майданы


У Кіеве і Львове, а таксама ў іншых месцах Украіны людзі выйшлі пратэставаць супраць рашэньня ўрада аб прыпыненьні эўраінтэграцыі і павароце ў бок Мытнага саюза.

Украінская апазыцыя абвінаваціла ў здрадзе прэзыдэнта Віктара Януковіча, прэм’ера Мікалая Азарава, сябраў Кабінэту міністраў, а таксама кіроўную Партыю рэгіёнаў і патрабуе адстаўкі ўрада.

Гэтак лідэры ўкраінскай апазыцыі Арсень Яцанюк, Віталь Клічко і Алег Цягнібок адрэагавалі на рашэньне ўраду прыпыніць падрыхтоўку да падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам. Разам з тым прадстаўнік Эўрапарлямэнту Аляксандр Квасьнеўскі заявіў, што гэтае рашэньне ўкраінскага ўрада ўзьнікла ў згодзе з Расеяй.

Каля тысячы чалавек учора позна ўвечары выйшлі на кіеўскі Майдан незалежнасьці на стыхійную акцыя пратэсту супраць згортваньня курсу на эўраінтэграцыю. Акцыя доўжылася да трэцяй ночы. На майдан выйшла ў асноўным студэнцкая моладзь, а таксама грамадзкія актывісты, апазыцыйныя палітыкі. Удзельнікі акцыі адзначалі неабходнасьць прымусіць ўкраінскую ўладу не зрываць падпісаньне пагадненьня Асацыяцыі з Эўразьвязам.

Пасьля заклікаў у сацыяльных сетках а 23-й гадзіны ночы на Майдане была ўжо тысяча чалавек, у тым ліку апазыцыйныя палітыкі, у прыватнасьці віцэ-сьпікер парлямэнта Руслан Кашулінскі.

«Акцыя стыхійная. Падзеі, якія адбываюцца цяпер у дзяржаве, падахвочваюць людзей выйсьці на пратэст. Як сытуацыя будзе разьвівацца? Спадзяёмся, што яна будзе разьвівацца»,— сказаў Кашулінскі.

«Думаю, цяпер той момант, калі людзі адчулі, што палітыкі іх здрадзілі. І гаворка цяпер не пра палітыку, а пра будучыню краіны. Таму што ў нас скралі не шапку, у нас скралі будучыню»,— пракамэнтаваў сытуацыю былы палітвязень Юрый Луцэнка.

Частка пратэстоўцаў хацела пайсьці да рэзыдэнцыі прэзыдэнта Януковіча, але спэцназ іх не пусьціў.



У Львове каля ста чалавек, пераважна студэнтаў львоўскіх ВНУ, сабраліся вечарам 21 лістапада на пляц каля помніка Тараса Шаўчэнкі ў цэнтры горада. Цягам ночы яны пратэставалі супраць дзеяньняў урада, які спыніў працэс падрыхтоўкі да падпісаньня пагадненьня з Эўразьвязам.
XS
SM
MD
LG