Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі інаўгурацыя новага прэзыдэнта


Георгій Маргвелашвілі

Георгій Маргвелашвілі

Кандыдат ад кіруючай кааліцыі "Грузінская мара" атрымаў перамогу на выбарах, якія прайшлі 27 кастрычніка. Паводле зьвестак Цэнтрвыбаркама, за 44-гадовага Георгія Маргвелашвілі прагаласавалі больш за 62 працэнты выбаршчыкаў.

Цырымонія яго ўступленьня на пасаду пройдзе ў двары былога будынка парлямэнта ў Тбілісі. Чакаецца прысутнасьць больш як 50 замежных дэлегацый. Папярэднік Маргвелашвілі на пасадзе, трэці прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ўдзельнічаць у цырымоніі адмовіўся, ён спаслаўся на палітычныя рознагалосьсі з новым кіраўніцтвам краіны.

Сёньня ж у Грузіі ўступаюць у сілу папраўкі ў канстытуцыю, якія значна абмяжуюць уладу прэзыдэнта на карысьць прэм'ер-міністра і ўрада. Таксама, паводле зьменаў, пасьля інаўгурацыі абранага прэзыдэнта дзейны ўрад павінны скласьці свае паўнамоцтвы. Цягам сямі дзён Маргвелашвілі афіцыйна прадставіць на пасаду прэм'ера Іраклія Гарыбашвілі, якога цяперашні прэм'ер Бідзіна Іванішвілі назваў сваім пераемнікам.

Напярэдадні кіраўнік МЗС краіны Майя Панджыкідзэ заявіла, што на цырымонію інаўгурацыі ў Тбілісі прыедуць 53 афіцыйныя дэлегацыі, як ад сяброўскіх краін, так і міжнародных арганізацый, перадае РИА Новости. Паводле міністра, у Тбілісі прыедзе кіраўнік Літвы Даля Грыбаўскайце, якая будзе прадстаўляць не толькі сваю краіну, але і Эўразьвяз, дзе Літва на гэты пэрыяд зьяўляецца старшынёй, прэм'ер-міністры Азэрбайджана і Аўстрыі, сем міністраў замежных спраў і прадстаўнікі ўрадаў.

Беларусь на інаўгурацыі прадстаўляе намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі.
XS
SM
MD
LG