Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарапаў: Ад майго імя Освальда маглі «абслужыць» гэбісты


Васіль Шарапаў

Васіль Шарапаў

Менскі пэрыяд жыцьця Лі Харві Освальда — меркаванага забойцы прэзыдэнта Джона Фіцджэральда Кенэдзі — дагэтуль расфарбаваны выключна «белымі плямамі».

Пад каўпаком спэцслужбаў ён і празь 50 гадоў пасьля самага загадкавага забойства ХХ стагодзьдзя: дазаваная інфармацыя, якая выйшла вонкі напачатку 1990-х, зноў узятая пад замок.

Напачатку 1961 году падборам жытла для залётнага амэрыканца, які вырашыў з галавой акунуцца ў савецкія рэаліі, займаўся тагачасны старшыня Менскага гарвыканкаму Васіль Шарапаў. 97-гадовы вэтэран вайны і працы дагэтуль памятае, як атрымаў адпаведнае распараджэньне ад вышэйшых органаў: усё забясьпечыць у найлепшым выглядзе. Але пры гэтым пераконвае, што асабістага кантакту з Освальдам ня меў. Нават нягледзячы на дакумэнтальныя сьведчаньні самога амэрыканца, які ў сваіх дзёньніках піша: «Быў на прыёме ў таварыша Шарапава». Праўда, Васіль Іванавіч не выключае, што для Лі Харві быў разыграны спэктакль: пад выглядам Шарапава яго «абслужылі» камітэтчыкі:

«Прызнаюся шчыра: Освальда я ня бачыў. Тут магло ўсё як быць?.. Мне затэлефанавалі з ЦК КПСС, гаварыў намесьнік загадчыка аддзелу. Маўляў, ёсьць такі чалавек, яму ў Менску мусіць быць узычаная кватэра, адпаведнае рашэньне ЦК падпісанае. І ўдакладніў: каб абавязкова падшукаць прыстойную кватэру. Ну, добра: трэба дык трэба. Я салдат ЦК, для мяне ЦК — гэта закон. І знайшлі кватэру: у добрым доме, пад шпілем, на беразе Сьвіслачы. То бок, сапраўды размова такая вялася, але асабіста Освальда я ня бачыў. Я не выключаю, што на другі дзень хтосьці з кадэбістаў апрануўся ў цывільную вопратку і прыняў яго пад маім імем, то бок, прадставіўся Шарапавым. Освальд што, правяраць дакумэнты будзе? Ды яшчэ па-руску амаль не гаворыць. А гэтым людзям трэба было здабыць любую інфармацыю, таму хлопцы заўсёды вакол яго круціліся. Можа, па тэлефоне Освальд са мной і гаварыў, дамаўляўся, можа, нейкую інфармацыю яму і даў. Але зараз ужо не прыгадаю, бо кожны дзень прымаў дзясяткі чалавек».

Васіль Шарапаў згадвае, як некалькі гадоў таму сустракаўся з Аляксандрам Лукашуком, аўтарам кнігі «Сьлед матылька», прысьвечанай менскаму пэрыяду жыцьця Лі Харві Освальда. Жартам кажа, што ў «сувязях з Освальдам» прызнаўся толькі «пад прымусам»:

«Калі быў ваш карэспандэнт, са Свабоды, мы зь ім таксама сустракаліся. Калі не памыляюся, ён запрасіў у гатэль дзесьці ў Фрунзенскім раёне, мы там гаварылі. Хоць зараз магу і памыліцца. І я яму расказваю: я Освальда ня бачыў! Але ён наступаў, наступаў і я ўрэшце кажу: ну, калі вам так моцна хочацца, каб я бачыў Освальда, дык напішыце, што Шарапаў Освальда бачыў. Але, калі па шчырасьці, то абсалютна ня памятаю, каб было такое».
Васіль Шарапаў

Васіль Шарапаў


У грунтоўным дасьледаваньні «Гісторыя Освальда» амэрыканскага пісьменьніка Нормана Мэйлера ў пераліку падзякаў больш чым сотні асобам, якія дапамаглі ў стварэньні кнігі, згадваецца Тамара Санкоўская. На стыку 1950-60-х гадоў яна працавала ў аптэцы 3 клінічнага шпіталя Менску разам з Марынай Прусаковай, жонкай Освальда. Напярэдадні трагічнай даты забойства прэзыдэнта Кэнэдзі я паспрабаваў дазваніцца да Тамары Аляксандраўны, якая раней дзялілася сваімі думкамі адносна магчымай ролі Аліка, як яны на працы называлі Лі Харві, у гэтай трагічнай гісторыі. Аднак сваякі сказалі, што наўрад ці змогуць чым дапамагчы. На пытаньне: «Нешта здарылася?» — адказалі коратка: «Так». Захаваўся запіс нашай апошняй размовы, у якім спадарыня Тамара наракала, што людзі ў цывільным умешваліся ва ўсе справы, якія тычыліся амэрыканца і яго маладой жонкі. Асабліва пасьля іх ад’езду ў ЗША:

«„Няўжо вы не маглі адгаварыць яе?“, — абураліся яны. Маўляў, не прынялі ўдзел, не паўплывалі, не адгаварылі. То бок, наўпрост нам у папрок ставілі. А потым, калі мы атрымалі ад яе ліст (дарэчы, гэта быў адзіны ліст, там яшчэ быў і фотаздымак), дык усё гэта ў аптэцы кудысьці зьнікла. Было, відаць, камусьці дадзенае заданьне зьнішчыць: нашай нябожчыцы-загадчыцы ці яшчэ каму, ня ведаю. Так і страціўся той ліст. А пісала яна ў ім абсалютна звычайныя рэчы: хутка сьвяты, я ў думках з вамі і г.д. Вельмі цёплы, добры ліст. Канечне, гэта яны яго забралі. Камусьці даручылі, і ўсё гэта таемным чынам некуды зьнікла. І ніхто ня ведае, дзе яно цяпер і што. Дарэчы, хоць нашы органы таксама прызнавалі, што Освальд датычны да забойства, мы тут у адзін голас сьцьвярджалі: не, гэта абсалютна не падобна на Аліка. Мы ніяк і ніводнай хвіліны не сумняваліся, што ён — проста падсадная качка. Найперш, сыграла тое, што быў у СССР, таму і спыніліся на ягонай кандыдатуры. Па маладосьці, напэўна, дастаткова лёгка было яго аблытаць. Магчыма, каб ён быў хоць на пару гадоў старэйшы, то такога не зрабіў бы».

Лі Харві Освальд з Марынай Прусаковай, Менск, пачатак 1960-х

Лі Харві Освальд з Марынай Прусаковай, Менск, пачатак 1960-х

Пасьля ад’езду за акіян у 1962 годзе Марына Прусакова ўпершыню вярнулася ў Беларусь толькі праз 40 гадоў, калі ёй было пад 60. У 2001-м разам з старэйшай дачкой Джун, народжанай у Менску ў шлюбе з Освальдам, прыехала фактычна разьвітацца зь любімай цёткай Валянцінай, якой быў пастаўлены анкалягічны дыягназ. Валянціна Прусакова памерла на наступны год, а незадоўга да гэтага падчас сустрэчы дзялілася яшчэ сьвежымі ўспамінамі ад прыезду сваячак:

«Марына затэлефанавала з Амэрыкі, а я якраз у такім стане — проста ў шоку. Яна, як даведалася, дык вельмі, канечне, расстроілася. Кажа: „Цёця Валя, я вам празь нейкі час зноў пазваню“. І вось тэлефануе: „Мы тут, маўляў, вырашылі за сямейным сталом, што я павінна прыехаць вам дапамагчы“. І прыехала, разам з Джун. Я ўжо месяц хварэла. Мая пляменьніца дапамагала, пераварочвала з боку на бок, а ў мяне тэмпэратура, усю трасе. Вельмі цяжка было, бо гэта такая жахлівая атрута, хімія. І я ляжала ў той час проста пластом, нікуды не выходзіла і так вось сядзець не змагла б. У мяне ўжо было тое страшнае захворваньне. Ляжала на канапцы, у мяне быў тэлевізар — хапала. А Марына з Джун прыехалі як? Думалі, што я ўжо паміраю. Пампэрсы прывезьлі, пальчаткі — відаць, баяліся заразы. Хоць рак сам па сабе не заразны».

Як расказвала Валянціна Гур’еўна, пляменьніца была ўражаная, што ад моманту ад’езду зь Менску тут мала што зьмянілася. Асабліва калі давялося пахадзіць па кабінэтах чыноўнікаў:

«Ад’яжджаць жа трэба, бо яна тут была як турыстка. Але сутыкнулася з рэаліямі, калі яшчэ трэба было адкрываць візу. Хоць мне лекар і даў даведку, што я цяжка хворая і яна мае права прыехаць, але была б доўгая гісторыя. Як у нас робіцца, дык гэта жахліва. У выніку яна за нейкія вялікія грошы зрабіла візу і прыехала сюды. А ўжо празь месяц зноў трэба працягваць, плаціць. Як мы палічылі, месяц пражываньня ёй дадаткова выліўся ў 60 даляраў. Амаль як мая пэнсія (2001 год — РС). Але яна сказала: „Цёця Валя, я яшчэ магу месяц пабыць з Вамі“. Пайшла, а там як пачалося: што ды чаму, вы турыстам прыехалі, якое маеце права і г. д. Праз тры дні зноў прыйшла, трапіла на тую самую жанчыну, і яе зноў туды-сюды ганялі. Абуралася, што сваволя поўная: прыйду, кажа, а яны: то не сюды, то ня тое напісалі. Чаго ўжо хочуць? Папрасіла асадку, дык няма. Пайшла, пяць штук купіла, на стол паклала. Можа, на што намякалі? Але яна якраз была ня вельмі багатая, бязь лішніх даляраў, бо нават каб сюды прыехаць, сям’я вымушаная была там прадаць карову».

У Марыны Прусаковай пасьля сьмерці блізкіх сваякоў ужо не засталося каго наведваць у Менску. Праўда, амаль 10 гадоў таму, у 2004-м, па дарозе ў Санкт-Пецярбург яна яшчэ раз праехала беларускую сталіцу транзытам.
XS
SM
MD
LG