Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад чэмпіянатам Менск ачысьцяць ад бамжоў і алькаголікаў


Вязьні Акрэсьціна сьцьвярджаюць, што турма перапоўненая так званымі асацыяльнымі элемэнтамі, якіх забіраюць, каб потым накіраваць ў ЛТП і ачысьціць Менск да чэмпіянату па хакеі.

«У раённыя РУУС зьверху паступіў загад, каб да чэмпіянату сьвету ачысьціць Менск ад бамжоў і алькаголікаў. Дык пад гэтую марку хапаюць нецьвярозых людзей, даюць ім не штрафы, а садзяць на суткі, каб потым было лягчэй аформіць іх ў ЛТП і гэтак выканаць загад ад «ачыстцы» сталіцы да чэмпіянату»,— распавёў Свабодзе Леанід Смоўж, які з 10 па 15 лістапада адбываў пакараньне ў менскай турме на вуліцы Акрэсьціна за тое, што на мітынгу ў Лошыцкім Яру апрануў майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі».

Калі Леанід Смоўж выйшаў на волю, то галоўным ягоным уражаньнем ад турмы былі не цемра і холад, якія ён зьведаў на Акрэсьціна, а тое, што камэры забітыя тымі, каго абвінавачваюць у алькагалізме. Часта зусім несправядліва, мяркуе Леанід Смоўж:

Леанід Смоўж

Леанід Смоўж

«У нашай камэры было некалькі чалавек. Сярод іх і тыя, каго ППСнікі (міліцыянты патрульна-паставой службы) затрымалі ўсяго за распіваньне на вуліцы бутэлькі піва. Але калі б раней ім за гэта пагражаў штраф, то зараз — суткі арышту. І шмат хто зь іх лічыць, што потым будзе прымусовае накіраваньне ў ЛТП. Такіх гісторый ужо шмат і становіцца ўсё болей. Людзі гэта наўпрост зьвязваюць з чэмпіянатам сьвету па хакеі. Нават кажуць, што ёсьць загад РУУСам гэтым займацца, каб ачысьціць Менск»,— распавёў Леанід Смоўж.

Слова Леаніда Смоўжа пацьвердзіў і Вадзім Цярлецкі, які з 12 па 15 лістапада таксама быў адміністрацыйна арыштаваны на Акрэсьціна:

Леанід Цярлецкі

Леанід Цярлецкі

«Сапраўды, гэта так. Людзі кажуць, што такое ёсьць. Цяжка вызначыць, ці ёсьць такі загад, але відавочна, што колькасьць затрыманых за расьпіцьцё сьпіртных напояў там ўнушальная і ўсе кажуць, што іх становіцца ўсё болей», — кажа Вадзім Цярлецкі.

Атрымаць камэнтар да гэтых зьвестак ў менскім цэнтры ізаляцыі адміністрацыйных правапарушальнікаў на Акрэсьціна не ўдалося. Дзяжурны не стаў нічога камэнтаваць, а тэлефоны кіраўніцтва маўчалі.

Ці законна тое, што ў Беларусі людзей паводле суду можна накіраваць на прымусовае лячэньне ад алькагалізму? Паводле праваабаронцы Алега Гулака, ў Беларусі штогод да 5 тысяч чалавек гэтак пазбаўляюцца волі на розныя тэрміны, што праваабаронца лічыць незаконным:

Алег Гулак

Алег Гулак

«Такі закон прыняты, але ён цалкам супярэчыць Дэклярацыі аб правах чалавека і абавязальніцтвам, якія ўзяла на сябе Беларусь па абароне гэтых правоў, калі падпісала Дэклярацыю. Тут парушаюцца правы чалавека ў сэнсе прымусовага пазбаўленьня волі, што магчыма толькі за злачынства, між тым як алькагалізм не зьяўляецца злачынствам, гэта сацыяльная хвароба. Другое, парушаецца права чалавека, бо ў нас па Канстытуцыі забароненая прымусовая праца. Да таго ж гэта цалкам неэфэктыўны спосаб барацьбы з алькагалізмам. Фактычна грамадзтва робіць выгляд, што змагаецца, а насамрэч хвароба проста адкладаецца на нейкі час. Людзі выходзяць з ЛТП і бяруцца за сваё. Бо яны азлобленыя на ўсё грамадзтва і часта пазбаўленыя любой матывацыі да нармальнага жыцьця»,— кажа праваабаронца Алег Гулак.

Паводле прадстаўнікоў грамадзкасьці, ў Беларусі прымусовае лячэньне ад алькагалізму выкарыстоўваецца і як сродак ціску на людзей з іншымі палітычнымі поглядамі. Праваабаронцы згадваюць былога палітвязьня Арцёма Грыбкова, якога суд ня толькі адправіў за краты на 3 гады за ўдзел ў Плошчы, але і прымусіў лячыцца ў ЛТП. На судзе Арцём Грыбкоў даводзіў, што ніколі не меў залежнасьці ад алькаголю, але міліцыянты ў Карэлічах, адкуль ён паходзіць, афармлялі яму затрыманьні «па гэтай лініі» пасьля ягоных антыўрадавых выказваньняў.

Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Другі прыклад — лёс былога палітвязьня Васіля Парфянкова, які цяпер пад прымусам праходзіць лячэньне ў ЛТП. У 2011 годзе Васіль Парфянкоў быў асуджаны за Плошчу на 4 гады, выйшаў на волю паводле памілаваньня, але працягваў апазыцыйную дзейнасьць, патрапіў пад прафіляктычны нагляд і паводле суду быў накіраваны на 6 месяцаў у арыштны дом ў Баранавічах. Праз некалькі месяцаў, як Васіль Парфянкоў адбыў гэта пакараньне, яго адправілі ў ЛТП у Сьветлагорск.

«Нядаўна атрымаў там працу, а больш нічога ня ведаем. Набылі яму мабільны тэлефон, толькі вось званіць з яго яму не дазваляюць», — паведаміла Свабодзе Ганна Шапуцька, якая апякуецца былы палітвязьнем..
XS
SM
MD
LG