Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма на Акрэсьціна. Новыя інтэр’еры і парадкі


Турма на Акрэсьціна
Турма на Акрэсьціна

У знакамітай менскай турме для адміністратыўна асуджаных, дзе пабывала амаль уся апазыцыя, ідзе рамонт, там устаўляюць шклопакеты, а на вячэру зьняволеным пачалі даваць па сасісцы.

Другі год у менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, што на вуліцы Акрэсьціна, на умовы ўтрыманьня ў якім было шмат скаргаў, у тым ліку ў Камітэт правоў чалавека ААН, вядзецца рамонт.

Вонкава рамонт старога будынку Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў завяршаецца: у вокны ўстаўленыя шклопакеты, муры пафарбаваныя ў цёмна-чырвоны і шэры колеры, на тэрыторыі, калі зазірнуць праз шчыліну брамы, ня бачна кучаў сьмецьця, як было ўлетку. Але калі дакладна скончыцца рамонт, пра гэта міліцыянты з аховы турмы не кажуць:

«Не ўпаўнаважаны даваць такія камэнтары. Прабачце».

Леанід Смоўж
Леанід Смоўж
Некалькі дзён таму з турмы на Акрэсьціна выйшаў машыніст Беларускай чыгункі Леанід Смоўж, якога пакаралі 3 суткамі арышту за тое, што апрануў падчас мітынгу ў Лошыцкім Яру майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі!»

Гаворачы пра ўмовы ў ізалятары, Леанід Смоўж перш за ўсё адзначыў, што там было холадна і ў камэры не хапала сьвятла:

«Калі мы скардзіліся, нас ахоўнікі „запрашалі“ сесьці ў будучым годзе. Казалі, ў новым будынку вам будзе добра: і сьвятла, і цяпла хопіць на ўсіх».

Што ведае Леанід Смоўж пра тое, як вядуцца рамонтныя працы на Акрэсьціна? Былы вязень сказаў, што зьвестак пра гэта ў яго вельмі мала, акрамя адной падрабязнасьці:

«Там побач з нашай камэрай была камэра, дзе трымалі працаўнікоў, якіх водзяць на рамонт другога будынку. А нас нікуды не вадзілі».

Мікола Дземідзенка
Мікола Дземідзенка
Актывіст Маладога фронту Мікалай Дземідзенка за час дзейнасьці ў «Маладым фронце» шмат разоў «сядзеў» як ў старым будынку ЦІП, гэтак і ў цяперашнім корпусе, які належыць Ізалятару часовага утрыманьня (ІЧУ). Паводле Дземідзенкі, ў ЦІП у камэрах не было нараў, а людзі спалі на драўляным «подыюме». Таксама там у камэрах не было месца для прыёму ежы, а прыбіральня знаходзілася ў куце і не была агароджаная. А як наконт душу? Мікалай Дземідзенка згадаў, што на цокальным паверсе душавыя былі і нават ў нядрэнным стане.

«Напрыклад, душавыя там былі ўнізе, дык яны лепш выглядалі, чым ўвесь корпус, бо іх раней рамантавалі. Ня ведаю, што будзе пасьля новага рамонту, але наўрад ці нешта выключнае. Што да „расьнічак“ на вокнах, то ня ведаю, ці іх захаваюць. Пакуль там ставяць шклопакеты. У ІЧУ зараз на вокнах „расьнічкі“ і вокны не адчыняюцца, што таксама дрэнна. Мяркую, ў новым будынку на вокнах таксама будуць „расьнічкі“ — ў нас без гэтага ня могуць».

Як кармілі вязьняў?


Апошні раз Мікалай Дземідзенка «пасядзеў» на Акрэсьціна ў верасьні. Ён згадвае, што да вечаровай кашы пачалі дадаваць сасіску, чаго раней не было:

«Ежа з большага там нясмачная, але я неразборлівы, прызвычайваўся», — зазначае Мікалай Дземідзенка. Значных зьменаў да лепшага ў ежы ў новым будынку ён не чакае.

Раней у турме на Акрэсьціна вязьням не выдавалі лыжак з доўгім чаранком.
У канцы 1990-х гадоў з такімі лыжкамі, за якія немагчыма ўхапіцца, доўга змагаўся былы дэпутат Вярхоўнага Савету Валер Шчукін, які шмат разоў «сядзеў» на Акрэсьціна. Валеру Шчукіну нешта сапраўды ўдалося: вязьням пачалі даваць белы хлеб і выводзіць на прагулкі, замянілі лыжкі-калекі на нармальныя.

Праваабаронца з «Вясны» Валянцін Стэфановіч згадвае 2010 год, калі сам сядзеў на Акрэсьціна з Алесем Бяляцкім, ён кажа, што зноў ім выдавалі лыжкі без чаранкоў.

Пасьля той адседкі ў халоднай і цёмнай камэры Валянцін Стэфановіч накіраваў у Камітэт правоў чалавека ААН скаргу на ўмовы ў турме на Акрэсьціна, якія ён параўнаў з катаваньнем. Праваабаронца таксама «закідаў» скаргамі міліцэйскія ўстановы, адкуль прыходзілі адказы, што пасьля рамонту ўмовы палепшацца. Ці чакае Валянцін Стэфановіч, што гэтак і будзе?

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Ня думаю, што месца стане больш у камэрах, бо наўрад ці яны там стануць ламаць перагародкі. Сьвятло таксама застанецца цьмяным, бо дзяжурная лямпачка мусіць гарэць заўсёды, і магутную там не паставяць. Мяркую, будзе цяплей, бо паставяць новыя трубы, новыя батарэі. Хацелася б гэтак спадзявацца. Хаця, падазраю, будуць скразьнякі, бо калідорная сыстэма засталася. Таму там можа быць няўтульна. Але, ў любым разе — якія б умовы ні былі — сядзець усё роўна нядобра».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG