Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Міхалок вяртаецца ў Менск да сына


Сяргей Міхалок

Сяргей Міхалок

Пакуль Сяргей Міхалок спыніў тур гурта «Ляпіс Трубяцкі» і вярнуўся ў Беларусь, каб убачыць свайго нованароджанага сына, яго справа жыве. Хто аб’яднаў Лявона Вольскага, Дзядзю Ваню, Паліну Рэспубліку, Тамару Лісіцкую і Віталя Радзівонава. А вы ведалі, што часопіс «Вожык» да гэтага часу выходзіць?

У рубрыцы Радыё Свабода «Сеткі падказалі» мы знаёмім вас зь цікавымі навінамі і тэмамі, якія зьяўляюцца, абмяркоўваюцца і выхопліваюцца намі з сацыяльных сетак.


Справа Міхалка жыве і безь яго


Пакуль Сяргей Міхалок спыніў тур гурта «Ляпіс Трубяцкі» і вярнуўся ў Беларусь, каб убачыць свайго нованароджанага сына, яго справа жыве. Гурты і выканаўцы па ўсім сьвеце перапяваюць шлягеры «Ляпісаў», каб у выніку патрапіць у трэк-ліст альбому «Lyapis Crew: ТРУбьют».


Трэкі, якія ў выніку ўвойдуць у трыб’ют, будуць адабраныя асабіста ўдзельнікамі гурта, а яшчэ дзьве песьні будуць уключаныя ў рэліз па выніках народнага лайк-галасаваньня. Музыкі, чые трэкі патрапяць у афіцыйны рэліз, атрымаюць афіцыйны дазвол выконваць свае кавэр-вэрсіі на канцэртах і ўключаць іх у свае альбомы!

Да 30 лістапада любы выканаўца яшчэ можа даслаць свой кавэр-запіс. Пазнаёміцца з дасланымі працамі можна ўжо зараз: у афіцыйнай суполцы гурта «Вконтакте» кожны тыдзень выкладаюцца дасланыя на конкурс кавэры.

Сярод апошніх быў і кавэр на песьню «Еўпаторыя» ад беларускага гурта «ZnaROCK», які пераклаў гэтую вядомую песьню на беларускую мову.

Станіслаў Манюшка аб’яднаў Лявона Вольскага і Дзядзю Ваню


Як прыцягнуць увагу моладзі да опэры? Усё вельмі проста — трэба ў адным рэклямным роліку зьняць музыкаў Лявона Вольскага і Дзядзю Ваню, Паліну Рэспубліку і Андруся Такінданга, тэлевядучых Тамару Лісіцкую і Сяргея Філімонава, спартоўцаў Віталя Радзівонава і Андрэя Стася ды іншых адметных людзей, ды каб яны па-беларуску ў лёгкай і арыгінальнай форме распавялі пра Станіслава Манюшку.





Такім чынам, 19 лiстапада — у Магiлёве, а 24 лicтапада — у Менску Музычны Дом «Класіка» пры падтрымцы Польскага Iнстытута прадстаўляе прэм’еру лірыка-камэдыйнай опэры знакамітага беларускага i польскага кампазытара Станіслава Манюшкі «Verbum Nobile» («Слова гонару»).

Вечна жывы «Вожык»


А вы ведалі, што часопіс «Вожык» да гэтага часу выходзіць? Праўда, у Фэйсбуку на мінулым тыдні зьяўляліся допісы, што знайсьці яго ў шапіках ня так проста. Прыкметы жыцьця легендарнага беларускамоўнага часопісу сатыры і гумару «Вожык» пацьвярджаюць выкладзеныя на сайце выдавецкага дому «Звязда» pdf-файлы часопіса з 2010 па 2013-ты год.

У гэтым годзе ўжо выйшла ажно 10 нумароў. Наклад апошніх нумароў стабільны — 1767 асобнікаў.



Тым часам у сацыяльных сетках ужо паўтары гады існуе і набірае папулярнасьць суполка «Беларускія рагатулькі», якая ўжо налічвае больш за 20 тысяч падпісчыкаў. Кожны дзень у гэтым альтэрнатыўным «Вожыку» онлайн-часопісе зьяўляюцца народныя жарты, коміксы, карыкатуры і каляжы на актуальныя і штодзённыя навіны, зьявы і падзеі ў Беларусі і за мяжою, якія робяць і дасылаюць чытачы суполкі.

XS
SM
MD
LG