Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя на Гаіці ўжыла сьлёзацечны газ супраць удзельнікаў шматтысячнай дэманстрацыі пратэсту ў прыгарадзе сталіцы краіны Порт-о-Прэнса. Яе ўдзельнікі патрабавалі адстаўкі прэзыдэнта краіны Мішэля Мартэі.

Дэманстранты наладзілі на вуліцах загароды з падпаленых пакрышак, білі шкло прыпаркаваных аўтамабіляў, некаторыя зь якіх кідалі ў паліцыянтаў камяні. Гэта была самая буйная антыўрадавая дэманстрацыя ў краіне з тых часоў, як Мартэі прыйшоў да ўлады ў траўні 2011 года. Адной з падстаў для незадаволенасьці людзей сталася зацяжка з правядзеньнем выбараў у парлямэнт і мясцовыя органы ўлады краіны, якія павінны былі прайсьці два з лішнім гады таму.

Агенцтва Reuters прыводзіць словы прадстаўнікоў гаіцянскай апазыцыі, якія заяўляюць, што Мартэі прадстаўляе інтарэсы той самай меншасьці, у часы праўленьня якой краіна прыйшла ў стан галечы.

Гаіці зьяўляецца адной з самых бедных краін у сьвеце і залежыць ад міжнароднай гуманітарнай і эканамічнай дапамогі. Паводле прадстаўніка разьмешчанага на Гаіці міратворчага кантынгенту ААН, у апошні час у некаторых раёна краіны значна пагоршылася крымінагенная сытуацыя і сталі частымі забойствы.

У кастрычніку Рада бясьпекі ААН падоўжыла тэрмін знаходжаньня міратворчых сіл на Гаіці да кастрычніка 2014 года.
XS
SM
MD
LG