Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзія Аўтуховіч: Боль, хваляваньні, непакой сына – усё перажываю разам зь ім


Лідзія Аўтуховіч
Лідзія Аўтуховіч

Маці палітвязьня Мікалая Аўтуховіча Лідзія Аўтуховіч ужо больш за тыдзень праходзіць мэдычнае абследаваньне ў менскім Доме міласэрднасьці, што на праспэкце Скарыны. Лідзію Юльянаўну наведаў наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч.

Спачатку Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч катэгарычна адмаўлялася казаць нешта на дыктафон. Яе аргумэнт быў такі: «Колькі ні даеш інтэрвію, яму (меўся на ўвазе сын Мікалай) лепш не становіцца». Быццам бы так: калёнію замянілі на турму, ніякіх паслабленьяў, пра датэрміновае вызваленьне і гаворкі няма. Але ўрэшце Лідзія Юльянаўна пагадзілася і з маім аргумэнтам: што ўвага мэдыяў на палітвязьня дапамагае яму маральна і ў нечым, магчыма, бароніць ад свавольстваў ахоўнікаў. Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч гэта падтрымала:

— Так, гэта вельмі вялікая падтрымка, калі яго падтрымліваюць людзі. Для яго гэта вельмі важна, што і лісты пішуць, дасылаюць яму газэты, кнігі, каб было чым там заняцца. Летась на ягоны дзень народзінаў, калі споўнілася 50, яму гэтак шмат лістоў прыйшло! Яму гэта вельмі радасна. Магчыма, нікому столькі не пішуць, як яму. Яго вельмі паважаюць, бо ён сапраўдны чалавек. Быў бы якім забойцам, да яго былі б зусім іншыя адносіны. А ён пакутуе ні за што, проста ні за што. Але нічога, мы ж ўсе пад богам ходзім.

— Што зьмянілася ў меркаваньні людзей пра яго пасьля суду?

— За ўсіх не скажу, бо не будзеш усіх распытваць, што ты думаеш пра Мікалая. Але шмат тых, хто яго ведаў, па-ранейшаму лічаць яго вельмі добрым чалавекам і выказваюць нам падтрымку. Але яшчэ больш людзей, ўсе, каго я ведаю, абураюцца тым, што яго пасадзілі. І выказваюць яму спачуваньні, што ён там сядзіць ў тым падвале, дзе дрэнна топяць, дзе холад і вільгаць.

— Ведаюць пра гэта? А адкуль?

— Дзіва, але людзі ўсё ведаюць. Чытаюць газэты, інтэрнэт, слухаюць радыё. Людзі больш ведаюць пра яго за мяне, бо ў інтэрнэт я ж не гляджу. Але ведаеце, я ж атрымліваю ад яго лісты і адчуваю, як яму цяжка.


— Ды ён жа ўсё там ня піша...

— Канечне, пра ўсё ж хіба напішаш? Калі напішаш, дык не перададуць той ліст. Вось нават пра тое, што рэзаў сабе жывот, ён нічога не напісаў мне, ад іншых даведалася. Напісаў, што зь ім усё нармальна. Ніколі ня скардзіцца, нават калі яму вельмі дрэнна і вельмі цяжка, але я гэта сама адчуваю. Сэрца матчына ўсё адчувае, і я ўсё адчуваю і перажываю. Ягоны боль, хваляваньні, непакой — ўсё перажываю зь ім разам. Як яму лягчэй, дык і мне крыху сэрца адпусьціць. Але з большага, відаць, лёгка яму не бывае. Хіба там можа быць лёгка? Колькі гадоў ён просіць, каб зубы яму зрабілі, дык нават не зьвяртаюць увагі. То не маглі вывесьці на абсьледаваньне, то нібыта няма лекараў. Зараз было знайшліся, заставалася зрабіць аналізы, дык ўсё пасьля той падзеі спынілася.

— Якой падзеі, што жывот сабе рэзаў?

— Відаць, так. Атрымліваецца, што гэтак яго пакаралі. А зараз вунь зноў зіма прыходзіць, а як яму гэта вытрымаць, скажыце, калі ў памяшканьні зусім ня топяць?

Мікалая Аўтуховіча ўжо амаль два гады як перавялі з Івацэвіцкай калёніі ў Гарадзенскую турму нібыта як злоснага парушальніка рэжыму і трымаюць там ў адзіночцы, якая знаходзіцца ў падвале. Вядома, што там узімку холадна гэтак, што даводзіцца ўвесь час быць апранутым і нават не здымаць шапкі. А як там харчуецца вязень Аўтуховіч, пра якога было вядома, што ў івацэвіцкай калёніі яму дазвалялі гатаваць адмысловыя кашы, бо ён сапсаваў сабе страўнік ў выніку працяглай галадоўкі ў менскім СІЗА?

— Ну як харчуецца, якое можа быць у турме харчаваньне? Дрэннае. Было б добрае, дык не хварэў бы на страўнік. Якіх у яго хваробаў толькі няма, — гаворыць Лідзія Аўтуховіч.

Лідзія Аўтуховіч: «Галоўнае, каб быў жывы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:50 0:00

— Як ваша здароўе? Як вам тут, у Доме міласэрднасьці?

— Тут вельмі добра і людзі вельмі добрыя, лекары добрыя. Толькі ад іх увагі можна паздаравець. Я тут для абсьледаваньня, але і падлячылася нават маральна. Вось майму б сыну такіх лекараў і такое асяродзьдзе!

Лідзія Юльянаўна згадала, што сын Мікалай даўно, як яна кажа «прыйшоў да бога». У Аўганістане, паводле Лідзіі Юльянаў, божае заступніцтва дапамагло сыну выжыць пасьля раненьня:

— Каб ня верыў, пэўна, не вярнуўся б адтуль. Калі стаў прадпрымальнікам, Мікалай шмат дапамагаў царкве ў Ваўкавыску. Калі царкву новую будавалі, то шмат грошай даваў, — згадвае маці Аўтуховіча. — І людзям шмат дапамагаў. Хто да яго зьвернецца, ўсім дапамагаў. Бо хацеў, каб людзі жылі лепш, таму даваў грошы.

Ці працуе ў Ваўкавыску фірма таксі, якую заснаваў Мікалай Аўтуховіч і зь якой пачынаўся ягоны шматпрофільны бізнэс? Паводле Лідзіі Юльянаўны, ў сынавай фірмы забралі большасьць аўтамабіляў, засталося толькі некалькі таксі, якія па-ранейшаму працуюць у Ваўкавыску. Але хто зараз імі кіруе і ці застаўся нейкі бізнэс за сынам, Лідзія Аўтуховіч ня ведае.

Дом міласэрнасьці, дзе папраўляе здароўе Лідзія Аўтуховіч
Дом міласэрнасьці, дзе папраўляе здароўе Лідзія Аўтуховіч

Зноў вяртаемся ў размове да маральнага выбару, які паўстаў перад Мікалаем Аўтуховічам ў той момант, калі ў яго пачалі адбіраць бізнэс. Чаму не скарыўся, не адмовіўся ад змаганьня з дзяржаўнай машынай, як шмат хто яму раіў? Лідзія Юльянаўна нават не зусім разумее такога пытаньня:

— А чаму ён мусіў саступаць? Гэта ж ягоная справа, ён сваімі рукамі ўсё зарабіў. Прычым ён жа рабіў усё і дзеля людзей, каб яны маглі ў любы час дня і ночы выклікаць таксі, каб таксі было недарагім. І людзі сапраўды былі ягонымі паслугамі задаволеныя. Дык як ён мог мірыцца з тым, што ў яго ўсё пазабіралі? Дарам прывыклі браць, гэта лёгка. Але яны ж жывуць толькі гэтым, што могуць чалавека абабраць, забраць ўсё і яны задаволеныя гэтым застаюцца. А ён бедны, зараз пакутуе. Сваімі рукамі здабываў, сваімі рукамі ўсё рабіў. А яму ніхто не дапамагаў, дапамаглі толькі зьнішчыць яго.

Лідзіі Юльянаўне Аўтуховіч 74 гады. Сама яна мэдычны працаўнік і кажа, што сваё здароўе можа ацаніць аб’ектыўна:

— Спадзяюся, што сілаў сустрэць сына з турмы хопіць, а там бог дапаможа.

На волю Мікалай Аўтуховіч мусіць выйсьці 7 красавіка 2014 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG