Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь 2004 году беларускі бог холаду і зімы Зюзя Паазерскі гасьцінна сустракаў наведнікаў у сваёй казачнай сядзібе на Пастаўшчыне.

Падчас тэатралізаваных шоў дзеткі зь Беларусі, Расеі, Украіны, Польшчы, Літвы і іншых краінаў адзначалі зімовыя сьвяты зь беларускімі паганскімі багамі, наведвалі Галерэю духаў, вадзілі карагоды і сьпявалі разам з Лазьнікам, Хапуном і Цёткай Завеяй, а таксама частаваліся блінамі і пернікамі, сьпечанымі паводле старажытных беларускіх рэцэптаў.

Чаму ў гэтым годзе Зюзя Паазерскі не прымае гасьцей у сваёй сядзібе?

Пошукам месца для зімовага дзіцячага адпачынку займаўся прадпрымальнік Аляксандр Таўстыка, які вельмі спадзяваўся адвезьці сваіх дзяцей на Пастаўшчыну ў госьці да Зюзі.

Алесь Таўстыка

Алесь Таўстыка

«Цудоўным месцам, адрозным ад прэзыдэнцкіх ёлак, да гэтага часу была сядзіба пад Паставамі, дзе цудоўныя людзі рэканструявалі нашы старыя паганскія легенды, паводле якіх на тэрыторыі Беларусі існаваў Зюзя — наш беларускі маразавік. Дзякуючы гэтым людзям адбылося пашырэньне турыстычных маршрутаў для дзяцей. Тым больш, што, каб пабачыць Зюзю Паазерскага, прыяжджалі нават кітайцы. Наведнікі знаёміліся з моваю, традыцыямі, часткай паганскай культуры. Усе мерапрыемствы ладзіліся на беларускай мове, што яшчэ раз даказвала, што мы незалежныя, што мы — нацыя», — распавядае Аляксандр Таўстыка.

Аднак сёлета ў Цэнтры турыстычных паслуг у Паставах, які на працягу 8 гадоў арганізоўваў паездкі ў сядзібу Зюзі, Аляксандру Таўстыку паведамілі, што такой паслугі больш няма, маўляў узьніклі праблемы з пляцоўкаю, на якой адбываліся шоў і дзе разьмяшчаліся дэкарацыі.

«Мне сказалі, што на загад нейкіх людзей прымусілі зьнішчыць дэкарацыі і забаранілі выступаць, у выніку чаго людзі засталіся бяз працы, а краіна — без дадатковага прыбытку ў выглядзе падаткаў у бюджэт, а галоўнае — тое, што пакінулі бяз радасьці беларускіх дзяцей. Хутчэй за ўсё Зюзя Паазерскі перашкаджаў Дзедушку Марозу зь Белавескай пушчы. Атрымліваецца, што беларускасьць і культурніцкія традыцыі камусьці не падабаюцца», — заявіў прадпрымальнік.

Мэнэджэр Цэнтру турыстычных паслуг у Паставах Арцём Воўк пацьвердзіў, што ў гэтым годзе назіраецца вельмі вялікі попыт на паездку да Зюзі Паазерскага:

«На жаль, у гэтым годзе мы прыпынілі гэтую паслугу. Але нават калі параўнаць зь мінулым годам, дык попыт вельмі вырас, шмат людзей хочуць прывезьці сваіх дзетак да Зюзі. З чым зьвязана такое рашэньне, я сказаць не магу; магчыма, нешта зь фінансамі, але я ня ведаю дакладна. Калі зьвяртаюцца людзі, дык нечага падобнага на беларускай мове прапанаваць ня можам. Даводзіцца накіроўваць у Белавескую пушчу, ці ў Дзяржынскі раён у Станькава, але там сьвяткаваньне адбываецца на расейскай мове адбываецца. А да Зюзі прыяжджалі ня толькі беларускія, але і расейскія дзеткі, былі наведнікі і з Польшчы, і зь Літвы. І ўсе неяк трохі разумелі беларускую мову і на жарты добра рэагавалі».

Аднак, надзея на тое, што налета Зюзя зноў сустрэне дзетак у сваёй казачнай сядзібе, ёсьць. Дырэктар пастаўскага Цэнтру турыстычных паслуг Ягор Шушкевіч распавёў, што сёлета Зюзя Паазерскі ўзяў перапынак, аднак вельмі верагодна, што пасьля вырашэньня пэўных праблемаў выйдзе на працу, але ўжо па іншым адрасе:

«Я маю надзею, што гэта не назаўсёды. Проста так атрымалася ў гэтым годзе, так склаліся абставіны. Мы сутыкнуліся з шэрагам праблемаў фінансавага і маёмаснага характару, таму вырашылі ўзяць невялікі тайм-аўт. Можа, каб лепш падрыхтавацца, можа, каб штосьці зьмяніць. Магчыма, Зюзя зьменіць месца жыхарства. Ня хочам, каб прыехалі госьці, а мы — кепска падрыхтаваныя. Лепш хай Зюзя пачакае адзін год і падрыхтуецца. Таму пакуль ён папрасіўся ў адпачынак. Мы плянуем, што на наступны Новы год Зюзя абавязкова сустрэнецца са сваімі гасьцямі. Але ня ўсе залежыць ад Зюзі і ад мяне як аўтара гэтага праекту».

Пабачыць Зюзю Паазерскага сёлета можна будзе хіба што ў Белавескай пушчы, дзе 13–15 сьнежня адбудзецца сьвяткаваньне 10-годзьдзя сядзібы беларускага Дзеда Мароза і куды зьбяруцца навагоднія пэрсанажы з усіх куткоў Беларусі, а таксама зь іншых краінаў.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG