Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Су-27 як сродак для абароны прэзыдэнцкага крэсла


Су-27

Су-27

Аляскандар Лукашэнка 18 лістапада, наведваючы 61-ю зьнішчальную авіябазу ў Баранавічах, выказаўся за мадэрнізацыю і ўзнаўленьне некаторых відаў вайсковай тэхнікі. Гэтак, ён заклікаў не сьпяшацца з вывадам са складу войск супрацьпаветранай абароны самалётаў Су-27:

«Дапусьцім, ці патрэбны нам Су-27 — вельмі магутны і дарагі самалёт. У нас іх два дзесяткі. Я выказаўся за тое, што нам патрэбна падумаць і захаваць гэтыя самалёты на нейкі паражаючы тэрмін, як бы дорага гэта ні было».

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін пракамэнтваў Свабодзе гэтыя выказваньні кіраўніка дзяржавы:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Гэта даволі цьмяная справа. Гэтыя самалёты вытворчасьці канца 80-х гадоў. Калі лічыць каляндарныя гады, то яны адлёталі свой тэрмін. А калі лічыць па лётным часе, то — не. Гэтыя самалёты разьлічаныя на 100–120 гадзін налёту цягам аднаго году. А ў нас яны ляталі за год і 60 гадзін. І нават 20. Бо гэтыя самалёты вельмі пражэрлівыя.

Таму сярод вайскоўцаў існуюць супярэчлівыя падыходы: адны за тое, каб адмовіцца ад Су-27. Іншыя — захаваць.

Але тут справа палітычная. Калі зьняць гэтыя зьнішчальнікі, то тады трэба шукаць новыя. Іх з задавальненьнем дасьць Расея. Пра што і казаў міністар Шайгу.

Але для Лукашэнкі гэта балючая тэма. Асабліва з пэрспэктывай на новыя прэзыдэнцкія выбары. Аддаць ахову свайго неба замежнай дзяржаве? Я думаю, гэта рызыкоўна для іміджу кіраўніка сувэрэннай Беларусі. Мяркую, найперш з-за гэтага Лукашэнка і зрабіў сёньняшнюю заяву».
XS
SM
MD
LG