Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская культура ва Ўроцлаве ня менш цікавая, чым у Беластоку


Лявон Вольскі і Павал Аракелян

Лявон Вольскі і Павал Аракелян

Сёньня ва Ўроцлаве ў паўднёва-заходняй Польшчы пачынаецца Фэстываль незалежнай беларускай культуры, які патрывае да суботы, 23 лістапада.

Пра ідэю фэстывалю і яго ўдзельнікаў распавёў Свабодзе арганізатар Мікола Іваноў, старшыня фонду «За нашу і вашу свабоду».

РС: Мікола, скажыце некалькі словаў пра фонд «За вашу і нашу свабоду». Як ён зьявіўся і чаму вы ўзяліся за арганізацыю незалежнай беларускай культуры?

Іваноў: Наш фонд даволі малады – ён узьнік у 2009 годзе. Галоўная ідэя была ў тым, каб арганізаваць выставы беларускага мастацтва тут у Польшчы, каб прыблізіць беларускую культуру нашаму рэгіёну, Ніжняй Сілезіі, у якой шмат беларусаў і шмат палякаў, якія пераехалі з Гарадзеншчыны, Берасьцейшчыны і іншых месцаў Беларусі. Тут даволі шмат людзей, якія вельмі чулыя да беларускай культуры і да таго, што адбываецца ў Беларусі, хаця мы самы далёкі ад Беларусі рэгіён Польшчы.

РС: А як наогул успрымаецца беларуская культура сярод тамтэйшых палякаў, якія зь Беларусьсю не зьвязаныя сямейнымі ці іншымі справамі?

Іваноў: Вельмі пазытыўна. Мы якраз займаемся рэклямай гэтага фэстывалю. Зьявіліся артыкулы ў мясцовых газэтах, перадачы на тэлебачаньні, мне самому давялося даваць некалькі інтэрвію. Я хачу сказаць, што літаральна сотні людзей зьвяртаюцца да мяне, шукаючы білеты на гэты фэстываль. Я думаю, што тут у нас ва Ўроцлаве зацікаўленых беларускай культурай зусім ня менш, чымсьці ў Беластоку або нейкім іншым горадзе Польшчы. Здаецца нават, што і болей.

РС: Хто вам дае грошы на арганізацыю гэтай імпрэзы?

Іваноў: Галоўным чынам грошы дае наш горад, Уроцлаў. Як мне здаецца, гэта самы багаты горад у Польшчы. Уроцлаў абвешчаны «эўрапейскай сталіцай культуры» ў 2016 годзе. Гэта сьведчыць аб тым, што ўладам Уроцлава разьвіцьцё культуры – вельмі блізкае. І гэты горад сапраўды не шкадуе сродкаў на разьвіцьцё культуры.

Фэстываль пачынаецца сёньня адкрыцьцём выставы маладой беларускай мастачкі Веры Ягоўдзік. У далейшыя дні фэстывалю жыхары Ўроцлава змогуць паўдзельнічаць у сустрэчах зь беларускімі літаратарамі Ўладзімерам Някляевым, Андрэем Хадановічам і Андрэем Адамовічам, паглядзець фільм «Жыве Беларусь» і пабываць спэктаклі тэатру «Корняг».

Поўная праграма Фэстывалю незалежнай беларускай культуры ва Ўроцлаве даступная тут.
XS
SM
MD
LG