Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна непалоханых курцоў


Штогод у трэці чацьвер лістапада адзначаецца Ўсясьветны дзень адмовы ад паленьня. У Беларусі паліць прыкладна 47% мужчын і 17% жанчын.

Мэдыкі б’юць трывогу: паленьне правакуе ня толькі рак лёгкага, а ўсяго 12 розных формаў раку. Чым небясьпечнае паленьне і чаму ў Беларусі дагэтуль няма антытытунёвага закону?

30% усіх злаякасных новаўтварэньняў зьвязаныя са спажываньнем тытуню. У Беларусі прыкладна на 1 тысячу штогод павялічваецца колькасьць анкалягічных хворых, як паведаміў намесьнік дырэктара па хірургіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі Віктар Кахнюк:

«Даўно вядома, што тры анкалягічныя формы, пры якіх спажываньне тытуню зьяўляецца асноўным фактарам рызыкі, — гэта рак лёгкага, рак гартані і рак сьлізістай абалонкі ротавай поласьці. Тытунь правакуе і рак стрававода, рак страўніка, рак мачавога пухіра, рак нырак. Што да раку лёгкага, паляць 60%. Калі ў год у нас выяўляецца прыкладна 600 чалавек з ракам гартані, зь іх 97% — практычна ўсе — паляць ».

Загадчык аддзелу рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі Аляксандар Жукавец прывёў такую статыстыку:

«Цягам аднаго году з прычынаў, зьвязаных з паленьнем (прыкладна на 90% менавіта яно зьяўляецца разьвіцьцём раку гэтых органаў) захварэла 5,5 тысяч чалавек — такі раённы цэнтар. У гэты ж год памерла 3,5 тысячы ад раку лёгкага, гартані і сьлізістай абалонкі ротавай поласьці. Суадносіны захварэлых і памерлых ад раку лёгкага — 0,71».
Цягам аднаго году з прычынаў, зьвязаных з паленьнем захварэла 5,5 тысяч чалавек — такі раённы цэнтар

Ва ўсім сьвеце зараз уводзяцца сур’ёзныя захады па барацьбе з паленьнем. З 15 лістапада Расея ўвяла жорсткія абмежаваньні: забаронена паліць ва ўсіх грамадзкіх месцах і нават на прыпынках транспарту. У Беларусі заканадаўча вызначаныя зоны, свабодныя ад паленьня: установы аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, паркі. Не адзін год вядуцца размовы аб забароне паленьня ў рэстарацыях і кавярнях, аб зьняцьці цыгарэт зь вітрынаў, істотным павышэньні коштаў на тытунь, як гэта ўжо зрабілі краіны Эўразьвязу. Але справа ў гэтым кірунку пакуль прасоўваецца марудна. Год таму на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды Ўсясьветнага дня адмовы ад паленьня загадчыца аддзелу грамадзкага здароўя Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Вольга Бартман паабяцала:

«Зьмены ў Закон будуць унесеныя. У якім годзе гэта адбудзецца — мне складана сказаць. Я ўсё ж такі спадзяюся на ня вельмі аддаленыя гады: на 2013—2014-ты».

Але ніякіх дакумэнтаў ад Міністэрства аховы здароўя ў парлямэнт пакуль не паступала — значыць шанцаў на разгляд законапраекту нават у наступным годзе няма, сьцьвярджае дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра пастаяннай камісіі па ахове здароўя Сьвятлана Шылава:

«Што да законапраекту аб паленьні, я Вам адказваю: яго ў Палаце прадстаўнікоў няма. Паколькі яго распрацоўвае Міністэрства аховы здароўя — зьвярніцеся туды. Я — за ўсялякія законы, накіраваныя на ўмацаваньне здароўя. А змагацца з паленьнем трэба, як усе гэта робяць ва ўсім сьвеце».

Праект антытытунёвага закона, які прадугледжвае забарону паленьня практычна ва ўсіх грамадзкіх месцах, зьмешчаны на сайце Міністэрства аховы здароўя. Калі ён паступіць у парлямэнт — высьветліць не ўдалося: Міністэрства аховы здароўя — самае закрытае ведамства для журналістаў (паводле апытаньня Беларускай асацыяцыі журналістаў).

Акрамя жахлівых выяваў на пачках цыгарэт і павольнага павышэньня цэн на тытунь, ніякіх сур’ёзных крокаў у барацьбе з паленьнем у Беларусі за апошнія 5 гадоў ня зроблена. Але ўсё адно цыгарэты каштуюць у Беларусі ў 3–5 разоў менш, чым у краінах Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG