Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Азэрбайджане


Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў, архіўнае фота

21 лістапада Аляксандар Лукашэнка завяршае свой двухдзённы афіцыйны візыт у Баку.

Там ён правёў перамовы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым, падпісаў шэраг двухбаковых пагадненьняў. Пакуль невядома, ці абмежаваўся візыт кіраўніка Беларусі толькі пратакольнымі падзеямі і ці вяртаецца Лукашэнка дамоў з такой неабходнай яму валютнай пазыкай.

Востры дэфіцыт валюты вымусіў кіраўніка Беларусі нечакана паляцець у Азэрбайджан. Прэзыдэнт Аліеў раней двойчы выручаў свайго калегу. «Магчыма, так будзе і цяпер. І тады мы пабачым гэта ў статыстыцы»,— кажа эканаміст Сяргей Чалы:

сяргей чалы
сяргей чалы
«Канешне, гэта будзе бачна. Не пазьней, чым празь месяц пасьля паступленьня грошай, яны трапяць у справаздачы Нацыянальнага банку Беларусі па разьдзелу „Золатавалютныя рэзэрвы“. Структура абавязацельстваў дзяржавы таксама зьменіцца.

Так было і раней, калі мы пазычалі грошы ў Азэрбайджана. Быў тэрміновы крэдыт падчас міні-газавай вайны з Расеяй. Тады трэба было аддаць Маскве 200 з гакам мільёнаў даляраў. Праўда, Расея была вінная нам яшчэ болей, і таму мы вельмі хутка закрылі свае абавязацельствы перад Азэрбайджанам. Падобная гісторыя была і з вэнэсуэльскай нафтай, калі бралі мільярд перад крызісам 2009 году».

«У Баку таксама многія кажуць, што Аляскандар Лукашэнка прыляцеў па тэрміновую пазыку, — сказаў сёньня праз тэлефон беларускай Свабодзе мясцовы незалежны журналіст Чынгіз Султансой. — Але ніхто не бярэцца сьцьвярджаць, што Аліеў абавязкова выручыць калегу. У нас вядома, што папярэднія пазыкі Менску ня вельмі спадабаліся Маскве»:

Чынгіз Султансой
Чынгіз Султансой
«Як мінімум два мільёны азэрбайджанцаў жывуць у Расеі. І абсалютная бальшыня зь іх — не мільярдэры, ня нават добра забясьпечаныя людзі, а абсалютна бяспраўныя мігранты. Вельмі часта без адпаведных дакумэнтаў. Іх абіраюць мясцовыя праваахоўныя органы.

Выцісканьне мігрантаў (што зараз вельмі распаўсюджана ў Расеі з-за росту нацыяналістычных настрояў) — гэта вельмі моцны рычаг ціску на Азэрбайджан. І наўрад ці прэзыдэнт Аліеў у такой сытуацыі захоча рызыкаваць тымі дачыненьнямі з Расеяй, якія ўжо склаліся. Няхай яны і ня вельмі добрыя, але яны дазваляюць Азэрбайджану праводзіць сваю палітыку».

Азэрбайджанскія мэдыі ў сувязі зь візытам кіраўніка Беларусі шмат пішуць пра праграму «Ўсходняе партнэрства», пра Віленскі саміт, які пачнецца праз тыдзень, — кажа Чынгіз Султансой:

«Думаю, што Азэрбайджан будзе прадстаўлены на найвышэйшым роўні. Хоць праблемы існуюць і ў нас. У Баку і Менску шмат падобнага. Але на Азэрбайджан Эўропа меней цісьне. Там улічваюць, што Азэрбайджан — важны эканамічны партнэр Эўразьвязу, важны пастаўшчык энэрганосьбітаў. І вельмі моцны ціск на яго можа абярнуцца вялікімі стратамі, у тым ліку і палітычнымі».

У Азэрбайджане зараз шэсьць агульнарэспубліканскіх тэлеканалаў. Адзін — дзяржаўны, адзін — грамадзкі і чатыры — прыватныя. Усе яны шырока асьвятляюць афіцыйныя візыты кіраўнікоў іншых краін. Не абмінулі ўвагай і прыезд Аляксандра Лукашэнкі. Напрыклад, шмат паказвалі, як Аліеў і Лукашэнка адкрывалі новы будынак беларускай амбасады, як разам садзілі аліўкавае дрэва.

Дарэчы, гэта ўжо чацьвёртае дрэва, якое беларускі лідэр садзіць пад прыцэлам тэлевізійных камэр цягам апошняга месяца. Спачатку гэта была елка Лукашэнкі і трох ягоных сыноў каля Палаца незалежнасьці ў Менску. Затым там жа зьявілася яшчэ адна елка, пасаджаная разам з прэзыдэнтам Эквадора Рафаэлем Дэльгада. 5 лістапада Лукашэнка пасадзіў дрэва ля манумэнту Канстытуцыі ў Ашгабадзе. І вось цяпер — пасадка ў Баку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG