Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: Гэта пэрспэктыва аднаўленьня Бэрлінскага муру


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч камэнтуе рашэньне ўраду Ўкраіны прыпыніць падрыхтоўку да падпісаньня дамовы пра асацыяцыю з Эўразьвязам.

«Гэта вельмі сумная навіна. Для Беларусі гэта таксама будзе мець моцныя нэгатыўныя наступствы. Гэта вельмі моцна падсілкуе імпэрскія амбіцыі Крамля. Значна больш сілаў будзе ўкладацца ў тое, каб надаць рэальную моц ня толькі Мытнаму зьвязу, але і Эўразійскаму, які заплянаваны на 2015 год», — заявіў Янукевіч у інтэрвію Радыё Свабода.

«Я думаю, што гэта будзе азначаць пэўную пэрспэктыву аднаўленьня Бэрлінскага муру ў межах былога Савецкага Саюзу. Калі гэта адбудзецца, Беларусь, як і Ўкраіна, апынецца аддзеленай ад сваіх эўрапейскіх суседзяў і будзе яшчэ больш залежная ад Крамля».

Янукевіч перакананы: «Будзе насамрэч існаваць рэальная пагроза страты дзяржаўнага сувэрэнітэту як для Беларусі, так і для Ўкраіны».

Кабінэт міністраў Украіны 21 лістапада прыняў рашэньне прыпыніць падрыхтоўку да падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам.Такое распараджэньне апублікаванае на афіцыйным сайце ўкраінскага ўраду.
XS
SM
MD
LG