Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Міхаіл Прохараў набывае ў Сулеймана Керымава акцыі «Ўралкалія», але ня гэтая навіна для мяне найцікавейшая. Калійны скандал дорыць нам шмат іншых займальных сюжэтаў і інфармацыі да роздуму. Адзін з такіх сюжэтаў: да апошняга моманту ў прэтэндэнтах на акцыі Керымава хадзілі экс-беларускія прадпрымальнікі Юры і Аляксей Хоціны – асобы, таямнічыя нават па мерках расейскага бізнэсу. Іхняя гісторыя – ілюстрацыя таго, як беларускі бізнэс, нават «эмігруючы», захоўвае адметныя рысы – непразрыстасьць, сакрэтнасьць, стаўку на адміністрацыйны ды сілавы рэсурс.

Як беларусы з Прохаравым дужаліся


Першым прозьвішча Хоціных датычна магчымай пакупкі «Ўралкалія» назвала агенцтва Bloomberg напрыканцы кастрычніка, паведаміўшы, што бізнэсоўцы маюць намер выкупіць 33% акцыяў, якія належаць Керымаву і ягоным партнэрам. Пазьней іх жа да магчымых пакупнікоў прылічыў часопіс Forbes.

Мне ня вельмі цікава, чаму ўрэшце Хоціны сышлі з дыстанцыі, саступіўшы Прохараву. Больш цікавае іншае. Міхаіл Прохараў выкупіў 21,75% за 4,35 млрд даляраў. Яшчэ 11,8% набывае ягоны партнэр, уладальнік «Уралхіму» Дзьмітры Мазепін за 2,36 млрд. Агулам атрымліваецца 6,71 млрд даляраў. Значыць, адпаведнай, ці блізкай да таго сумай мусілі валодаць і Хоціны, калі рабілі Керымаву сваю прапанову.

Хто яны такія, адкуль яны ўзяліся


А цяпер давайце параўнаем. Вось перад намі мільярдэр Прохараў. Я разумею, адкуль у яго такія грошы, як ён іх зарабіў. Пра гэта ён распавядаў і мне і іншым журналістам асабіста. Ясная справа, шмат пра што змаўчаў, але шмат з чаго не рабіў сакрэту.

А вось бацька і сын Хоціны. Яшчэ 15-16 гадоў таму – уладальнікі невялічкага прадпрыемства па вырабу пральных парашкоў ды касмэтыкі, а зараз – уладальнікі 2 мільёнаў квадратных мэтраў камэрцыйнай нерухомасьці ў Маскве, радовішча нафты і даходу 400 мільёнаў даляраў за год. І ў адрозьненьне ад зьвестак што да мільярдаў Прохарава, пра бізнэс-шлях Хоціных я даведваюся толькі з рэдкіх журналісцкіх расьсьледаваньняў. Там згадваюцца рэйдэрства, падман дзелавых партнэраў, шматлікія суды, служба бясьпекі з былых супрацоўнікаў спэцслужбаў, фіктыўныя банкруцтвы, магчымы лабізм праз аднаго з кіраўнікоў расейскага парлямэнту. Паказальны факт – нідзе няма ніводнага фотаздымка таямнічых мільярдэраў.

Бізнэс «маўклівы» і публічны


Разьвіцьцё эканомікі любой краіны характарызуецца ў тым ліку і тым, наколькі адкрытым зьяўляецца мясцовы бізнэс. Хочаш прыцягнуць замежных партнэраў? Адкрыйся. Хочаш выйсьці на фінансавы рынак? Адкрыйся. Дбаеш пра рэпутацыю? Рэцэпт той жа.

Расея, пры ўсёй яе спэцыфічнасьці, хоць і марудна, але рухаецца ў гэтым накірунку. Канечне, паўпадпольны бізнэс яшчэ можа быць гарантыяй посьпеху і нават забясьпечыць месца ў сьпісах Forbes, што і даказалі Хоціны. Канечне, ёсьць і ў Расеі частка бізнэсу, якая ніколі не выходзіць зь ценю. Гэта альбо асобы надзвычай набліжаныя да кіраўніцтва краіны, як браты Ротэнбэргі ці Генадзь Цімчанка, альбо ўладальнікі бізнэсу зь неадназначнай рэпутацыяй рэйдэраў, альбо папросту людзі, якія ня любяць публічнасьці. Але ж на аднаго такога бізнэсоўца прыпадае тры, чатыры, ці не дзясятак іншых, што кіруюцца прынцыпамі публічнасьць як у бізнэсе так і ў жыцьці. Гэта, канечне, ня хлопцы, якія падзеляцца з табой самымі сакрэтнымі сакрэтамі і пры першай магчымасьці раскрываюць табе душу, але інтэрвію зь мільянэрамі ды мільярдэрамі я чытаю ледзьве ня кожны дзень і гэтага мне хапае, каб зразумець, як робіцца расейскі бізнэс, і што за людзі яго робяць.

Да якой ступені непублічны чалавек Ігар Сечын, але і той раз на год-два вымушаны даваць інтэрвію якой-небудзь Financial Times і адказваць у тым ліку на непрыемныя пытаньні. Кіраўнік «Росабаронэкспарту», што прадае зброі на дзясяткі мільярдаў на год Сяргей Чэмезаў сустракаецца з журналістамі – дай толькі падставу. А чыталі вы калі-небудзь інтэрвію зь ягоным беларускім «калегам» Уладзімерам Пефціевым зь «Белтэхэкспарту»?

Ёсьць такія людзі, што любяць спорт ня менш за бізнэс. Аднак Леанід Фядун раскрывае журналістам таямніцы ня толькі футбольнага клюбу «Спартак», але і «Лукойла», Сягей Галіцкі любіць распавесьці пра дзіцячыя футбольныя акадэміі ФК «Краснадар», аднак мы маем досыць поўнае ўяўленьне і пра тое, чаму і як ягоны «Магніт» стаў найбуйнейшай гандлёвай сеткай у Расеі. А цяпер узгадайце, што вам вядома не пра «Дынама» Менск, а пра бізнэс Юрыя Чыжа, і ад яго самога, а не з чыіхсьці словаў…

Знаходзяцца, канечне, выключэньні, якія аднак толькі пацьвярджаюць правіла. Беларускі бізнэс – зашпілены на ўсе гузікі, абгорнуты гуканепранікальнымі коўдрамі, з зашытым ротам. Бо вядзецца збольшага нецывілізавана, бо прыбытак залежыць не ад рэпутацыі і празрыстасьці а ад ступені набліжанасьці да ўлады. Такі бізнэс любіць цішыню. Але вось вам розьніца: у Расеі такая «маўклівая эканоміка» існуе паралельна з эканомікай публічнай, а ў Беларусі толькі маўклівая і існуе. І бізнэсмэны Хоціны – найяскравейшы яе прадукт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG