Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карыбскі рай смаргонскага кантрабасіста


Арцём Фрэнкель

Арцём Фрэнкель

30-гадовы смаргонец Арцём Фрэнкель некалькі апошніх гадоў ходзіць у мора. Праўда, з марской справай ягоны занятак мае сувязь ускосную — Арцём грае ў музычных калектывах на круізных ляйнэрах.

Ня так даўно пасьля паўгадавога кантракту вярнуўся з туру па Міжземнамор’і, а неўзабаве зьбіраецца ў працяглую вандроўку на выспы Карыбскага басэйну.

Арцём скончыў смаргонскую музычную школу па клясе акардэону. Працягваў адукацыю ў менскай музычнай вучэльні імя Глінкі — праўда, ужо на клясычным аддзяленьні кантрабасу. Закончыў свой маратон у Кёльнскай кансэрваторыі, дзе атрымаў дыплём прафэсійнага кантрабасіста. Ня гледзячы на прапановы працаўладкаваньня ў Нямеччыне, Арцём вырашае кардынальна зьмяніць сухапутны статус на марскі. Цяпер ён — «bassman» (бас-гітарыст) у амэрыканскай круізнай кампаніі Royal Caribbean International:

— Я проста не хацеў заставацца ў Нямеччыне. Таму адразу пасьля выпускных іспытаў паехаў дадому ў Смаргонь, пабыў там пару месяцаў і выправіўся на круізны карабель. Першая «ходка» была з Маямі на Карыбскія астравы: Сан-Томас, Аруба, Курасаў, Сан-Марцін ды іншыя. Суцэльная экзотыка. Дарэчы, менавіта ў гэтых краях здымаліся знакамітыя «Піраты Карыбскага мора». Другі кантракт быў па Лацінскай Амэрыцы — Бразылія, Аргентына, Уругвай. Трэці — зноў Карыбы. Чацьвёрты ўжо тут, у Эўропе, па Міжземным моры — як па мне, дык самы нецікавы маршрут. На пяты раз вось зноў еду «дадому», на Карыбы. Так што Новы год пад пальмамі буду сустракаць.

— Мяркуючы па настроі, Карыбы цябе прыцягваюць найбольш?

— Сапраўды, мне там больш за іншыя месцы падабаецца. Як і Лацінская Амэрыка, гэта краіны трэцяга сьвету. Туды яшчэ не распаўсюдзілася сыстэма паўсюднага кантролю, сачэньня — камэраў менш, менш людзей з айфонамі ходзіць. Мне гэта падабаецца. Прыкладам, у Нямеччыну не хачу нават вяртацца — што там рабіць? Мне сытыя грамадзтвы неяк не «заходзяць». Там, канечне, насычанае было жыцьцё, пакуль я быў студэнтам, але ў дарослым жыцьці там складана і нецікава, шмат да якіх правілаў прыстасоўвацца трэба. Адным словам, я для сябе выбраў больш лёгкі шлях, як мне падаецца. Хоць, дзеля справядлівасьці, на караблі жыцьцё таксама не такое простае — не зразумела, дзе ты знаходзішся, увесь час туды-сюды цябе носіць.
Мне сытыя грамадзтвы неяк не «заходзяць»

— Як удаецца знайсьці агульную мову ў такім стракатым асяродку?

— Найперш, для кантактаваньня патрэбна ангельская мова, хоць бы на побытавым узроўні. Але з тымі ж музыкамі я стараюся не ўваходзіць у асабліва блізкія адносіны — ня вельмі мне падабаюцца музыкі менавіта ў кантактаваньні, даволі сумны народ. Усе мае сябры на караблі ў асноўным зь іншых дэпартамэнтаў: казыно, афіцыянты, прыбіральшчыкі. З этнасаў — філіпінцы вельмі добры народ, вельмі мне іх мэнтальнасьць падабаецца: любяць сьпяваць караоке, частуюць заўсёды, дзеляцца тым, што самі маюць. Увогуле ў карабельнай камандзе дзесьці каля 80 розных нацыянальнасьцяў. То бок, 1000 чалавек каманды, якія абслугоўваюць больш за 3000 пасажыраў.

— Ваш музычны калектыў — адзіны на ляйнэры?

— Не-не. Дзевяць чалавек — гэта толькі адна група, а ўсяго на караблі дзесьці чатыры каманды. Але наша самая галоўная. Справа ў тым, што ёсьць такія, што прыяжджаюць ужо сфармаваным калектывам. Дапусьцім, ёсьць мэксыканскі бэнд, ёсьць танцавальны ансамбль — там іх літаральна па 3-4 чалавекі. Яны пастаянна граюць адно і тое ж, амаль увесь час. А мы граем, скажам так, у галоўным тэатры, дзе адбываюцца шоў з запрошанымі артыстамі, танцорамі і г. д. Прыкладам, прыяжджае нейкі артыст са сваім шоў, у нас дзесьці гадзінная рэпэтыцыя, і ўвечары мы даем два шоў. Вось такая праца. Затое ў нас выходных больш. Усе гэтыя маленькія групкі пастаянна граюць, таму што патрэбна, каб заўсёды была фонавая музыка. А ў нас ня так: шоў няма — мы адпачываем, нічога ня робім.
Канцэрт на караблі. Арцём — крайні справа

Канцэрт на караблі. Арцём — крайні справа


— Арцём, сярод абслугі, музыкаў за гэтыя гады сустракаў беларусаў?

— Не. І «пракідкасьць» ці нейкая прадпрымальнасьць тут ні пры чым. Найперш, у Беларусі ня так шмат музыкантаў, каб яны вось так распыляліся па ўсім сьвеце. Па-другое, ведаю, што некалькі беларусаў на караблях працуюць, музыкамі ў тым ліку. Але яны езьдзяць праз аднаго агента зь Менску, які пасылае іх у іншыя кампаніі. Круізных жа караблёў па сьвеце цэлая куча ходзіць! А там, дзе я працаваў, зь Беларусі не сустракаў нікога. У асноўным граў разам з амэрыканцамі, канадцамі, таксама японцы былі, украінцы. І ўсё, напэўна. Паколькі кампанія амэрыканская, мабыць, таму амэрыканцаў, канадцаў больш за ўсіх. Цікава, што нават расейцаў, якіх звычайна ўсюды поўна, чамусьці няма.

— Граеш як на кантрабасе, гэтак і на бас-гітары?

— У асноўным бас-гітара, з кантрабасам на караблі ўзьнікаюць пэўныя складанасьці. Да таго ж, ім ня важна — на кантрабасе ты ці на бас-гітары. А калі ім ня важна, то і мне ня важна. Калі мне, дапусьцім, гавораць — ай, грай на чым хочаш — я лепш увогуле граць ня буду. Бо калі людзі не разумеюць, што кантрабас нашмат круцейшы за бас-гітару, тады ну вас, самі грайце на чым хочаце. Таму я адпачатку пазыцыянуюся з бас-гітарай. Мне прасьцей так: прачнуўся перад шоў за 5 хвілінаў, памыўся, апрануўся, пайшоў сыграў — усё, вольны. З кантрабасам больш праблемаў. Па-першае, аб’ём, па-другое, у карыстаньні больш часу вымагае — падгучыць, адпаліраваць. Усё нашмат складаней. Бас-гітару ўключыў, сыграў і забыўся. Мы ж там не такую ўжо складаную музыку граем — усё, што народ ведае, спажывае. Творчасьці як такой там няма. Мяне гэта, з аднаго боку, таксама задавальняе. Усё адно я музыкай займаюся, навыкі свае не губляю. Да таго ж, мне за гэта яшчэ плацяць, я бачу самыя розныя месцы.

— Дзе табе было найбольш утульна, камфортна? Чый мэнталітэт аказаўся бліжэйшым?

— Па мэнталітэце? Ну, вось у Бразыліі вельмі добра сябе адчуваў, спадабалася. Таксама на Карыбскіх выспах. У іх мэнталітэт такі, што яны ўсіх прымаюць, няма нацыяналізму, шавінізму, як у Эўропе. Калі французы бравіруюць, што у іх усё самае лепшае, немцы даказваюць, што яны пуп зямлі, у Расеі тое ж самае, то ў Бразыліі нічога падобнага няма. Там усё зьмешана-перамешана, войнаў даўно не было, няма такой агрэсіі. Бедната — так, гэта ёсьць. Але ты ніколі не пачуеш — маўляў, панаехалі. Няма такога. Калі ласка, ты наш госьць. Адкуль? Зь Беларусі! О выдатна, цудоўна — Беларусь. Хоць паняцьця ня маюць, дзе гэта. Таксама на астравах вельмі клясна, заўсёды табе рады. Няма такога: гэтыя турысты, таўстасумы. Усё спакойна. Тэмп жыцьця больш расслаблены. Няма — ну, і ня трэба, і так добра. Бананы выраслі — і выдатна.

— Пасьля вядомых падзеяў ля берагоў Італіі круізны карабель для многіх асацыюецца з «Коста Канкордыяй»...

— Так-так, гэта менавіта з катэгорыі такіх сумнавядомых караблёў. Што да «Канкордыі», то там элемэнтраная халатнасьць — думаю, што капітан проста хацеў перад кімсьці пафарсіць: маўляў, я тут ужо сто разоў праходзіў, глядзіце, як зараз ліха завярну. І не завярнуў. А можа, быў яшчэ крыху падшафэ, італьянцы ж яны такія — легкадумныя. Пра ўсіх, канечне, гаварыць ня буду, але ў гэтага нават прозьвішча, як на наш манэр, адпаведнае — Скаціні. Хоць, прыкладам, у нас заўсёды праходзяць вучэньні, рыхтуюць да эвакуацыі і г. д. Але калі капітан зьбяжыць, то нічога не дапаможа, усім будзе кірдык. Таму што ўсё залежыць ад яго — усе інструкцыі, каманды. На караблі ж іерархія, у каго больш палосак — той і галоўнейшы. У мяне ёсьць шэф, у шэфа свой шэф, а над намі ўсімі — капітан. Так і жывём.
Я ня думаю, што многім людзям падабаецца такая дзікасьць. Ім проста хочацца хуценька паглядзець, зрабіць фотаздымкі і зноў да сябе ў цывілізацыю

— Колькі часу праводзіце на вадзе і колькі на сушы?

— Порт у нас практычна кожны дзень — гэта ж круізны ляйнэр. Каб пасажыры не сумавалі, іх трэба ўсяляк забаўляць. Таму адзін дзень мора, а потым фактычна кожны дзень парты. Выходзь, рабі, што хочаш. Тым больш, музыканты — мы працуем гадзіну-дзьве на дзень, і тое пераважна вечарамі. І калі карабель швартуецца, скажам, а сёмай раніцы, то да пятай дня можаш хадзіць, дзе заўгодна. А хочаш, можаш увогуле не прыходзіць на карабель.

— Увогуле турыстаў на экзатычных выспах шмат?

— Стацыянарных турыстаў ня так і шмат, пераважна тыя, хто прыплывае на караблі. То бок, пахадзілі-пахадзілі — і вярнуліся назад. Я ня думаю, што многім людзям падабаецца такая дзікасьць. Ім проста хочацца хуценька паглядзець, зрабіць фотаздымкі і зноў да сябе ў цывілізацыю. А мне якраз падабаецца, каб было дзікае месца. Таму Эўропа мне і не спадабалася. Усе вось кажуць: Вэнэцыя! Вэнэцыя! Неяк няўтульна я сябе там адчуваў. Я ўжо маўчу, якая дарагавізна — асабліва не расслабішся. На Карыбах кудысьці на таксі зьезьдзіць — 1 даляр, па дарозе таксіст яшчэ экскурсію правядзе. У Італіі праехаць пару хвілінаў — 10 эўра. Прычым, па-ангельску толкам ніхто не гаворыць, стаўленьне да іншаземцаў нейкае перадузятае. Людзі ня вельмі ветлівыя, асабліва ў Грэцыі. Прытым, што, наадварот, трэба было б перад турыстамі сьцяліцца. Усё, больш, я туды не паеду, цяпер толькі ў іншае паўшар’е.

— Падчас вакацыяў на радзіме ты граеш канцэрты зь сябрамі. Прычым, ня толькі ў клюбах, а нават у дзіцячым анкалягічным цэнтры, дзе падлеткам ляжаў сам...

— Так, канечне, гэта была мая ідэя, якую нарэшце ўдалося рэалізаваць. Проста туды затэлефанаваў, папрасіў тэлефон псыхоляга, якая там працуе зь дзецьмі. Пазваніў, пазнаёміўся з Данутай Анатольеўнай, запытаўся, ці можна гэта зрабіць увогуле і калі. Яна пагадзілася, з радасьцю. І мы сыгралі. Думаю, усім спадабалася, бо ніхто асабліва іх такімі канцэртамі ня балуе. Мне так і сказалі: за апошнія гады нічога падобнага не было. Не магу нават сказаць, навошта мне гэта спатрэбілася. Проста так. Мабыць, адчувалася нейкая патрэба. У прынцыпе, пра гэта ня думаў, неяк сама па сабе ідэя ўзьнікла. Някепская ж ідэя, пагадзіцеся?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG