Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец, за злачынствы якога адседзелі беларусы, атрымаў пажыцьцёвае


Маскоўскі абласны суд прызнаў грамадзяніна Расеі Васіля Хілецкага вінаватым у згвалтаваньнях і некалькіх забойствах. Хілецкага асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне, паведаміў Сьледчы камітэт Расеі.

«Радыё Свабода» апавядала пра першы суд над Васілём Хілецкім 2 месяцы таму.

5 гадоў таму за забойства, якое ўчыніў Васіль Хілецкі ў Падмаскоўі, былі асуджаныя будаўнікі зь Беларусі Вячаслаў Бялевіч і Сяргей Хітрык. Аднак пасьля высьветлілася, што Бялевіч і Хітрык агаварылі сябе пад катаваньнямі. Адзін зь сьледчых, які выбіваў зь беларусаў прызнаньне, ужо затрыманы і чакае суду, другі ўцёк і абвешчаны ў вышук.

Вячаслава Бялевіча і Сяргея Хітрыка апраўдалі і вызвалілі.

На апошнім судовым працэсе над Васілём Хіліцкім сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці ягоных злачынстваў, якія пачаліся ў 2006 годзе.

Тады Хілецкі працаваў у адной будаўнічай брыгадзе з жыхарамі Баранавічаў Вячаславам Бялевічам і Сяргеем Хітрыкам у падмаскоўным Дамадзедаве. Нападпітку Хілецкі згвалціў і забіў мясцовую жыхарку, а таксама ледзь не забіў яе сябра, таксама жыхара Дамадзедава.

Каб адвесьці ад сябе падазрэньні, Хілецкі абвінаваціў у злачынстве Бялевіча і Хітрыка, зь якімі на той момант пасварыўся.

«Мужыкі, выклікайце мянтоў! Там беларусы гвалцяць і забіваюць людзей, сам бачыў два трупы, муж і жонка», — з такімі словамі Васіль Хілецкі прыбег да прахадной будаўнічага заводу, які знаходзіўся побач зь месцам злачынства.
Мужыкі, выклікайце мянтоў! Там беларусы гвалцяць і забіваюць людзей, сам бачыў два трупы, муж і жонка

Расейскія міліцыянты на наступны дзень затрымалі беларускіх будаўнікоў, а на месцы злачынства знайшлі прэзэрватыў зь сьлядамі біялягічнага рэчыва. Аднак сьледчых гэты доказ чамусьці не зацікавіў. Затрыманых беларусаў некалькі дзён запар білі, а калі атрымалі ад іх прызнаньне ў згвалтаваньні і забойстве, накіравалі справу ў суд. Бялевіч і Хітрык атрымалі па 15 гадоў турмы.

Судовая памылка выявілася толькі пасьля новага злачынства Васіля Хілецкага. У 2009 годзе ў падмаскоўным Падольску разам з двума саўдзельнікамі з Малдовы Хілецкі згвалціў і забіў 25-гадовую дзяўчыну, а таксама забіў яе маці. На месцы злачынства зноў быў знойдзены прэзэрватыў зь біялягічным рэчывам. Неўзабаве былі затрыманыя Хілецкі з саўдзельнікамі.

Экспэртыза паказала, што біялягічныя рэчывы, якя былі знойдзеныя ў прэзэрватывах у 2006-м і ў 2009-м належаць аднаму чалавеку — Васілю Хілецкаму.

Першы суд над Васілём Хілецкім пакараў яго 25 гадамі зьняволеньня, але 11 лістапада Маскоўскі абласны суд вынес больш жорсткае пакараньне — пажыцьцёвае зьняволеньне.

Адбываць пакараньне Хілецкі будзе ў калёніі, адмыслова прыстасаванай для ўтрыманьня асужджаных па пажыцьцёвае зьняволеньне.


Як склаліся лёсы Бялевіча і Хітрыка


Вячаслаў Бялевіч адбываў пакараньне ў Беларусі і пасьля вызваленьня вярнуўся да звычайнага жыцьця.

Сяргей Хітрык сядзеў у калёніі пад Саратавам, дзе захварэў на сухоты. За час зьняволеньня Хітрык страціў сям’ю.

Цяпер у яго адкрытая форма сухотаў, з-за чаго ён нават ня можа абняць сына. Хвароба стала перашкодай і для таго, каб знайсьці працу.

Грашовая кампэнсацыя, якую Хітрык атрымаў за памылковае зьняволеньне, цалкам ідзе на лекаваньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG