Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўшаноўваюць ахвяраў Галадамору


80-я ўгодкі масавага голаду, выкліканага рэпрэсіўнай палітыкаў савецкіх уладаў, адзначаюць ва Ўкраіне.

Украінцы абвінавачваюць у Галадаморы савецкага дыктатара Іосіфа Сталіна і лічаць, што ахвяр трагедыі 1932–33 гадоў трэба ушаноўваць на дзяржаўным узроўні.

Пра гэта сьведчыць агульнанацыянальнае апытаньне «80-я гадавіна Галадамору — урокі мінулага для будучага», праведзенага Фондам «Дэмакратычныя ініцыятывы імя Ілька Кучарыва».

Сталінскі рэжым, а не прыродныя абставіны — галоўная прычына Галадамору 1932-33 гадоў. Такога меркаваньня прытрымліваюцца 64 адсотка апытаных.

Асноўнай крыніцай інфармацыі аб Галадаморы для пераважнай большасьці зьяўляюцца СМІ, аднак амаль палова апытаных даведаліся пра яго і праз апавяданьні сваякоў.

Гісторык Людміла Грыневіч адзначае, што ўкраінскае грамадзтва яшчэ да канца не асэнсавала важнасьці праблематыкі Галадамору:

«Голад — грубае парушэньне права чалавека на жыцьцё. Гісторыкі давялі, што катастрафічныя наступствы голаду адбываюцца, як правіла, у тых дзяржавах, дзе існуюць недэмакратычныя рэжымы або якія трапілі пад каляніяльную эксплюатацыю. І ў гэтым кантэксьце, калі мы сёньня гаворым пра голад, то не толькі аддаём даніну памяці загіблых, але мы адстойваем правы чалавека, прынцыпы дэмакратыі, кажам, што ніякага апраўданьня ня можа быць для зьнішчэньня чалавечага жыцьця».

Галадамор ва Ўкраіне 1932–1933 гадоў — масавы, наўмысна арганізаваны савецкай уладай голад, які прывёў да шматмільённых чалавечых страт у сельскай мясцовасьці на тэрыторыі Ўкраінскай ССР і Кубані. Голад быў выкліканы сьвядомымі і мэтанакіраванымі захадамі вышэйшага кіраўніцтва Савецкага Саюза і Ўкраінскай ССР на чале са Сталіным, разьлічанымі на падаўленьне ўкраінскага нацыянальна-вызвольнага руху і фізычнае зьнішчэньня часткі ўкраінскіх сялян ды арганізацыі калгасаў.

Сплянаваная канфіскацыя ўраджаю збожжавых і ўсіх прадуктаў харчаваньня ў сялян прадстаўнікамі савецкай улады цягам Галадамору 1932–33 гадоў непасрэдна прывяла да забойства сялян голадам у мільённых маштабах, пры гэтым савецкая ўлада мела значныя запасы збожжа ў рэзэрвах і ажыцьцяўляла яго экспарт за мяжу падчас Галадамору, забараняла і блякавала выезд галадоўнікаў за межы Ўкраіны, адмаўлялася прымаць дапамогу для галадоўнікаў з-за мяжы.

Нягледзячы на тое, што дзеяньні прадстаўнікоў сталінскай ўлады, што пацягнула сьмерць людзей ад голаду, кваліфікаваліся згодна з нормамі тагачаснага савецкага крымінальнага заканадаўства як забойства, прычыны гэтага масавага злачынства ніколі ў СССР не расьсьледаваліся і ніхто з чыноўнікаў, якія мелі дачыненьне да злачынства, не панёс пакараньня.
XS
SM
MD
LG