Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знойдзеныя рэшткі самапісцаў самалёта, які разьбіўся ў Казані


У Казані сярод абломкаў пасажырскага самалёта, які разьбіўся ў мінулую нядзелю, знойдзеныя касэты з запісам перамоваў экіпажу. Як паведамілі ў апэратыўным штабе, гэта часткі «чорнай скрыні», якія лічыліся страчанымі.

У сераду ж былі апазнаныя чацьвёра з 50-і загінуўшых.

Першыя дадзеныя расшыфроўкі запісаў бартавых самапісцаў зьявіліся на сайце Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту. Як паведамляецца, яны сьведчаць аб тым, што экіпаж зь нейкай прычыны ня змог пасадзіць cамалёт з першага заходу, пасьля чаго самалёт пачаў заходзіць на другое кола, аднак яго хуткасьць зьнізілася да 230 кілямэтраў на гадзіну, і з вышыні 700 мэтраў ён пачаў падаць. У зямлю ляйнэр урэзаўся на хуткасьці больш за 450 кілямэтраў на гадзіну, пры гэтым рухавікі працягвалі працаваць. Паводле папярэдніх дадзеных, ніякага збою ў працы сыстэм не было.

У выніку крушэньня самалёта Boeing-737 авіякампаніі «Татарстан» 17 лістапада ў Казані загінулі 44 пасажыры і 6 членаў экіпажу.
XS
SM
MD
LG