Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына. Вяскоўцы абаранілі сельсавет


Сход супраць скасаваньня сельсавета ў Сьвіслачы 8 лістапада

Сход супраць скасаваньня сельсавета ў Сьвіслачы 8 лістапада

У Асіповіцкім раёне жыхары вёскі Сьвіслач адстаялі мясцовы сельскі савет. Яго плянавалі зьліквідаваць у сувязі з адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі зьменамі ў раёне. Вяскоўцы ж выступілі супраць і сабралі 700 подпісаў.

Пра намеры райвыканкаму аб’яднаць некалькі сельсаветаў у адзін, зьліквідаваўшы пры гэтым Сьвіслацкі, вяскоўцы даведаліся з асіповіцкай раённай газэты.

Людзей абурыла, што ў іх ніхто не пацікавіўся, ці патрэбны ім сельсавет. Чыноўнікі і дэпутаты райсавету на сходзе намагаліся пераканаць людзей у мэтазгоднасьці ліквідаваньня сельсавету, аднак іхныя довады на пазыцыю вяскоўцаў не паўплывалі.

Людзі называюць рашэньне райвыканкаму сваёй перамогай:

«Рашэньнем задаволеныя. Мы абаранілі сельскі савет, і наша вёска застанецца ягоным цэнтрам. Гэта дужа важна для жыхароў Сьвіслачы. У нашай жа вёсцы вялікія пэрспэктывы. Пасьля сходу, на якім мы пратэставалі супраць скасаваньня сельсавету, адбыўся яшчэ адзін — у абарону нашага клюбу. Яго нібыта таксама хочуць зачыніць, бо, кажуць, няма спэцыялістаў для яго. Што да сельсавету, то чыноўнікі пабачылі настрой людзей і вымушаныя былі перагледзець свае пляны. Усё застаецца гэтак, як павінна быць», — кажа жыхарка Сьвіслачы Ніна Сакава.

Неабходнасьць ліквідацыі сельсавету ў Сьвіслачы паўстала пасьля аб’яднаньня некалькіх гаспадарак у адну. Філіял акцыянэрнага таварыства «Белшына» — «Белшына-агра» — цяпер займае тэрыторыю, якая сягае далёка за межы аднаго сельсавету і працягвае разрастацца. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — у вёсцы Ліпень. Гэта дванаццаць кілямэтраў ад Сьвіслачы.

Некаторыя дэпутаты райсавету кажуць, што калі б вяскоўцы не паўсталі, Сьвіслацкі сельсавет скасавалі б.

Бароняць сельсавет ад закрыцьця і жыхары вёскі Вішнёўка — гэта ў Бабруйскім раёне. Там таксама адбыўся сход вяскоўцаў. І там чыноўнікі пераконвалі людзей у мэтазгоднасьці ліквідаваньня сельсавету. Паводле іх, на ліквідацыі трох сельсаветаў у раёне можна сэканоміць 1 мільярд 18 мільёнаў рублёў. Канчатковага рашэньня па сельсаветах у Бабруйскім раёне пакуль не прынята.
XS
SM
MD
LG