Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Твары паўсюль панурыя, заклапочаныя, падазроныя. Ну, быццам ворагі наўкол....»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Верагоднасьць хуткай дэвальвацыі нацыянальнай валюты — адна з найбольш распаўсюджаных тэмаў, якая сёньня шырока абмяркоўваецца паўсюль — і ў чыноўніцкіх кабінэтах, і ў рабочых курылках. Пра гэта выказваюцца ў сваіх лістах і слухачы Свабоды.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Наш даўні сябар

Алесь Радкевіч з Маладэчна, разважаючы наконт прычынаў і наступстваў магчымай дэвальвацыі, піша:

«На якія толькі пражэкты не марнуюцца ў нас бюджэтныя грошы. Вось у Маладэчне ў сакавіку-красавіку ў парку будавалі пляцоўку для пляжнага валейболу. Выдаткавалі на гэта аж 9 мільярдаў 170 мільёнаў рублёў. Палова гэтай сумы, напэўна, пайшла на рознага кшталту «адкаты» ды іншыя карупцыйныя схемы. У чэрвені на гэтай пляцоўцы тыдзень тусаваліся малалеткі з Эўропы — і ўсё, далей рух заціх. Праз год-другі ад пляжных збудаваньняў застанецца хіба толькі пясок...

Вядома, што самая страшэнная карупцыя ў нас — у будаўніцтве. У 2011 годзе ў Маладэчне ў гэтай галіне растрацілі 700 мільярдаў рублёў, а потым — завялі дзясяткі крымінальных спраў. А ў Жлобіне, рыхтуючы Дажынкі — расшчодрыліся больш як на трыльён. Ды за такія грошы, калі рабіць усё як належыць, без аўралу, можна было б прывесьці ў парадак два такія Жлобіны.

Вынік усяго гэтага — тое, што з дня на дзень чакаем дэвальвацыю, што няспынна растуць цэны на прадукты першай неабходнасьці (малако, хлеб ды іншае), на аўтамабільнае паліва, на камунальныя паслугі. Іншымі словамі, усе праблемы перакладаюцца на плечы самых бедных пластоў насельніцтва. На тых людзей, якія і блізка ня бачаць тых 700 даляраў, якія, паводле афіцыйнай статыстыкі, у сярэднім нібыта атрымліваюць жыхары Беларусі».

Сапраўды, асваеньне буйных бюджэтных сродкаў, якія выдаткоўваюцца на будаўніцтва — гэта найбольш прывабны ценявы бізнэс для рознага кшталту махляроў і злодзеяў. У выніку многія аб’екты нерухомасьці ў Беларусі каштуюць значна даражэй, чым у эўрапейскіх краінах. Хоць і будматэрыялы, і зямля, і энэргарэсурсы, і працоўная сіла ў Беларусі непараўнальна таньнейшыя. Уся справа ў тым, што ў кошт будаўніцтва закладаецца вялізны карупцыйны складнік — тыя грошы, якія ідуць на «адкаты» чыноўнікам, якія дзеляць падрады, праводзяць тэндары, выдаюць дазволы. Улады нібыта і змагаюцца з такімі чыноўнікамі: заводзяць дзясяткі крымінальных спраў, праводзяць паказальныя суды і арышты...Але не чапаюць самой сутнасьці паўкрымінальнай сыстэмы. Карупцыя тут зьнікне толькі тады, калі ўлада чыноўніка будзе максымальна абмежаваная, калі зьявіцца жорсткі грамадзкі кантроль і справядлівыя дэмакратычныя выбары мясцовай улады.

✉ ✉ ✉

З прэтэнзіямі і заўвагамі зьвяртаецца да нас у сваім лісьце Мікола Віцязь зь Белаазёрску Берасьцейскай вобласьці:

«Уключыў 30 кастрычніка прымач — чую, як спадар Жданко зачытвае чарговы ліст Алеся Марціновіча з Баранавічаў, у якім той з бальшавіцкім імпэтам бэсьціць сапраўдных патрыётаў Беларусі з БНФ, абзываючы іх „дубагаловымі нацдэмамі“ і „русафобамі“. Вось такія савецкія мутанты і дапамагаюць Лукашэнку заганяць беларусаў у склад Расеі за пайку, якою Масква заваблівае нас у сваю пастку.

Чаму б спадару Жданко не зачытаць мой водгук, які я дасылаў пасьля папярэдняга, жнівеньскага абуральнага допісу Марціновіча пра тое, што беларусы, маўляў, павінныя разьвіваць культуру на грунце расейскай мовы. Штовечар слухаю беларускую Свабоду, а свой водгук так і не пачуў. Супастаўленьне двух розных поглядаў на праблему стымулюе слухача да мысьленьня. Таму дасылаю свой водгук паўторна, каб паказаць, што ніякай крамолы супраць улады і канкрэтных асобаў у ім няма, і дарэмна спадар Жданко яго праігнараваў».

Водгук, пра які Вы, спадар Мікола, згадваеце, прагучаў у эфіры Свабоды 11 верасьня. Напэўна, зь нейкіх прычынаў Вы не змаглі паслухаць тую перадачу.

Нагадаю, размова ішла пра тое, што наш баранавіцкі слухач і аўтар Алесь Марціновіч у сваіх лістах ня раз на розны лад паўтарае наступную думку: маўляў, дэмакратычная апазыцыя ў Беларусі як сьлед ня ўлічвае ступень русыфікаванасьці беларускага грамадзтва. Яму падаецца: варта апазыцыянэрам падладзіцца пад расейскамоўнасьць большай часткі грамадзтва — і тут жа будуць здабытыя грамадзкія падтрымка і разуменьне. Насамрэч праблема гэтая значна больш складаная, шматплянавая. І стаўленьне ў грамадзтве (у тым ліку сярод маладых пакаленьняў) да беларускай мовы, культуры, незалежнасьці не такое адназначнае, як можа падацца, калі меркаваць толькі па мове штодзённых зносінаў.

✉ ✉ ✉

Новы ліст з Кобрына, ад нашага дапытлівага і назіральнага слухача Сяргея Кобрынскага. Апанаваны роздумам пра лёс радзімы і сваіх суайчыньнікаў, спадар Сяргей піша:

«Узіраюся ў твары людзей на вуліцы. Рэдка ўбачыш усьмешку на вуснах ці радасьць у вачах. У асноўным твары панурыя, заклапочаныя, падазроныя. Ну, быццам ворагі наўкол, а не суседзі ды суграмадзяне. Нават у цэрквах адзін аднаго высьмейваюць, распаўсюджваюць розныя плёткі, абгаворваюць...Часта нават з родзічаў насьміхаюцца...Чаму ж у нас усё так? Дружалюбнасьць, прыязнасьць, ветлівасьць сталі рэдкасьцю. Не ад вялікага розуму ўсё гэта. Наўкол — зайздрасьць, сквапнасьць, хцівасьць. Могуць прадаць цябе за грош-капейку, калі толькі надарыцца зручны выпадак. Няма ў людзей сумленьня.

Напэўна, усё гэта закладзена ў нашых генах нялёгкімі выпрабаваньнямі мінулых дзесяцігодзьдзяў. Антылюдзкі сталінскі рэжым не прайшоў бясьсьледна. Ды і цяперашні гуманнасьці нам не дадае.
Наўкол — зайздрасьць, сквапнасьць, хцівасьць. Могуць прадаць цябе за грош-капейку, калі толькі надарыцца зручны выпадак
На новыя пакаленьні я гляджу скептычна. Цяжка і напружана працаваць ня хочуць: кажуць, няма стымулу. Яно і праўда. Куды ні кінься — заробкі нізкія (і ў дактароў, і ў настаўнікаў). Бясплатных кватэр больш не даюць, усё наўкол дорага: і тавары, і паслугі.

Такое ўражаньне, што мы, беларусы, зайшлі ў тупік. Хаця, зь іншага боку, у крамах — пяцьдзясят гатункаў розных каўбас ды вяндліны. Адкуль усё гэта, калі калгасы дыхаюць на ладан?

Індывідуальных прадпрымальнікаў падаткавікі душаць аброкам: усё дай ды дай... Грошы трэба немалыя — і на КДБ, і на міліцыю, і вайскоўцам, а асабліва — чыноўнікам. Праца ў іх „цяжкая“: і днём, і ўначы трэба няспынна думаць пра шчасьце народнае. Даверу да мясцовых уладаў у большасьці насельніцтва няма ніякага: гэта я дакладна ведаю. І куды мы ідзем — хто скажа? Ды ніхто таго ня ведае, я мяркую. Вось так і жывем — абы дзень да вечара».

Зьвярнуў увагу на Вашу, спадар Сяргей, згадку пра пяцьдзясят гатункаў каўбасы ледзь не ў любой краме. За савецкім часам такое нават уявіць было немагчыма, хоць тады, здавалася б, у БССР было непараўнальна больш і буйных жывёлагадоўчых комплексаў, і невялікіх калгасных фэрмаў. Адкуль усё гэта, калі калгасы дыхаюць на ладан? — такое пытаньне задае сёньня ня толькі Сяргей Кобрынскі.

Прычынаў тут некалькі. У Савецкім Саюзе ўвесь вонкавы гандаль быў жорстка манапалізаваны дзяржавай, стаўка ў харчовым забесьпячэньні рабілася на ўласныя сілы. Амаль усё мяса, якое прадукавалася ў Беларусі, ішло на тое, каб карміць Маскву ды Ленінград. Сабе калі што і заставалася — дык толькі рэшткі... Рынак быў незбалянсаваны, кошты на многія харчы (у тым ліку і на мяса) штучна ўтрымліваліся на нізкім узроўні. Так што ў вольным продажы якаснага мяса ды вэнджаных каўбас і вяндліны практычна не было.

Сёньня адкрыты сьвету расейскі рынак завалены танным мясам з Польшчы, Даніі, Прыбалтыкі, Новай Зэляндыі, Паўднёвай Амэрыкі... Ніхто ў Расеі не патрабуе ранейшых аб’ёмаў мясных паставак зь Беларусі. Часам наадварот — яшчэ і стрымліваюць рознымі санітарнымі абмежаваньнямі і забаронамі. А тым часам у самой Беларусі за мінулыя дзесяцігодзьдзі адчыніліся дзясяткі новых мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў, якія таксама ахвотна купляюць імпартную сыравіну: напрыклад, у той жа Польшчы, дзе сьвініна значна таньнейшая, чым у Беларусі. Ну, і да ўсяго гэтага кошты на якасныя мясныя прадукты сёньня даступныя далёка не для кожнага беларуса.

✉ ✉ ✉

На заканчэньне — ліст ад Барыса Руцько зь Менску — з развагамі пра тое, як варта паводзіць сябе апазыцыі падчас прэзыдэнцкай кампаніі, якая павінна адбыцца ў Беларусі праз паўтара гады:

«Выбары 2015 году ўсім сумленным людзям неабходна байкатаваць — іншых варыянтаў няма. Бо любы ўдзел апазыцыі ў выбарчай кампаніі — на карысьць Лукашэнкі. Ён тады зноў заявіць, што выбары былі альтэрнатыўныя, што людзі прыйшлі галасаваць і што ён чарговы раз перамог у роўнай барацьбе. Ну, а як умеюць маніпуляваць лічбамі падпарадкаваныя яму выбарчыя камісіі — мы ўсе добра ведаем.
Лібэралізм, правы чалавека, свабода ды іншае насамрэч прыносяць толькі сьлёзы, кроў, гібель людзей, рэвалюцыі ды войны
На жаль, спадзявацца нам даводзіцца галоўным чынам на ўласныя сілы. У Расеі, ад якой мы шчыльна залежым, ніякіх істотных зьменаў у блізкім часе ня будзе. Лібэралаў і праваабаронцаў там ніхто да ўлады не дапусьціць. Ды за іх проста ніхто ня будзе галасаваць. Бо ўсе іхныя каштоўнасьці — лібэралізм, правы чалавека, свабода ды іншае насамрэч прыносяць толькі сьлёзы, кроў, гібель людзей, рэвалюцыі ды войны. А гэта нікому не патрэбна. Усё, іхны час скончыўся. Міхаіл Прохараў прэзыдэнтам ня стане. Празаходнія сілы ў Расеі заўсёды будуць цярпець паразу».

Дзіўная выснова, спадар Барыс. Дзе гэта дэмакратыя і павага да правоў чалавека прыводзілі да крыві і гібелі людзей? Тыя дзяржавы, дзе шануюцца гэтыя каштоўнасьці, якраз могуць служыць узорам грамадзянскага міру і эканамічнага дабрабыту. Іншая справа, што афіцыйная прапаганда ў Беларусі часта палохае грамадзтва дэмакратыяй і лібэральнымі каштоўнасьцямі, паказваючы ў якасьці прыкладу рэвалюцыйныя ўзрушэньні, якія адбываюцца цяпер у арабскім сьвеце. Параўнаньні гэтыя некарэктныя: паўстаньні супраць дыктатарскіх рэжымаў у Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе ўздымалі зусім не лібэралы і зусім не пад лёзунгамі барацьбы за дэмакратыю. Увогуле, краіны Усходу жывуць у іншым гістарычным часе. Для беларускага грамадзтва ўзор палітычных пераўтварэньняў— не далёкія экзатычныя краіны, а свой усходнеэўрапейскі рэгіён, з народамі якога беларусы стагодзьдзямі поруч жылі, вялі гаспадарку і вырашалі падобныя (ці нават аднолькавыя) палітычныя і эканамічныя праблемы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG