Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым прэм’ерам Грузіі стаў 31-гадовы Іраклій Гарыбашвілі


 Іраклій Гарыбашвілі
Іраклій Гарыбашвілі

Пасьля шматгадзінных дэбатаў грузінскі парлямэнт зацьвердзіў новы склад ураду краіны.

Практычна ўсе міністры захавалі за сабой пасады, зьмяніўся толькі кіраўнік урада. Ім, як і прагназавалі, стаў пратэжэ мільярдэра Бідзіна Іванішвілі, былы кіраўнік МУС Грузіі Іраклій Гарыбашвілі.

Праз дзьве гадзіны пасьля зацьвярджэньня ў парлямэнце ўказ аб прызначэньні прэм’ера падпісаў новы прэзыдэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі.

Парлямэнт Грузіі, які складаецца з 150 дэпутатаў, аддаў у падтрымку новага прэм’ера 93 галасы. Супраць галасавалі 19 дэпутатаў, пераважна прадстаўнікі апазыцыйнай партыі экс-прэзыдэнта Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух».

Дэпутаты «Нацыянальнага руху» абвінавацілі новы ўрад у эканамічным заняпадзе і адпалохваньні замежных інвэстараў.

Іраклій Гарыбашвілі праблемы ў эканоміцы прызнаў, але заявіў, што новы кабінэт «лёгка зь імі справіцца».

Пры гэтым новы прэм’ер супакоіў сваіх палітычных апанэнтаў, запэўніўшы, што курс, абраны урадам Саакашвілі і арыентаваны на інтэграцыю ў Эўразьвяз і НАТО, застанецца нязьменным, таму што гэтага «хоча грузінскі народ».

Іраклію Гарыбашвілі 31 год. Цяпер ён стаў самым уплывовым палітыкам Грузіі, бо пасьля зьменаў у Канстытуцыі частка прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў перададзеная менавіта прэм’еру. У тым ліку — вызначэньне зьнешняй і ўнутранай палітыкі, якое цяпер знаходзіцца цалкам у кампэтэнцыі прэм’ер-міністра і парлямэнта.

Кандыдатуру Гарыбашвілі на пасаду прэм’ера падаў старшыня кіроўнай партыі «Грузінская мара» мільярдэр Бідзіна Іванішвілі. Сам ён ад гэтай пасады афіцыйна адмовіўся і вырашыў цалкам сысьці з палітыкі.

Ранейшую пасаду спадара Гарыбашвілі на пасадзе кіраўніка МУС заняў 28-гадовы Аляксандр Цыкаідзе — ён стаў самым маладым міністрам унутраных спраў за ўсю гісторыю Грузіі і самым маладым міністрам у цяперашнім ўрадзе, паведамляе ВВС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG