Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 19 лістапада: Малгажата Бухалік у кнігарні «Логвінава»


Малгажата Бухалік, якая сёньня выступіць у кнігарні «логвінаЎ»

Малгажата Бухалік, якая сёньня выступіць у кнігарні «логвінаЎ»

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У рамках фэстывалю «Лятучы стол Караткевіча» ў кнігарні «логвінаЎ» адбудзецца вечар, прысьвечаны перакладам Уладзімера Караткевіча на замежныя мовы. Пройдзе прэзэнтацыя польскага перакладу рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» з удзелам перакладчыцы Малгажаты Бухалік. Пачатак а 19.00.

У галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Тамковіча «Найноўшая гісторыя ў асобах». Кніга складаецца зь біяграфічных нарысаў, размоў, эсэ пра лёс і погляды 100 выдатных людзей беларускай сучаснасьці. Пачатак а 17.00.

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей наведае з рабочым візытам Маскву, дзе возьме ўдзел у супольным пасяджэньні калегій МЗС абодвух краінаў.

У канфэрэнц-залі Музэя сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасьці, 47) адбудзецца адкрыцьцё фатаграфічнага праекту Алесі Філіпавай «МАСАЛА». Масала – гэта фірмовая гарбата са спэцыямі. «Мне хацелася б, каб людзі выйшлі з сацыяльна навязанага, матэрыялістычна накіраванага мысьленьня, і праз кадры і тыя асобы, якія на іх адлюстраваныя, задумаліся, што ня новы айфон або Фольксваген робіць людзей шчасьлівымі. Што жывыя толькі тыя, хто любіць узаемаадносіны. Прастата і шчырасьць маюць рэальны кошт у гэтым сьвеце» – кажа Алеся Філіпава, аўтарка выставы. Пачатак а 17.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1190 – быў заснаваны Тэўтонскі ордэн.

1493 – экспэдыцыя Хрыстафора Калюмба адкрыла выспу Пуэрта-Рыка.

1982 – каманда «Дынама» (Менск) стала чэмпіёнам СССР па футболе.

У гэты дзень нарадзіліся:

1784 – Міхал Баброўскі, навуковец-славіст, адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэньня. Баброўскі дасьледаваў гісторыю славянскага кнігадрукаваньня, выданьні Фіёля, Фёдарава ды Мсьціслаўца. Зрабіў поўнае апісаньне кірылічных і глагалічных кніг Ватыканскай бібліятэкі. Але самае, бадай, галоўнае – ён нанава адкрыў сьвету імя Францішка Скарыны.

1900 – Анна Зэгерс, нямецкая пісьменьніца.

У гэты дзень памерлі:

1557 – польская каралева і вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца, другая жонка Жыгімонта І Старога. Сама яна была італьянка і шмат зрабіла для разьвіцьця беларускіх земляў і для збліжэньня Беларусі з Заходняй Эўропай. З ініцыятывы каралевы Боны была праведзеная вялікая аграрная рэформа. За часу Боны ў Беларусь прыехала багата яе суродзічаў-італьянцаў: мастакоў, навукоўцаў, дойлідаў, вайскоўцаў і купцоў. Беларусь была залучаная ў сфэру ўплыву італьянскага Рэнэсансу.

1942 – Бруна Шульц, польскі пісьменьнік.

2008 – Алег Лойка, беларускі паэт, пісьменьнік і літаратуразнаўца.

2012 – Барыс Стругацкі, расейскі пісьменьнік-фантаст.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Заўсёды трошкі таямніцай
Была ты для мяне і ёсьць:
Чагосьці сьветлага крыніцай,
Перад якім я – толькі госьць.

Прывабнай зоркай зь яркай высі
Сышла ў мае сямнаццаць год.
Узяць пад ручку баючыся,
Цябе праводзіў да варот.

Ты мне і сёньня – таямніца,
І, можа, шчасьце ў тым і ёсьць,
Каб не напіцца з той крыніцы,
Перад якой ты – вечны госьць!


Алег Лойка
XS
SM
MD
LG