Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Па незалежных мэдыях прайшла навіна: у родных ксяндза Лазара, арыштаванага КДБ паўгады таму, няма грошай на адвакатаў. Факт прыкры і адначасова вельмі сымбалічны.

Сёньня вызваленьня ксяндза Лазара патрабуюць праваабаронцы, актывісты БХД, грамадзкія арганізацыі і ініцыятывы, нейкія добразычліўцы-валанцёры, якія зьбіраюць подпісы ў інтэрнэце ў падтрымку вязьня. І толькі тыя, хто, паводле нармальнай лёгікі, павінныя былі б у першую чаргу клапаціцца пра лёс сьвятара, публічна маўчаць. Маю на ўвазе каталіцкі касьцёл Беларусі, увогуле Ватыкан. Яны ні разу за гэты час ня выступілі з патрабаваньнем вызваленьня ксяндза Лазара. Рымскі папа толькі выказаў заклапочанасьць сытуацыяй вакол вязьня, а мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў маліцца за айца Лазара.

У Ватыкана — багатай міжнароднай царквы, якая будуе па ўсім сьвеце вялізарныя храмы, — няма грошай на адваката для свайго сьвятара! Прыкра і няёмка. Калі ўжо касьцёл такі бедны, дык аб’явілі б збор ахвяраваньняў падчас богаслужэньня ў цэрквах. Але не. Чыста па-беларуску схаваліся ў бульбу. Толькі моляцца. То бок, спадзяюцца адно на Бога.

Галоўная хіба ўсіх канфэсій Беларусі — ўхіленьне ад грамадзкіх праблем. Я нават не пра ўмяшаньне ў палітыку, хоць у іншых краінах царква актыўная ў гэтым пляне: царкоўныя герархі камэнтуюць палітычныя працэсы і спрабуюць на іх уплываць. У Беларусі кіраўнікі канфэсіі ўсяляк ўнікаюць праблем, якія моцна хвалююць грамадзтва, вернікаў.

Часткова іх можна зразумець. Яны баяцца ўступаць у канфлікт зь дзяржавай. Бо зацікаўленыя ў добрых адносінах з уладамі, ад якіх шмат што залежыць. Тут і дазвол на будаўніцтва храмаў, і іншае. Царква як любая буйная арганізацыя мае свае карпаратыўныя інтарэсы. І, натуральна, вядзе сваю палітыку.

Нельга сказаць, што калі б касьцёл катэгарычна запатрабаваў вызваленьня ксяндза Лазара, дык ён тут жа выйшаў бы на свабоду. Але шанцы на паляпшэньне ягонага лёсу рэзка ўзрасьлі б, бо і для ўладаў псаваць адносіны з каталіцкай царквою нявыгадна. Каля 14% насельніцтва — каталікі. Асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў гэта для рэжыму пэўная рызыка. Тым больш, што за беларускім касьцёлам стаіць Ватыкан зь яго вядомым міжнародным уплывам, на які, дарэчы, афіцыйны Менск ускладае пэўныя надзеі ў пляне паляпшэньня адносінаў з Захадам. І ў выпадку настойлівых патрабаваньняў вязьню маглі б хоць зьмяніць меру стрыманьня, як небараку Баўмгертнэру.

Але касьцёл маўчыць. Ці трэба гэта разумець так, што ксяндзом Лазарам ахвяравалі дзеля захаваньня добрых адносінаў з уладай? І ў дадзеным выпадку атрымліваецца, што палітыка пераважае над маральлю? Для арганізацыі, якая зарыентаваная на духоўную сфэру, якая прэтэндуе на тое, каб быць маральным аўтарытэтам, гэта ня надта добра.
Ці трэба гэта разумець так, што ксяндзом Лазарам ахвяравалі дзеля захаваньня добрых адносінаў з уладай?

Можна запярэчыць, што ніхто ня можа, ня мае права ўмешвацца ў працэс правасудзьдзя. Але, па-першае, Беларусь — не прававая дзяржава, і ў такіх гучных справах на першым месцы знаходзіцца палітычная мэтазгоднасьць. У гэтым выпадку цьвёрдая пазыцыя царквы — важны фактар уплыву.

Па-другое, калі ўжо знаходзіцца ў рамках права, касьцёл павінен быў бы патрабаваць у дачыненьні да ксяндза Лазара элемэнтарнага выкананьня закону. Два тыдні ўлады ўвогуле хавалі інфармацыю пра ягоны арышт ад родных і блізкіх, хоць гэта незаконна. Два месяцы не прымалі перадачы, нават перадаць чалавеку бялізну было немагчыма. Тры месяцы было невядома, па якім артыкуле Крымінальнага кодэксу яго абвінавачваюць. Улады трымаюць справу ў поўным сакрэце. Калі за паўгоду нічога не накапалі, узьнікае падазрэньне, што справа рассыпаецца, няма чаго прад’явіць. А касьцёл маўчыць, нават не патрабуе інфармацыі. Што ніяк не дадае яму аўтарытэту.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG