Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭБРР: Беларусь мае падставы для пераходу да дэмакратыі


Эўрапейскі Банк рэканструкцыі і разьвіцьця апублікаваў чарговую справаздачу аб трансфармацыі краінаў зь пераходнай эканомікай у рэгіёне Эўропы і яе бліжэйшага навакольля за 2013 год. У справаздачы даецца ацэнка цяперашняга стану беларускай эканомікі.

У справаздачы ЭБРР нагадваецца, што ў пачатку 1990-х гадоў Беларусь ацэньвалася як дэмакратычная або часткова дэмакратычная краіна. Аднак перамены, якія пачаліся ў 1994 годзе, спынілі шлях краіны да дэмакратыі. Цяпер Беларусь зьяўляецца краінай, якая выбрала цалкам кантраляваную дзяржавай мадэль разьвіцьця. Адносна ж дэмакратыі назіраецца рэгрэс у параўнаньні з пачаткам 90-х гадоў.

Аднак, на думку экспэртаў ЭБРР, сёньня краіна мае шэраг ключавых фактараў для пераходу да дэмакратыі. Насельніцтва мае высокі ўзровень адукацыі, валавы ўнутраны прадукт складае 10 тысяч даляраў на душу насельніцтва, пакупніцкая здольнасьць людзей зьяўляецца адной з самых высокіх у рэгіёне Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі, разам з суседнімі краінамі Балтыі Беларусь мае самую вялікую сярэднюю клясу (якая вызначаецца паводле ўзроўню адукацыі і прыбытку) сярод былых краінаў савецкага блёку, дзяржава мае параўнальна высокі адміністрацыйны патэнцыял, а ўздоўж заходняй і паўночнай межаў Беларусі разьмешчаныя некалькі дэмакратычных краінаў-суседзяў.

Улічваючы гэтыя фактары, экспэрты ЭБРР робяць выснову, што Беларусь назапасіла патэнцыял для прагрэсу ў галіне дэмакратыі пасьля больш чым 20-гадовага пераходнага пэрыяду.

Сярод фактараў, якія стрымліваюць гэты пераход, у справаздачы ЭБРР называецца сыравінная залежнасьць Беларусі ад Расеі, у той час, як краіна мае і свае прыродныя рэсурсы ў выглядзе калійных угнаеньняў і дрэва. Выгада ад заніжаных коштаў на расейскія энэрганосьбіты разьмяркоўваецца ўрадам сярод насельніцтва, што гасіць попыт на палітычныя зьмены.

Сярод іншых прычынаў адсутнасьці дэмакратычных зьменаў у справаздачы ЭБРР называецца грамадзкая дамова ўраду з насельніцтвам (стабільнасьць, парадак, адносна малая розьніца ва ўзроўні даходаў) і кантроль за СМІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG