Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палату прадстаўнікоў паступіў праект закону «Аб беларусах замежжа». Яго канчатковы варыянт распрацавала Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» даўно дамагалася прыняцьця такога закону. Зь 2001 года гэтае пытаньне было асноўным на парадку дня працы зьездаў беларусаў сьвету, ва ўрад быў накіраваны праект закону «Аб беларусах замежжа».

Начальнік галоўнага ўпраўленьня шматбаковай дыпляматыі Міністэрства замежных спраў Юры Амбразевіч адзначыў, што прадстаўлены ўрадам у Нацыянальны сход законапраект зьяўляецца «досыць кампрамісным», а яго прыняцьце адбудзецца «ў найбліжэйшай пэрспэктыве».

«Нам добра вядомыя чаканьні многіх замежных суайчыньнікаў ад беларускай дзяржавы: бясплатныя візы, бясплатнае мэдыцынскае абслугоўваньне і наогул бясплатная адукацыя. Прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных устаноў цалкам справядліва ўздымалі пытаньне аб тым, чаму беларускі бюджэт павінен ствараць для замежнікаў, нават беларусаў па крыві, якія не заплацілі ў бюджэт ні капейкі падаткаў, умовы, аналягічныя беларускім грамадзянам. Асобныя галасы нават прапаноўвалі простую формулу: „Хай плацяць падаткі ў беларускую казну — і атрымліваюць і бясплатныя візы, і ўсё астатняе…“ Узьнікалі і іншыя пытаньні. Напрыклад, Юры Амбразевіч у інтэрвію Інфармацыйнаму цэнтру „Бацькаўшчыны“ адзначыў: „Ва ўсім сьвеце вядома, што робіць армянская дыяспара для Армэніі. А што зрабілі выхадцы зь Беларусі для сваёй радзімы?“. Ён адзначыў, што тэма дыяспары і супрацоўніцтва зь ёй зьяўляецца „важным палітычным фактарам“».

«Таму ўнесены ў парлямэнт праект — гэта дакумэнт, перш за ўсё, палітычны і праграмны, закліканы закласьці сыстэму, якую можна будзе разьвіваць у будучыні ў залежнасьці ад магчымасьцяў і інтарэсаў дзяржавы. Гэта пэўнага кшталту палітычны сыгнал як сыстэме дзяржаўнага кіраваньня, так і беларусам замежжа».

Законапраект вызначае паняцьце беларусаў замежжа. Гэта «этнічныя беларусы, выхадцы з Рэспублікі Беларусь, і асобы, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь».
Гаворка пра тое, каб гэтым асобам, якія дэ-факта і дэ-юрэ зьяўляюцца замежнымі грамадзянамі, даць нейкія спэцыяльныя правы, на дадзеным этапе не ідзе

«Гаворка пра тое, каб гэтым асобам, якія дэ-факта і дэ-юрэ зьяўляюцца замежнымі грамадзянамі, даць нейкія спэцыяльныя правы, на дадзеным этапе не ідзе. У законе, аднак, закладзеныя нормы, якія могуць быць выкарыстаныя для гэтых мэтаў у будучыні, — адзначыў Юры Амбразевіч. — Закон у любым выпадку стане вялікім крокам наперад, які дэманструе, што дзяржава не адварочваецца ад суайчыньнікаў за мяжой, а, наадварот, працягвае руку ўсім тым, хто зацікаўлены ў сумесным збліжэньні, сумеснай працы на канструктыўнай аснове. Для Беларусі гэты закон — першы досьвед, які трэба разьвіваць…Таму гэты закон будзе падмуркам для далейшага будаўніцтва адносін паміж Беларусьсю і беларусамі замежжа».

У 2002 годзе праект закону «Аб суайчыньніках, якія пражываюць за мяжой» зь незразумелых прычынаў ня быў прыняты.
XS
SM
MD
LG