Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак-уцякач зь Беларусі затрыманы ў Маскве


Дзяніса Лімонава, лідэра магілёўскай арт-групы «Липовый цвет», затрымалі ў Маскве.

Паводле інфармацыі расейскіх СМІ, яго спынілі на вуліцы для праверкі дакумэнтаў 18 лістапада. Магчыма, Лімонава чакае дэпартацыя ў Беларусь.

Лімонаў быў затрыманы на Пушкінскай плошчы ўчора ўвечары, паведамляе расейскі праваабарончы цэнтар «Маніторынг дзяржаўнага гвалту».

Падставай для затрыманьня паслужыла праверка паліцыяй дакумэнтаў у грамадзян «нефармальнай зьнешнасьці». Пасьля дастаўленьня ў адзьдзел унутраных спраў імя Лімонава выявілі ў базе. Цяпер мастак знаходзіцца ў Таганскім пастарунку. Пра яго затрыманьне праваабаронцам паведаміў беларускі журналіст і мастак Аляксандр Калеснікаў. Сёньня а 9-й раніцы Лімонава меліся даставіць у пракуратуру, пасьля чаго можа быць запушчаная працэдура дэпартацыі.

9 сьнежня 2011 году Дзяніс Лімонаў зьдзейсьніў мастацкую акцыю ў выглядзе звароту да Генэральнай пракуратуры Беларусі, у якім абвесьціў пра датычнасьць групы да тэрактаў у Менску і Віцебску.

Найбольш вядомая акцыя арт-групы — «Мэтро імя Канавалава-Кавалёва». Удзельнікі групы наклеілі такі плякат на ўваходзе ў станцыю мэтро Кастрычніцкая, на якой 11 красавіка 2011 году быў зьдзейсьнены тэракт. Мастакі такім чынам выказвалі сваю нязгоду з афіцыйным прысудам і асуджэньнем прызнаных вінаватымі ў тэракце Канавалава і Кавалёва да сьмяротнага пакараньня.
XS
SM
MD
LG