Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навошта акцыі Ўралкалія купляе ураджэнец Беларусі?


Віктар Дзятліковіч

Віктар Дзятліковіч

Група кампаній «Анэксім» расейскага прадпрымальніка Міхаіла Прохарава выкупляе 21,75% акцыяў «Уралкалія» ў Сулеймана Керымава. Разам з гэтым уласьнік прадпрыемства «Ўралхім», ураджэнец Беларусі Дзьмітрый Мазепін, выкупіць амаль 12 працэнтаў акцыяў, што належалі партнэрам Керымава. Ці азначае гэта, што цяпер выканана адно асноўных патрабаваньняў афіцыйнага Менску? Ці варта чакаць, што з новымі ўласьнікамі «Ўралкалія» супрацоўніцтва гэтай кампаніі і «Беларуськалія» можа зноў адрадзіцца? На гэтыя пытаньні адказвае з Масквы рэдактар аддзелу палітыкі часопіса «Русский репортер» Віктар Дзятліковіч.

— Ці азначае купля акцыяў Керымава выкананьне Расеяй аднаго з патрабаваньняў Аляксандра Лукашэнкі — каб Керымаў ня быў акцыянэрам «Уралкалія»? І цяпер супрацоўніцтва «Ўралкалія» і «Беларуськалія» зноў можа наладзіцца?

— Безумоўна, гэтае патрабаваньне можа лічыць выкананым. Лукашэнка адназначна патрабаваў, каб Керымава не было ў «Уралкаліі».

Але я б зьвярнуў увагу нават не на асобу Прохорава, а на іншага бізнэсоўца, які таксама купляе акцыі «Ўралкалія». Гэта ўласьнік заводу «Ўралхім» Дзьмітрый Мазепін. І мне падаецца, што зьяўленьне гэтай асобы больш важнае. Чаму? Бо Мазепін нарадзіўся ў Беларусі, працаваў, меў тут свой бізнэс. І наколькі я ведаю, Лукашэнка называў яго сярод тых, каго хацеў бы бачыць на месцы Сулеймана Керымава.

Таму я думаю, што менавіта Мазепін, а ня Прахараў, будзе зараз весьці кантакты зь беларускім кіраўніцтвам. І прысутнасьць гэтай асобы сярод акцыянэраў «Уралкалія» кажа пра тое, што новыя кіраўнікі «Ўралкалія» будуць ісьці на кантакты зь беларускім кіраўніцтвам.

— Наконт Міхаіла Прохарава існуе вельмі шмат вэрсіяў і меркаваньняў — альбо ён сапраўды апазыцыйны Крамлю, альбо наадварот, мае ў Крамлі падтрымку. Ці можна сказаць, што пакупка Прохаравым і Мазепіным часткі акцыяў «Уралкалія» была зробленая са згоды Крамля?

— Я ў гэтым упэўнены. Хаця Прохараў і гуляе неяк у апазыцыйнасьць, усё адно большасьць палітыкаў і аналітыкаў лічыла яго чалавекам, які ня пойдзе на разрыў з Крамлём і захавае добрыя адносіны і з Пуціным, і зь Мядзьведзевым. Так, хутчэй за ўсё, і адбылося — пра гэта сьведчаць усе паводзіны Прохарава. Таму, безумоўна, ягоная кандыдатура як пакупніка акцыяў «Уралкалія» мусіла быць зацьверджаная ў Крамлі.

— Ці варта чакаць, што з новымі ўласьнікамі «Ўралкалія» супрацоўніцтва гэтай кампаніі і «Беларуськалія» можа зноў адрадзіцца? Ці могуць яны зноў уступіць у альянс — ці надта шмат зроблена крокаў насуперак адзін аднаму?

— Калі б пакупніком акцыяў быў толькі Прохараў — я б меў яшчэ пэўныя сумневы, ці будзе ён наладжваць кантакт з Лукашэнкам. Усё ж асоба Прохарава мае яшчэ нейкі флёр дэмакратычнасьці і апазыцыйнасьці.

Аднак прысутнасьць у гэтай угодзе Дзьмітрыя Мазепіна гаворыць пра тое, што стаўка зроблена на тое, каб вярнуцца да супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем». Магчыма, не адразу, праз доўгія перамовы, праз пэўныя саступкі — як наконт паўнамоцтваў, гэтак і наконт крымінальнага перасьледу супрацоўнікаў «Уралкалія». Аднак урэшце, я думаю, гэтае супрацоўніцтва адновіцца.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG