Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка ўсё адкруціць і скажа, што яго ня так зразумелі»


Што азначае намер уладаў увесьці падатак на дармаедаў і падатак на карыстаньне аўтамабілем? Няўжо эканамічны стан настолькі кепскі, што ўлады гатовыя прымаць такія непапулярныя рашэньні і не баяцца нэгатыўнай рэакцыі насельніцтва? На гэтыя пытаньні адказвае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

Цыганкоў: Няўжо эканамічнае становішча настолькі кепскае, што ўлады гатовыя ісьці на непапулярныя крокі?

Прэйгерман: Абсалютна так. Усе гэтыя «крэатыўныя» ідэі — у першую чаргу сьведчаньне таго, што становішча ў эканоміцы настолькі кепскае, што ўлады разумеюць, што нешта трэба рабіць. Але ж, як звычайна, тыя, хто прымаюць рашэньні, хутчэй разважаюць у кантэксьце адміністратыўна-каманднай сыстэмы. І таму ня маюць ніякіх іншых ідэяў, акрамя ўвядзеньня новых падаткаў.

Калі мы памятаем, у 2011 годзе Макей ды іншыя службоўцы бегалі па рынках ды глядзелі, ці хто з людзей не знаходзіцца на працоўным месцы. Акурат як у часе савецкага кіраўніка Андропава, якому паказалі, што становішча ў эканоміцы кепскае — і ўсё, што тады прыдумалі, гэта «ўціскальныя» захады. Мы ведаем, да чаго яны прывялі — і ні да чаго іншага яны ня могуць прывесьці ў Беларусі.

Цыганкоў: У іншых краінах сьвету ёсьць нейкія зборы за карыстаньне аўтамабілем, але пераважна толькі за вялікія і дарагія машыны. Якую форму аўтамабільнага падатку выберуць беларускія ўлады?

калі Аляксандар Лукашэнка адчуе, што гэтыя захады вельмі непапулярныя — то найхутчэй, ён усё адкруціць і скажа, што яго ня так зразумелі
Прэйгерман: Пакуль што мы пачулі, што збор будзе для ўсіх карыстальнікаў аўтамабілем. Але цяжка сказаць, ці будзе гэта ўсё рэалізавана менавіта ў такой форме. Мы памятаем некалькі выпадкаў, калі нейкія «крэатыўныя» ідэі спачатку кідаліся ў грамадзкую прастору, і потым, у залежнасьці ад рэакцыі людзей — прымаліся ці не прымаліся. Мы можам узгадаць самае апошняе — ідэя пра сто даляраў для тых, хто выяжджае за межы краіны. Так што я не выключаю, што такі ж лёс чакае і аўтамабільную ініцыятыву.

Цыганкоў: То бок вы верыце, што ўлады вельмі адчувальна рэагуюць на грамадзкую крытыку, правяраюць глебу, і ў залежнасьці ад гэтага вырашаюць, ці прымаць рашэньне?

Прэйгерман: Так. Мы маем пацьверджаньні таго, што ўлады вельмі адчувальныя да таго, як грамадзтва рэагуе — гэта і сто даляраў за выезд, і цэны на бэнзін у 2011 годзе. Хаця тут, з аўтамабільным падаткам, мы ўжо маем нейкі праект, прадстаўнікі міністэрства казалі пра яго, так што справа рухаецца даволі хутка.

Аднак, калі Аляксандар Лукашэнка адчуе, што гэтыя захады вельмі непапулярныя — то найхутчэй, ён усё адкруціць і скажа, што яго ня так зразумелі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG