Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пракуратуры Беларусі не маюць інфармацыі пра экстрадыцыю Баўмгертнэра


У генпракуратуры Беларусі не пацьвярджаюць распаўсюджанае Генпракуратурай Расеі паведамленьне пра тое, што беларускі бок прыняў рашэньне пра экстрадыцыю дырэктара «Ўралкалію» Уладзіслава Баўмгертнэра.

«20 лістапада 2013 года па патрабаваньні Генэральнай пракуратуры Расейскай Фэдэрацыі Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь прыняла рашэньне аб выдачы ў Расею грамадзяніна РФ Уладзіслава Баўмгертнэра. У бліжэйшы час Баўмгертнэр будзе перададзены прадстаўнікам расейскіх праваахоўных органаў»,— адзначаецца ў паведамленьні Генпракуратуры Расеі.

Прэсавы сакратар Генэральнай пракуратуры Беларусі Пётр Кісялёў паведаміў карэспандэнту Свабоды:

«Да мяне яшчэ не даводзілі, таму я нічога вам не магу сказаць. Пакуль ніякай інфармацыі наша кіраўніцтва не даводзіла. Калі будзе, то пакажам. А тут я гэта ўжо не першы раз чую такія зьвесткі».

Адвакат Зьміцер Гарачка таксама не змог пацьвердзіць паведамленьне пра экстрадыцыю:

«Я нічога сказаць не магу. Калі гэта рашэньне генпракуратуры, нас зь ім не азнаёмілі. Мы ня ведаем. У мяне няма ніякай інфармацыі і мы не камэнтуем».
XS
SM
MD
LG