Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі Эўразьвязу зьяўляюцца эфэктыўнымі і павінныя ўжывацца разам з палітычным дыялёгам.

Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус падчас дыскусіі ў Брусэлі аб эфэктыўнасьці палітыкі санкцый.

«За апошнія дзесяцігодзьдзі ЭЗ ад усеагульнага эмбарга перайшоў да ўжываньня мерных санкцый, і яны зьяўляюцца толькі адным з інструмэнтаў зьнешняй палітыкі ЭЗ. Мы імкнёмся ня толькі ўжываць санкцыі, але і падтрымліваць палітычны дыялёг, паколькі такі двайны падыход звычайна апраўдвае сябе», — цытуе Лінкявічуса прэс-служба літоўскага МЗС.

Літва як старшыня Рады ЭЗ правяла дэбаты на тэму «Ці дзейсныя санкцыі ЭЗ» сумесна з інстытутам навуковых дасьледаваньняў «European Policy Center». Было прадстаўлена дасьледаваньне чатырох рэжымаў санкцый у Беларусі, Іране, Бірме / М’янме і Сырыі. Галоўная выснова — санкцыі ЭЗ не дасягаюць мэтаў. У дасьледаваньні таксама ўказваецца, што санкцыі часам няправільна інтэрпрэтуюцца як накіраваныя на зьмену рэжымаў. Да таго ж рэкамэндуецца больш выразна вызначаць мэты санкцый: паказаць, што ЭЗ не падтрымлівае канкрэтную палітыку і імкнецца абмяжоўваць магчымасьці для яе рэалізацыі.

«За апошнія два гады значна павялічыўся ўзровень санкцый ЭЗ. Цяпер яны больш дакладныя, часта накіраваныя супраць найбольш важных галін. Мы павінны перагледзець іх уплыў, але ацэнку неабходна аргумэнтаваць вынікамі, а ня лікам асоб або прадпрыемстваў, якія падпадаюць пад санкцыі», — адзначыў Лінкявічус.

Міністар прызнаў, што санкцыі непазьбежна будуць уплываць на эканоміку ЭЗ, але лягічнае прымяненьне гэтых санкцый не перашкодзіць росту гандлю зь некаторымі краінамі. Ён заклікаў ЭЗ да больш цеснай каардынацыі дзеяньняў паміж установамі ЭЗ і дзяржавамі-сябрамі.

У дыскусіі таксама прынялі ўдзел каардынатары Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША і Міністэрства замежных спраў Швэцыі Дэн Фрыд і Пэр Саланд, прадстаўнікі інстытуцый ЭЗ і ўстаноў дзяржаў-сябраў, няўрадавых арганізацый, прадстаўнікі дзелавых колаў, СМІ, а таксама навукоўцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG