Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стадыён «Дынама»: замест «касьмічнай арэны» — падлатаны даўгабуд


У сьнежні Аляксандар Лукашэнка мусіць зацьвердзіць праект рэканструкцыі стадыёну «Дынама» — праз год пасьля таго, як там пачаўся дэмантаж трыбунаў і абсталяваньня.

За гэты час беларускі бок адмовіўся ад паслугаў кампаній з Вугоршчыны і Нямеччыны, якія спэцыялізуюцца на ўзьвядзеньні такіх аб’ектаў, а таксама перагледзеў намеры зрабіць стадыён выключна футбольным: вырашана захаваць лёгкаатлетычную спэцыялізацыю. Пад пытаньнем лёс іншай сталічнай арэны — «Трактар», якая фігуруе ў заяўках на матчы Эўра-2020: паводле апошніх зьвестак, замест рамонту старога побач нібыта збудуюць новы.

Колішні гонар беларускіх спартоўцаў і заўзятараў — сталічны стадыён «Дынама» — стаіць у руінах. Развалены казырок, усталяваны да Алімпіяды-1980, зьнятыя плястыкавыя крэслы, дэмантуюцца асьвятляльныя вежы.

Пакуль будаўнікі зносяць тое, што ўзьвялі папярэднікі, улады ня могуць вызначыцца, у якім кірунку рушыць далей. Ад пачатку Нацыянальны стадыён зьбіраліся вынесьці за рысу горада — у мікрараён Шчомысьліца, бліжэй да «студэнцкай вёскі». Аднак яшчэ на этапе распрацоўкі праектнай дакумэнтацыі было вырашана пакінуць галоўную арэну ў цэнтры, пераабсталяваўшы яе пад выключна футбольную. Ва ўрачыстай атмасфэры пераможцам тэндэру была абвешчаная вугорская фірма «Graboplan», але неўзабаве кантракт быў дачасна разарваны. Новы конкурс выйграла нямецкая кампанія GMP, але «супрацоўніцтва» скончылася тым жа: ад паслугаў беларускі бок адмовіўся без тлумачэньня прычынаў.

Дакладней, прычына стала вядомай падчас адмысловай нарады: Лукашэнка вырашыў захаваць на стадыёне бегавыя дарожкі. А з такой задачай, маўляў, справяцца і мясцовыя спэцыялісты. Галоўны архітэктар праекту Аляксандар Елісееў напярэдадні сказаў журналістам, што эскіз рэканструкцыі «Дынама» гатовы і напачатку сьнежня трапіць на стол да прэзыдэнта. Калі Лукашэнка паставіць візу — распачнуцца і працы. Ён удакладніў, што ніякіх ноў-хаў ня будзе, і «Дынама» захавае ўсе пазнавальныя контуры. Такім чынам, вырашана абмежавацца збольшага касмэтычным рамонтам.

Як лічыць спартовы аглядальнік Яўген Валошын, з такімі хаатычнымі хістаньнямі грамадзкасьці нічога добрага чакаць не выпадае:

«Што тычыцца „Дынама“-лёгкаатлетычнага, дык ад прэтэнзій будаваць стадыён за 150 мільёнаў эўра, я так разумею, адмовіліся (а першапачаткова з вугорцамі агучвалася менавіта такая сума). Такая ж, нават яшчэ большая сума прадугледжвалася б па нямецкім праекце: больш за 30 тысяч месцаў, 3 тысячы эўра — адно пасадачнае месца для заўзятараў. Відаць, не змаглі пацягнуць такую суму, плюс яшчэ прыярытэты паставілі на будаўніцтва „Чыжоўка Арэны“. Зразумела, што празь 5, 7 ці 10 гадоў нейкую рэканструкцыю правядуць — ня будуць жа ў цэнтры горада стаяць руіны, так проста не бывае. Тым больш, што з-за гэтага вакол стадыёна ня могуць нават пачаць будаўніцтва гатэляў. Таму рана ці позна справу да канца давядуць, хоць яна і выглядае камічнай. Але, як і прадказвалі ад самага пачатку прадпрымальнікі з рынку „Дынама“, падлатаюць стадыён крышачку, мінімальна, сваімі сіламі правядуць рэканструкцыю — на гэтым і скончыцца. У прынцыпе, прагноз звычайнага народа аб тым, што ня будзе там стаяць ніякай моднай арэны, апраўдаўся. Гэта ўжо можна канстатаваць».

Пасьля таго, як было вырашана не ламаць дынамаўскую спэцыялізацыю, галоўны футбольны стадыён меркавалася ўзьвесьці на месцы «Трактара», дзе фармальна базуецца каманда «Мінск». Аднак за прамінулы час нічога ня зроблена і там — нягледзячы на тое, што няісны «стадыён-трыдцацітысячнік» нават патрапіў у заяўку на правядзеньне матчаў эўрапейскага першынства 2020 году. Наадварот, цяпер ужо вядзецца гаворка, што «Трактар» чапаць ня трэба, а побач можна збудаваць новы. Тым часам сытуацыя даходзіць да абсурду: праз адсутнасьць сучасных стадыёнаў у сталіцы менскія клюбы падчас эўракубкаў хатнія матчы гуляюць у Берасьце і Горадні. У абласных цэнтрах праводзіць міжнародныя сустрэчы і нацыянальная зборная, хоць дзеля папулярызацыі футболу гэта і ня лішне.
Стадыён «Трактар»

Стадыён «Трактар»


Адмовіліся ад плянаў фарсіраваць адкрыцьцё адзінага стадыёну, сэртыфікаванага пад найвышэйшыя стандарты UEFA, у Барысаве. Кірыл Альшэўскі, спартыўны дырэктар каманды БАТЭ, якая нядаўна стала 10-разовым чэмпіёнам Беларусі, перакананы: у гэтай справе лепш ня гнацца за паказьнікамі, а спакойна ўсё давесьці да ладу:

«Так, наўрад ці гэта здарыцца сёлета. Прынамсі мы гэтага ня хочам і, калі нічога, што запатрабуе тэрміновага адкрыцьця, ня здарыцца, дык перанясём на наступны год. Па вялікім рахунку, там усё гатова, проста дапрацоўваецца, даводзіцца па дробязях да розуму. Пакуль магчымасьць ёсьць, не хацелася б асабліва фарсіраваць».

Як лічыць былы футбольны тэлекамэнтатар Алесь Камароўскі, каб хоць палова ад таго, што ўкідваецца ў беларускі хакей, перападала футболу, вынікі былі б зусім іншыя — і ў гульні, і ў інфраструктуры:

«Я думаю, што, канешне, аддача была б зусім іншага парадку. Тут увогуле цэлы комплекс праблемаў. Уявіце, што ўвесь гэты футбольны бюджэт разьмяркоўваецца на ўсе ўзроўні: ад раённай да цэнтральнай інфраструктуры. То бок, раёны цягнуць на сябе, вобласьці — на сябе, сталіца — на сябе. А ў хакеі, самі паглядзіце, усё мэтанакіравана ідзе фактычна на адну каманду. Ну, з нацяжкай можна сказаць, што на дзьве — „Дынама“ і „Юнацтва“. Ня кажучы ўжо пра тое, якая ствараецца хакейная інфраструктура па ўсёй краіне. Таму, калі б столькі ўвагі надзялялася футболу, колькі хакею — былі б вынікі таксама лепшыя. А што да футбольных стадыёнаў, дык сытуацыя ўвогуле драматычная: практычна ніводнай арэны, адпаведнай сучасным патрабаваньням».

Стала вядома, што канчатковыя працы на «Дынама» будзе ацэньваць не UEFA, як плянавалася ад пачатку, а Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацый (IAAF). Гэта значыць, менскім заўзятарам яшчэ доўга давядзецца чакаць уласнай футбольнай арэны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG