Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» і «Маладыя хрысьціянскія дэмакраты» распачынаюць акцыю ў абарону жывёл.

Мэта акцыі — прыцягненьне ўвагі да праблемы катаваньня бяздомных жывёл. Арганізатары акцыі паведамляюць, што падставай для гэтага сталі шматлікія факты жорсткага абыходжаньня з жывёламі ў Менску і іншых гарадах.

Акцыя будзе праходзіць у выглядзе збору подпісаў падчас пікетаў, а таксама ў інтэрнэце, за прыняцьце закону ў абарону жывёл, у якім будзе заканадаўча зацьверджаная адміністрацыйная і крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі.

Як паведаміў адзін з арганізатараў акцыі, сустаршыня партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, партыя БХД і «Маладыя дэмакраты» — палітычныя арганізацыі, але таксама і хрысьціянскія. Мэта палітыка і хрысьціян — дамагацца прыняцьця законаў аб дэмакратычным разьвіцьці грамадзтва, законаў, якія абаранялі б правы і свабоды, права на жыцьцё чалавека, а таксама жывёл:

«Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» — хрысьціянская партыя і яна бароніць жыцьцё ў любых ягоных праявах".

Як паведамляюць арганізатары, ужо ў бліжэйшы аўторак адбудзецца паседжаньне ўсіх зацікаўленых арганізацый, якія могуць прыняць удзел у акцыі ў абарону жывёл.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG