Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-рэсурсы ў Беларусі прыраўняюць да СМІ


Улады чарговым разам плянуюць узяць пад кантроль незалежныя інтэрнэт-сайты, якія застаюцца апошняй выспай свабоды слова ў краіне.

"Прапануем ўнесьці шэраг зьменаў у закон аб СМІ, у адпаведнасьці зь якім найбольш папулярныя і ўплывовыя інтэрнэт-рэсурсы патрапяць у разрад СМІ і будуць несьці адказнасьць перад законам за распаўсюджваньне любой інфармацыі — аж да адкліканьня рэгістрацыі",— заявіў на пасяджэньні Камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў намесьнік міністра інфармацыі Дзьмітры Шадко.

Ён адзначыў, што для арганізацыі ў інтэрнэце эфэктыўнага процідзеяньня нэгатыўным сацыяльным зьявам неабходна вырашыць кадравую праблему.

"Павінны быць рэдакцыі інтэрнэт-рэсурсаў, якія выверана — з пункту гледжаньня псыхолягаў, журналістаў, іншых спэцыялістаў — будуць весьці гэтую прапаганду. Сёньня большасьць адміністратараў, якія адказваюць за сайты дзяржорганаў, газэтныя сайты, такой кваліфікацыі ня маюць, каб адэкватна дастукацца да аўдыторыі",— цытуе БелТА намесьніка міністра.

Беларусь уваходзіць у групу краінаў, у якіх карыстаньне інтэрнэтам несвабоднае. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House.

Аўтары дакладу заяўляюць, што Беларусь выкарыстоўвае такую самую сыстэму маніторынгу і кантролю за інтэрнэтам, як і Расея. Гэтая сыстэма завецца СОРМ. Яе таксама выкарыстоўваюць улады Ўзбэкістану, Кіргізстану, Казахстану і Ўкраіны.

У новым дакладзе гаворыцца, што з 60 краін, якія дасьледаваліся сёлета, 29 блякавалі альбо фільтравалі кантэнт палітычнага і сацыяльнага характару.

Індэкс свабоды інтэрнэту ў Беларусі ў 2013-м годзе — 67. Краіна ў гэтым рэйтынгу суседнічае з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і Пакістанам.

XS
SM
MD
LG