Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэмарыял у Трасьцянцы складуць капліцы пяці рэлігій


Ушанаваньне памяці ахвяраў у Трасьцянцы
Ушанаваньне памяці ахвяраў у Трасьцянцы

Стваральнікі заклікаюць нашчадкаў ахвяр канцлягера ў Трасьцянцы, што пад Менскам, падаваць прозьвішчы загіблых там для належнага ўшанаваньня іх памяці.

У Менску створана працоўная група па рэалізацыі праекту «Мэмарыял у Трасьцянцы».

У яе склад увайшлі прадстаўнікі дзяржаўных структур Беларусі, а таксама некалькіх рэлігійных канфэсій.

Пра гэта Свабодзе паведаміў прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, ксёндз Юры Санько:

«Праект складаецца з двух частак: адна зь іх распрацаваная майстэрняй архітэктара Леаніда Левіна, другая — прадпрыемствам „Менскпраект“. Днямі зь Нямеччыны вярнулася дэлегацыя, у якой прымаў удзел мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама прадстаўнікі праваслаўнай царквы і прадпрыемства „Менскпраект“, дзе яны прэзэнтавалі праект мэмарыялу. Радуе тое, што гэтая паездка была не дзеля таго, каб прасіць грошы, а каб паказаць наш клопат пра ўшанаваньне памяці аб загіблых і запрасіць людзей да ўдзелу. Бо ведаем, што гэта адзін з найбуйнейшых канцэнтрацыйных лягераў, але ён ня мае адпаведнага ўшанаваньня ні на нацыянальным узроўні, ні на эўрапейскім. Таму спадзяемся, што пабудаваны тут мэмарыяльны комплекс будзе мець міжнароднае значэньне, бо тут загінула больш за 250 тысяч чалавек, якія былі ня толькі зь Беларусі, але і з Эўропы: Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі і іншых краін».

Паводле айца Юрыя Санько, адметнасьць гэтага мэмарыялу будзе і ў тым, што там будзе пабудаваная «кветка экумэнізму» — храмы пяці канфэсій: праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай, габрэйскай і мусульманскай:

«Галоўная задача, каб гэты мэмарыял стаў жывым, каб ён стаў духоўным, адукацыйным цэнтрам, які ня будзе абмежаваны часам. Як, да прыкладу, мэмарыяльны комплекс „Хатынь“ — ён не абмежаваны часам, калі яго бачыш, то нельга сказаць у якіх гадах ён пабудаваны, бо ён — па-над часам. Такая задача працоўнай групы і духавенства стаіць і зараз, каб і мэмарыял у Трасьцянцы быў па-над часам. Сёньня мы молімся за гэта вельмі шмат, каб гэты праект увасобіўся ў мэмарыяле».

Плянуецца, што 7-8 чэрвеня ў Трасьцянец прыедзе вялікая дэлегацыя зь Нямеччыны і на праваслаўную Тройцу там адбудзецца вялікая ўрачыстасьць, будзе закладзеная капсула зь імёнамі загіблых.

«І мы ўжо сёньня заклікаем людзей, чые родныя ці знаёмыя загінулі ў Трасьцянцы, каб паведамлялі іх імёны. Бо калі сьпіскі грамадзян эўрапейскіх краін вядомыя, то вельмі цяжка знайсьці імёны загіблых беларусаў. Таму мы спадзяемся таксама на ўдзел грамадзкасьці, каб кожнае вядомае прозьвішча было ў гэтым мэмарыяле пазначанае. Таксама там плянуецца інфармацыйны цэнтар, дзе будзе паведамляцца ня толькі пра канцлягер у Трасьцянцы, але таксама ўсе канцэнтрацыйныя лягеры. Якія былі на тэрыторыі Беларусі, а іх было каля 240»,— зазначыў Юры Санько.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG