Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча мадэрнізаваць судовую сыстэму, не зьмяняючы яе сутнасьць


19 лістапада Аляксандар Лукашэнка заявіў пра намер зрабіць адзіную сыстэму агульных і гаспадарчых судоў. Такая прапанова прагучала падчас нарады, прысьвечанай дзейнасьці судоў і органаў юстыцыі. Якія наступствы можа выклікаць новая судовая рэформа?

Аляксандар Лукашэнка прапанаваў тры новаўвядзеньні. Першае — стварыць адзіную сыстэму судоў агульнай юрысдыкцыі, у якую ўвойдуць агульныя і гаспадарчыя суды. Другое — новая сыстэма празь Міністэрства юстыцыі будзе забясьпечваць суды кадрамі і ўсім неабходным для працы. Трэцяе — усіх судовых выканаўцаў аб’яднаць у рамках Міністэрства юстыцыі.

«Сярод юрыстаў ёсьць рознае стаўленьне да гэтых праблемаў», — гаворыць юрыст Аляксандар Дабравольскі:

«Тут ёсьць пра што падумаць. Але агульная праблема, якая існуе ў Беларусі, — гэта тое, што суд цалкам падпарадкаваны выканаўчай уладзе. І не празь Міністэрства юстыцыі, а праз прэзыдэнта. І менавіта гэтую праблему трэба тэрмінова вырашаць, калі хтосьці хоча правесьці мадэрнізацыю судовай сыстэмы, калі хоча, каб людзі працавалі не з-пад палкі, каб эканоміка разьвівалася, каб мы выйшлі з крызісу.
Агульная праблема, якая існуе ў Беларусі, — гэта тое, што суд цалкам падпарадкаваны выканаўчай уладзе

Вось гэтага ў прапановах Лукашэнкі якраз і няма. Таму, мне здаецца, усе гэтыя прапановы другасныя, калі не мяняецца сэнс. А трэба мяняць сэнс. Судовая ўлада павінная быць судом, а не дадаткам да адміністрацыйнай машыны».

«Хоць Лукашэнка сёньня і казаў, што мы не капіюем досьвед суседзяў, але ў Беларусі фактычна хочуць зрабіць тое ж самае, што нядаўна зрабілі ў Расеі», — адзначае кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла:

«І ў нас гэта можа пайсьці на карысьць. Усё залежыць толькі ад аднаго: ці будуць нашы суды дзейнічаць паводле дэмакратычных законаў, паводле дэмакратычных працэдураў і забясьпечваць правы і свабоды грамадзян, альбо яны будуць служыць таталітарнай, недэмакратычнай, неправавой уладзе? І ці будуць яны, як цяпер, глядзець у рот выканаўчай уладзе, а не быць арбітрам у спрэчках паміж дзяржавай і чалавекам?».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG