Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна – гісторыя паўтараецца?


Рэакцыя апазыцыйнага дэпутата парлямэнту Ўкраіны на адмову ад эўраінтэграцыі

Рэакцыя апазыцыйнага дэпутата парлямэнту Ўкраіны на адмову ад эўраінтэграцыі

Працягне Ўкраіна інтэграцыю з Эўразьвязам або не – застаецца ўсё больш незразумелым.

Але сёньняшняе спыненьне руху на Захад выклікала ў аналітыкаў успамін пра іншы вырашальны момант у гісторыі Ўкраіны амаль 100 гадоў таму.

Вярхоўная Рада Ўкраіны 21 лістапада не прыняла закон, які б садзейнічаў вызваленьню з турмы былога прэм'ер-міністра Юліі Цімашэнкі, што было адной з ключавых умоў для інтэграцыі Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам.

Пасьля галасаваньня, якое практычна перакрэсьлівае ранейшыя намаганьні Кіева падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ на саміце Ўсходняга партнэрства на наступным тыдні ў Вільні, апазыцыйныя заканадаўцы азваліся воклічамі «Ганьба! Ганьба!»

Пасьля галасаваньня Эльмар Брок, старшыня Камітэту замежных справаў Эўрапарлямэнту, заявіў, што ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч або «не гатовы» падпісаць дамову з Эўразьвязам або «больш ня хоча» гэтага:

«Надзея памірае толькі ў апошні момант. На маю думку (хоць у мяне і няма ніякіх доказаў), але, на маю думку, прэзыдэнт Януковіч ня хоча падпісваць нічога з-за ціску з боку Расеі і расейскіх абяцаньняў».

Тым ня менш, дагэтуль незразумела, ці сёньняшняе галасаваньне сапраўды азначае канец шматгадовых крокаў Кіева ў кірунку інтэграцыі з ЭЗ. І нават калі гэта так, то пакуль ня ясна таксама, ці ў выніку Ўкраіна далучыцца да Мытнага зьвязу на чале з Расеяй, бо Масква ўжо даўно аказвала ціск, каб гэта здарылася.

Але ў любым выпадку, спыненьне руху на Захад былой савецкай рэспублікі выклікала ўспаміны пра кароткі пэрыяд незалежнасьці Ўкраіны ў 1918-21 гадах, калі Кіеў быў блізкі да таго, каб спыніць расейскае панаваньне, якое доўжылася некалькі стагодзьдзяў.

На заключным этапе Першай сусьветнай вайны расейская імпэрыя развалілася. Ад яе аддзяліліся краіны Балтыі, Польшча, Фінляндыя, Беларусь і Ўкраіна.

Для Польшчы і Фінляндыі гэта былі вытокі іх сучаснай незалежнасьці.

Але для Ўкраіны гэта было пачаткам адчайнай і няўдалай спробы першы раз зацьвердзіцца ў якасьці сувэрэннай сучаснай дзяржавы. І гэта рабілася ў няпростых умовах сусьветнай і грамадзянскай войнаў.

Гісторыя фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці Ўкраіны ўзыходзіць у часы задоўга да Першай сусьветнай вайны. Гэты працэс набраў абароты на працягу ўсяго ХІХ стагодзьдзя, кажа Астап Серада, запрошаны прафэсар у Цэнтральна-Эўрапейскім унівэрсытэце ў Будапэшце. Ён апісвае яго як трыкутнік геапалітычных і нацыянальных інтарэсаў:

«Былі два паралельныя працэсы, якія адбываліся ва Ўкраіне: аддзяленьне ад расейскай культурнай прасторы і аддзяленьне ад польскай культурнай прасторы. Абодва працэсы адбываліся ў кантэксьце польска-расейскага суперніцтва за кантроль над тэрыторыямі, якія належалі да Рэчы Паспалітай, а затым былі ўключаныя ў склад Расейскай імпэрыі або Аўстра-Вугорскай імпэрыі. Такім чынам, трэба браць пад увагу гэты трохкутнік... Зрэшты магчыма, што гэта была і больш складаная фігура, чым трыкутнік».

Нацыянальная ідэнтычнасьць Расеі таксама зьявілася ў ХІХ стагодзьдзі і была сканцэнтраваная на ідэі славянска-праваслаўнага адзінства, неад'емнай часткай якога была Ўкраіна.

Клаўс Рыхтэр, гісторык унівэрсытэту Бірмінгему:

«Для Расеі адпусьціць Украіну было нашмат больш складана, чым адпусьціць краіны Балтыі, хоць гэтыя краіны таксама былі важныя, паколькі яны мелі парты Балтыйскага мора і былі вельмі важныя эканамічна. Але Ўкраіна была для расейскага нацыяналізму тым, што павінна быць часткай любой расейскай дзяржавы».

Кожны чуе адгалоскі гэтага сьветапогляду сёньня. Пракрамлёўскі расейскі ідэоляг і былы дэпутат Дзярждумы Сяргей Маркаў напісаў у «The Moscow Times» у гэтым месяцы, што тыя, хто штурхае Кіеў да падпісаньня пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, «спадзяюцца сарваць любы шанец на ўкраінска-расейскае адзінства як сродак прадухіліць аднаўленьне Расеяй статусу ад звышдзяржавы».

9 лютага 1918 году ў беларускім горадзе Брэст-Літоўску дэлегацыя маладой Украінскай Народнай Рэспублікі сустрэлася з прадстаўнікамі Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны, каб падпісаць дамову аб заканчэньні ваенных дзеяньняў у межах Першай сусьветнай вайны.

Міністар замежных спраў Нямеччыны Рычард Кульман адкрыў пасяджэньне, усхваляючы Ўкраіну, «маладую і пэрспэктыўную дзяржаву, што вырасла з буры вайны». Кіраўнік дэлегацыі Ўкраіны, Аляксандар Сяўрук, заявіў, што пагадненьне дазволіць яго краіне «ўзьняцца да новага жыцьця... і ў якасьці незалежнай дзяржавы ўступаць у міжнародныя адносіны».

Падпісаньне самога дагавору было чымсьці накшталт трыюмфу для Ўкраіны. Савецкая Расея старалася дыскрэдытаваць украінскую дэлегацыю, сьцьвярджаючы, што Расея прадстаўляе ўвесь рэгіён. Калі празь некалькі тыдняў Нямеччына падпісала дамову з Савецкай Расіяй, Масква вымушаная была прызнаць незалежнасьць Украіны.

У рэтраспэктыве, аднак, падпісаньне дамовы стала пачаткам канца нядоўгага існаваньня незалежнай ўкраінскай дзяржавы. Нават пасьля таго, як яна яго падпісала, прабальшавіцкія сілы былі каля Кіева. Страціўшы надзею, Украіна хутка падпісала дадатковае пагадненьне, паводле якога Нямеччына пагадзіліся даць вайсковую дапамогу ў абмен на ўкраінскае збожжа.

Гэтае пагадненьне аказалася пагібельным для Ўкраіны, калі Нямеччына і яе саюзьнікі ў лістападзе 1918 году пацярпелі паразу ў вайне, а прадстаўнікі краін-пераможцаў блёку Антанта сабраліся ў прыгарадзе Парыжу, каб дамовіцца аб пасьляваенным упарадкаваньні сьвету. Гісторык Рыхтэр кажа:

«Украіна мела вельмі мала падтрымкі з-за мяжы, бо ўкраінская незалежнасьць была часткай дамовы ў Брэст-Літоўску, якая прадугледжвала існаваньне незалежнай ўкраінскай дзяржавы і, пасьля перамір'я лістапада, у пэўным сэнсе ўспрымалася Антантай як свайго роду супрацоўніцтва зь немцамі».

Ён дадае, што ва ўмовах ваенных дзеяньняў і блякаваньня партоў украінскі ўрад быў ня ў стане паслаць дэлегацыю ў Вэрсаль, каб дамовіцца аб самавызначэньні з прэзыдэнтам ЗША Вудра Вільсанам і іншымі лідэрамі Антанты.

Лёс незалежнай Украіны быў перадвызначаны ў сакавіку 1921 году, калі Польшча і Савецкая Расея падпісалі Дамову ў Рызе, якая закончыла савецка-польскую вайну. Дамова падзяліла Ўкраіну паміж дзьвюма краінамі.

Рыхтэр кажа, што многія незалежна настроеныя ўкраінцы адчулі сябе падманутымі Захадам і, асабліва, суседняй Польшчай:

«Украіна ў польска-савецкай вайне ваявала на польскім баку, і тады існавала ідэя, што ў выніку любога польска-савецкага пасьляваеннага ўрэгуляваньня Ўкраіна ператворыцца ў незалежную дзяржаву. Але гэта было ня так. У Рыскай мірнай дамове, падпісанай у пачатку 1921 году, Украіна не атрымала дзяржаўнасьці, але была падзеленая паміж Польшчай і СССР. Такім чынам, засталося пачуцьцё, што Ўкраіну значна больш падманула Польшча, чым Антанта».

Да 1922 году ўсходняя Ўкраіна была ўключана ў нядаўна сфармаваны Савецкі Саюз, і яе памкненьні да незалежнасьці падвяргаліся рэпрэсіям у наступныя дзесяцігодзьдзі. Як сказаў савецкі дыктатар Іосіф Сталін, Украіна была «слабым зьвяном савецкай улады».

Амаль стагодзьдзе пасьля гэтага Ўкраіна зноў знаходзіцца паміж Расеяй, якая адраджаецца, і Польшчай, якая была каля вытокаў ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».

На працягу тыдня Кіеў павінен вырашыць, ці падпісваць Пагадненьне аб асацыяцыі з доўгімі перамовамі на саміце «Ўсходняга партнэрства” ў Вільні ў канцы гэтага месяца або зьвярнуцца да праекту Эўразійскага саюзу з Расеяй.

Або, можа быць, Украіна адкладзе сваю дамову з ЭЗ на год ці на даўжэйшы час. Наступны саміт «Усходняга партнэрства» адбудзецца ў Рызе ў 2015 годзе.
XS
SM
MD
LG