Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінкіна: Лукашэнка рыхтуе адстаўку Мясьніковіча


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка незадаволены працай ураду. Ягоную пагрозу «адкруціць галовы» ўраду ўчора ўвечары паказалі ў сваіх рэпартажах усе асноўныя тэлеканалы краіны.

Яны падрыхтавалі матэрыялы пра наведваньне кіраўніком дзяржавы транспартна-лягістычнага цэнтру «Менск-Белмытнясэрвіс-2». У эфір трапіла і тое, чаго не было ў паведамленьнях агенцтваў — крытыка ўраду за няўменьне праводзіць нарады.

Аляксандар Лукашэнка на ўсю краіну паабяцаў «адкруціць галовы» ўраду за невыкананьне праграмы будаўніцтва лягістычных цэнтраў. Да гэтага дадалася і крытыка ўрадоўцаў за зрыў праграм мадэрнізацыі шэрагу галінаў эканомікі.

«Такім чынам Лукашэнка рыхтуе грамадзтва да таго, каб зваліць усе складанасьці сёлетняга году на ўрад Міхаіла Мясьніковіча», — гаворыць шэф-рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна:

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна
«Я думаю, гэта можа сьведчыць пра тое, што рыхтуецца адстаўка ўраду Міхаіла Мясьніковіча. Можа, не ўсяго, а толькі ключавых пэрсонаў. Але на гэта вельмі і вельмі падобна. Хоць бы таму, што пагрозы на адрас ураду былі заўсёды. Але вось такога нейкага хамства раней усё ж не было. Я думаю, што, можа быць, хутка Міхаіл Уладзімеравіч разьвітаецца са сваёй пасадай».

Лукашэнка раскрытыкаваў урад і за зрыў праграмаў мадэрнізацыі і нават за тое, як праводзяцца нарады ў Доме Ўраду. Ён папракнуў, не называючы канкрэтнага прозьвішча віцэ-прэм’ера, за тое, што той адвёў на такую сустрэчу ўсяго 30 хвілін. А што можна зрабіць за паўгадзіны? — абураўся кіраўнік дзяржавы: «Толькі паглядзелі адзін на аднаго ды разышліся».

Верагодна, што Аляксандар Лукашэнка меў на ўвазе Пятра Пракаповіча, паколькі ён казаў пра віцэ-прэм’ера, які замяніў Андрэя Кабякова. Вядома, што функцыі Кабякова спачатку адышлі да Сяргея Румаса, а пасьля яго сыходу з ураду на кіраўніцтва банкам разьвіцьця — да Пятра Пракаповіча.

«Справа тут нават не ў канкрэтнай асобе, а ў агульным стылі кіраўніцтва. Зыходзячы з майго велізарнага асабістага досьведу, магу сьмела казаць: якасьць нарады залежыць не ад часу сядзеньня за сталом, а ад якасьці яе падрыхтоўкі», — заяўляе старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі 12 скліканьня Мечыслаў Грыб:

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб
«Калі нарада на любым роўні падрыхтавана належным чынам, то яе можна правесьці і за дзесяць хвілін. І вырашыць усе пытаньні. А калі яе не рыхтаваць, а ператвараць у нейкае судзілішча, у бойку, у разборку, то гэта не нарада. Гэта нешта іншае. Зьбіраюць кіраўнікоў, але ніхто не пытае іхнай думкі, іхнага меркаваньня. Іх толькі абвінавачваюць — чаму не зрабіў тое, не зрабіў сёе?!

А яны павінныя апраўдвацца. Усе вінаватыя, а я адзін правы. Такога не бывае. Гэта — не нарада. Гэта нешта такое, чаму яшчэ і імя, можа, няма».

У тэлерэпартажах паказалі, як Лукашэнка патрабаваў найхутчэй будаваць лягістычныя цэнтры. Ён казаў: «Грошы ідуць у Расею. І там застаюцца. Мы ж нічога практычна не атрымліваем. 1% — і усё!»

Эканаміст Антон Болтачка лічыць, што 1% — гэта яўна заніжаная лічба, паколькі дастаткова шмат грузаў праходзіць растаможку на беларускай тэрыторыі. Але Расея сапраўды будуе свае лягістычныя цэнтры на мяжы зь Беларусьсю:

«Расея можа перахапляць некаторую долю прыбытку ад транзыту. За кошт таго, што транспарт растаможваецца на тэрыторыі, якая ў нас адзіная ў рамках мытай тэрыторыі трох краін. Гэта азначае, што груз можна растаможыць і на тэрыторыі лягістычнага цэнтру ў Расеі.

У нас такіх цэнтраў недастаткова. І таму празь Беларусь транспарт будзе праходзіць транзытам у Расею, дзе законна будзе растаможвацца ў рамках мытнай тэрыторыі Мытнага саюзу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG