Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзія Міхеева пра інтымнасьць і мэтафізыку на «Лістападзе»


Лідзія Міхеева

«Жыцьцё Адэль» Кешыша, «Рай: Каханьне», «Рай: Надзея», «Рай: Вера» Зайдля (у праграме «Майстар-клас»), «Інтымныя месцы» Меркулавай і Чупава (праграма «Маладосць на маршы») — усё гэта ўжо нашумелыя фільмы, на якія менскі глядач ішоў у чаканьні адкрыцьцяў. А таксама карціны «Вечнае вяртаньне» Кіры Муратавай (якая ў выніку атрымала прыз «За эстэтычную дзёрзкасьць»), «Географ глёбус прапіў» Велядзінскага, «Роля» Лапушанскага... Гэтыя фільмы карысталіся шалёным посьпехам у гледачоў, а на ўваходзе на прэс-паказ фільму пра географа-алькаголіка ў выкананьні Хабенскага нават здарылася самая сапраўдная бойка — настолькі засумавалі айчынныя кінаманы па чароўным сьвеце кіно... Была і бліскучая сацыяльная стужка Цзя Джанкэ «Дотык граху» (прыз «Лістападу» за лепшую рэжысуру), якая складаецца з чатырох крывавых навэл з налётам сапраўднага азіяцкага сымбалізму, пра тое, як кітайскі соцыюм даводзіць людзей да адчайных эксцэсаў. І мноства вельмі рэалістычных, заснаваных на дакумэнтальных сьведчаньнях і выпадках, карцін: «Залатая клетка», «Мой сабака кілер», «У квітненьні» (гэтая грузінская карціна атрымала галоўны прыз конкурсу «Маладосьць на маршы»).

Сярод стужак сацыяльнай значнасьці і безумоўнай мастацкай якасьці «каралевай» стала карціна польскага па паходжаньні рэжысэра Паўла Паўлікоўскага «Іда». Ламаць галаву над такім выбарам журы можна доўга (бо вельмі моцныя супернікі былі ў гэтага фільма), і ў той жа час галоўная прычына перамогі карціны відавочная. Менавіта такога кіно страшэнна бракуе Беларусі. Можна глядзець на «Іду» адначасова і як на выдатны кампраміс, і як на нейкі сынтэтычны шэдэўр, які спалучае ў сабе ўсё тое важнае, што разнастайныя культурныя мэнэджэры хацелі б бачыць адлюстраваным у нейкім ідэальным нацыянальным кіно. Паўтаруся, у «ідэальным», а не ў «тапорным», накшталт «Анастасіі Слуцкай».
Менавіта такога кіно страшэнна бракуе Беларусі

Фільм «Іда» распавядае аб пасьляваеннай Польшчы праз біяграфію Іды, паслушніцы манастыра, якая рыхтуецца прыняць манаства. Іда амаль выпадкова даведваецца пра свае габрэйскія карані і спрабуе па нітачцы разблытаць сваю асабістую гісторыю, празь якую спакваля раскрываюцца траўматычныя старонкі гісторыі Польшчы. Фільм Паўлікоўскага максымальна далікатны, яго чорна-белая эстэтычная аўра ахінае аповед настальгічным туманам, і ў той жа час не адбірае ў гледача вастрыні суперажываньня галоўнай гераіні. Гэты шчымлівы і чалавечны фільм пра Польшчу можна параўнаць хіба што зь літоўскай карцінай Гіціса Лукшаса «Вір», якая ў свой час нават намінавалася на «Оскар» і якая таксама зьяўляецца выдатным узорам кіно, дзе гісторыя нацыі асэнсоўваецца праз асабістую гісторыю асобы (час дзеяньня фільмаў практычна супадае, галоўны герой «Віру» спрабуе знайсьці сябе, асвоіцца ў пасьляваеннай Літве). Лірычнасьць, якая выяўляецца і ў выбары закадравай музыкі (у «Ідзе» гэта сумная таката і фуга рэ мінор Баха, а ў фільме Лукшаса — стылізаваная пад традыцыйную літоўскую музыку мэлёдыя дудачкі), а таксама візуальная паэтычнасьць абодвух фільмаў як бы «ўздымаюць» іх ад сацыяльна-гістарычнага ў мэтафізычны пласт чыстай прыгажосьці, чыстага смутку чалавечых страт... Як ні парадаксальна, менавіта лірызм і мэтафізыка надае асаблівую актуальнасьць і значнасьць гістарызму «Іды».

Стрыманай, чорна-белай «Ідзе», аблашчанай лістападаўскім журы, якое не магло спыніць сябе падчас адорваньня стужкі ўзнагародамі (Залаты прыз, Срэбны прыз, прыз за лепшую апэратарскую працу...) як бы супрацьстаяла іншая тэндэнцыя «Лістападу», зьвязаная менавіта з густамі і трэндамі сучаснай кінэматаграфічнай Эўропы. Удумлівай Ідзе супрацьстаяла вітальная (ад слова vita) Адэль.

Фільм Абдэлаціфа Кешыша «Жыцьцё Адэль», прызэр канскага фэстывалю, паказаны ў нас па-за конкурсам, акцэнтуе не палітычнае, не гістарычнае, а інтымнае. Ён выглядае адначасова і як наўмысная адмова падзяляць тое самае «жыцьцё», вынесенае ў назву фільма, на нейкія асобныя пласты ці рэгістры існаваньня. Ёсьць Адэль, францужанка-старшаклясьніца. Больш за ўсё ў жыцьці яна любіць літаратуру. І макароны. З апэтытам паглынае і тое, і іншае — такі даволі просталінейны намёк рэжысэра на ўсеахопную прагу жыцьця Адэль, якая спалучае дапытлівасьць са здаровым, амаль дзіцячым геданізмам. А яшчэ Адэль кахае дзяўчыну, мастачку Эму. З Эмай магчымая паўната. Паўната пачуцьцяў і паўната адносін. Па сутнасьці, дзяўчаты даюць адна адной ўсё, што чалавек можа даць іншаму. Рамантычнае зачараваньне. Павагу, цікавасьць да іншасьці. Паўсядзённае суіснаваньне ва ўлоньні маленькай сям’і на дваіх. І, вядома, сэкс.

Сэксу ў фільме Кешыша шмат. Сцэны аднаполага каханьня ў «Жыцьці Адэль» яшчэ давядзецца як сьлед асэнсаваць кіназнаўцам. Па многіх парамэтрах гэта першая інтэрвэнцыя такога кшталту ў вялікім аўтарскім кіно. Мы бачым сэкс ад першага пацалунку да аргазму; буйнасьць плянаў і мантаж ня стрымлівае глядацкі позірк — і тэхнікі эратычнага акту, і падрабязнасьці цялеснасьці гераінь дэманструюцца ва ўсіх нюансах. У параўнаньні з гэтым якое-небудзь «Апошняе танга ў Парыжы» падаецца цнатлівай стужкай, якая толькі намякае на сэксуальныя стасункі паміж героямі. Пры ўсім тым, што кінэматограф шмат разоў спрабаваў кінуць выклік грамадзкаму густу, цэнзуры і абмежаваньням, у яго арсэнале заўсёды знаходзіліся сродкі, каб адлюстраваць сэкс востра, але фрагмэнтаваць яго такім чынам, каб нешта заўсёды аказалася ўтоеным. Ракурсы, мантаж, асьвятленьне — усё гэта дазваляла калі не эстэтызаваць сэкс, то ўключыць яго ў агульную драматургію ўзаемаадносін герояў. Сэкс заўсёды значыў нешта акрамя самога сябе — у ім быў канфлікт, разрыў, дакор, здрада, абяцаньне будучага шчасьця, немагчымасьць сапраўднай блізкасьці, радасьць здабытага каханага, якое вось-вось рассыплецца... Увогуле, сэкс у кіно ніколі ня быў сэксам дзеля сэксу!
Па многіх парамэтрах гэта першая інтэрвэнцыя такога кшталту ў вялікім аўтарскім кіно. Мы бачым сэкс ад першага пацалунку да аргазму

Абдэлаціф Кешыш узламаў гэтую схему. І ў гэтым сэнсе тыя самыя вострыя моманты яго фільму — сапраўды парнаграфічныя (не ў «маральным», а ў чыста «тэхнічным» сэнсе гэтага слова) — у ім людзі займаюцца сэксам менавіта дзеля сэксу, і сэкс у фільме — самакаштоўнасьць, якая драматургічна «ні для чаго не патрэбна». У гэтым, мабыць, і палягае адзін з галоўных выклікаў фільму, які і спарадзіў мноства дыскусій. Хтосьці параўноўваў фільм з жаночым бульварным чытвом, у якім, як мы ведаем, цалкам суіснуюць рамантычныя завітушкі і софт-порна, якое забясьпечвае хатнім гаспадыням адначасова і сэнтымэнтальныя перажываньні, і ўзбуджэньне. Адзінае адрозьненьне ў тым, што ў фільме Кешыша вядзецца пра дзьвюх прынцэс, а не пра прынца і прынцэсу.

Але ж і хатнія гаспадыні сёньня пайшлі прасунутыя па частцы фэмінізму і разнастайнага «квіру», могуць талерантна ўспрымаць рамантызаваныя ружовыя соплі ўжо і лесьбійскага разьліву — кажуць апанэнты Кешыша. У гэткіх прэтэнзіях да стужкі ёсьць некаторыя падставы. Па сутнасьці, «Жыцьцё Адэль» зьяўляецца экранізацыяй коміксу пра дзьвюх закаханых дзяўчат пад назвай «Блакітны — самы цёплы колер». Комікс — нават самы якасны, па-майстэрску прыдуманы і намаляваны — усё ж заўсёды прадукт масавага спажываньня, накіраваны на пэўную мэтавую групу. І — так, гэта бульварнае чытво. Праўда, не зусім для хатніх гаспадынь — хутчэй для юных эўрапеек, якія спажываюць «самыя прасунутыя» ўзоры свабоды, інтымнасьці, шчасьця, разам з «дэмакратычнымі брэндамі» і інтэлектуальным «лайфстайлам» з налётам лёгкага экалягічна-сацыялістычнага гламуру.

Назіраючы за інтымнымі сцэнамі з жыцьця Адэль і Эмы, я прыгадвала знакамітыя эсэ Славоя Жыжэка пра парнаграфію. Яшчэ зусім нядаўна філёзаф падкрэсьліваў унікальнасьць парнаграфіі як жанру на той падставе, што яго ўвядзеньне ў любыя іншыя жанры кіно немагчыма ўявіць: неверагодна, каб у якіх-небудзь «Зьнесеных ветрам» героі, горача пацалаваўшыся, упалі на ложак і заняліся каханьнем, паказваючы гледачу ўсе падрабязнасьці сваёй жарсьці. У «Жыцці Адэль» адбываецца менавіта тое, немагчымасьць чаго для Жыжэка даказвала нейкую «іншасьветнасьць» парнаграфіі. Вялікае кіно адваявала былую прэрагатыву порна на паказ сэксуальнага акту як чагосьці, што зусім не абавязкова павінна быць драматургічна падпарадкавана сюжэту.
Праз «Жыцьцё Адэль» эўрапейскі кінэматограф магутным рухам вырывае ў эратычнага відэа і парнаграфіі права на сэкс

Добра гэта ці дрэнна — судзіць пакуль складана. Але гэта вельмі моцны палітычны жэст, прычым ня толькі з пункту гледжаньня настойваньня на той самай немагчымасьці штучна падзяляць жыцьцё чалавека на розныя пласты, вымярэньні. Акрамя гэтага, праз «Жыцьцё Адэль» эўрапейскі кінэматограф як такі магутным рухам вырывае ў эратычнага відэа і парнаграфіі права на сэкс. Хопіць яму існаваць у падпольлі, як бы кажа сваім жэстам Кешыш. Маскавацца пад фільмы «адмысловага жанру», прадавацца ў адмысловых крамах, спампоўвацца на «спэцыяльных сайтах», пад шатамі непрыстойнасьці, потных дрыжачых ручак. Хопіць расцэньваць сэкс на экране выключна як сродак для ўзбуджэньня і задавальненьня ўласнай сэксуальнай нястачы. Цяпер сэксуальны акт — нават не эратычнае цела ў нейкіх ракурсах, а менавіта акт — прэтэндэнт на статус твору мастацтва.

Сцэны каханьня ў Кешыша мантажуюцца з побытавымі сцэнамі (Адэль і Эма знаёмяць адна адну з бацькамі, пасталелая Адэль ужо сама выкладае ў малодшых клясах школы) і са сцэнамі «грамадзка-палітычнымі» — дзяўчаты апынаюцца ў натоўпе на гей-парадзе, Адэль разам з сябрамі пратэстуе супраць павышэньня коштаў на навучаньне, дзяўчаты абмяркоўваюць экзыстэнцыялізм Сартра і сучаснае мастацтва...

Па сутнасьці, у «Жыцьці Адэль» з Адэльлю нічога экстраардынарнага не адбываецца: яна спазнае каханьне, сталее, перажывае разрыў з найвялікшым каханьнем свайго жыцьця, і наперадзе яе чакае жыцьцё, у якім, па ўсёй верагоднасьці, такой інтэнсыўнасьці пачуцьцяў ужо ніколі ня будзе. Лёс закруціў вэнтылі, падараваўшы перад гэтым вялікі цуд. І адабраўшы яго. І з усьведамленьнем гэтага трэба проста неяк жыць далей, пажадана — годна жыць. І рэжысэр паказвае, што так, дзяўчына Адэль сапраўды будзе жыць далей. Плакаць, марыць, любіць смачную ежу, прыгадваць мінулае каханьне і, нягледзячы на адзінокія або гарачыя ночы, будзе раніцай ісьці ў школу і вучыць малых «разумнаму, добраму, вечнаму».

І так, назіраючы за акцэнтамі і трэндамі «Лістападу», за барацьбой лепшага з добрым, за супрацьстаяньнем нюансаў і паўтонаў, ставіш сабе пытаньне. Так, прыняць і ацаніць бездакорную «Іду» проста. Але ці хапае нам свабоды, каб з павагай і разуменьнем дакрануцца Іншага, з плоці і крыві — ці здольныя мы прыняць Адэль?
XS
SM
MD
LG