Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паляцеў да Аліева

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 20 і 21 лістапада будзе знаходзіцца з афіцыйным візытам у Азэрбайджане. У яго заплянаваныя перамовы з прэзыдэнтам Ільхамам Аліевым: спачатку ў фармаце сам-насам, а пасьля і ў пашыраным. Эканамісты і палітолягі лічаць, што Лукашэнка паляцеў у Баку найперш па грошы.

Беларускім уладам надзвычай не хапае валюты. І насельніцтва краіны гэта адчувае. Нягледзячы на ўсе заклікі Аляксандра Лукашэнкі «ня бегаць па абменьніках», пяты месяц запар людзі купляюць валюты болей, чым здаюць.

Менавіта дэфіцыт валюты і вымушае Лукашэнку да падарожжа ў Баку, гаворыць Свабодзе эканаміст Леў Марголін:

«Я думаю, што асноўная мэта гэтай паездкі — раздабыць грошы. Менавіта спадар Аліеў ужо аднойчы выручыў Лукашэнку, калі пазычыў 200 мільёнаў даляраў.

Напэўна, пасьля таго, як Лукашэнка пабываў у Туркмэніі, у Кітаі, а ягоны сын Віктар — на Блізкім Усходзе, Азэрбайджан, мабыць, апошні маршрут, дзе яшчэ можна разьлічваць на крэдыт. Але, я думаю, вялікага плёну ад гэтага візыту для Лукашэнкі ня будзе».

«Валюты сапраўды не хапае. А лічба ў 7 мільярдаў даляраў золатавалютных рэзэрваў Беларусі можа падмануць толькі неспэцыялістаў», — тлумачыць экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка:

«Калі паглядзець, колькі там засталося „жывых“ грошай, дык іх насамрэч толькі 3,7 мільярда. А ўсё іншае, што павялічвае нашы ЗВР, гэта альбо апэрацыі СВОП, то бок нашы даўгі, альбо золата, якое знаходзіцца ў сховішчы. Але ліквіднасьць нашых найбольш ліквідных актываў — менавіта на 3,7 мільярда.

Калі паглядзець на адмоўнае сальда дынамікі зьнешняга гандлю, на адмоўнае для Нацыянальнага банку (ўжо які месяц!) сальда валютнага рынку, дык становіцца зразумелым: 3,7 мільярда — гэта не такія вялікія грошы».

А пэрспэктывы таксама сумныя, — лічыць Антон Болтачка:
Беларусі да канца году трэба выканаць свае абавязкі па вяртаньні 1,7 мільярда даляраў ранейшых крэдытаў. А ў наступным годзе трэба будзе вяртаць яшчэ 3 мільярды

«Беларусі да канца сёлетняга году трэба выканаць свае абавязкі па вяртаньні 1,7 мільярда даляраў ранейшых крэдытаў. А ў наступным годзе трэба будзе вяртаць яшчэ 3 мільярды. Такім чынам, грошы патрэбныя. Крэдыту ад МВФ сёлета ўжо дакладна ня будзе. Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС можа затрымаць выдаткаваньне 440 мільёнаў даляраў да пачатку 2014 году. Таму неабходна круціцца і неяк знаходзіць грошы. Вось з-за гэтага Лукашэнка і ляціць у Баку».

«Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Азэрбайджан зьвязаны і з самітам „Усходняга партнэрства“, які пачнецца літаральна праз тыдзень у Вільні», — адзначае дырэктар Цэнтра эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Напярэдадні самітаў звычайна адбываюцца візыты Лукашэнкі альбо кагосьці з вышэйшых чыноўнікаў Беларусі ў некаторыя краіны „Усходняга партнэрства“. У гэтым сэнсе візыт у Баку дастаткова цікавы. І Беларусь, і Азэрбайджан займаюць апошнія радкі ў рэйтынгу эўрапейскай інтэграцыі і дачыненьняў з Эўразьвязам у рамках „Усходняга партнэрства“. Абедзьве краіны — дыктатарскія. У абедзьвюх існуюць значныя парушэньні пры правядзеньні выбараў. Абедзьве абвінавачваюцца ў сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека.

І паколькі крытыка Эўразьвязу скіраваная пераважна на гэтыя дзьве краіны, то і ў іх зьяўляюцца супольныя інтарэсы па абароне сябе. І таму тут магчыма ўзгадненьне пазыцыі перад самітам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG