Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіўся пакараць начальніка за сінякі


15 лістапада судзьдзя Мазырcкага раённага суду Вячаслаў Кугейка адхіліў пазоў звольненага мэханіка нафтаперапрацоўчага заводу, сябра незалежнага прафсаюзу Івана Шабана да начальніка ўчастку Алега Шкурко за нанясеньне лёгкіх цялесных пашкоджаньняў.

Матывацыйную частку пастановы судзьдзя яшчэ не падрыхтаваў. Але зь ягоных слоў пасьля абвяшчэньня адмовы вынікала, што інцыдэнту нібыта й не было зусім. Сьведкі, выкліканыя з 12-га цэху, нічога ня памяталі.

Сам жа начальнік участку Алег Шкурко ў судзе так падаваў інцыдэнт з падначаленым мэханікам:

«Я пацягнуўся па тэлефон, падаўся наперад і машынальна, з мэтай утрыманьня раўнавагі, прыхваціў правай рукою Шабана Івана Генадзевіча за край надзетай на ім спэцвопраткі... Аднавіўшы раўнавагу, я расьціснуў сваю правую руку, адпусьціў спэцвопратку Шабана Івана Генадзевіча. Да яго цела мая рука не дакраналася».

Прамаўляў гэтыя словы Шкурко з працяглымі паўзамі, паўторамі — падобна да таго, як дыктуюць у малодшых клясах дыктоўку. Выглядае, што гэтае тлумачэньне й легла ў аснову судовай пастановы на адмову, хоць судмэдэкспэртыза зафіксавала ў мэханіка Шабана адзін сіняк на грудзях і адзін на руцэ.

Сам Іван Шабан лічыць, што начальнік участку «сарваўся» з-за таго, што ён аспрэчваў праз суд вынесеныя яму на заводзе спагнаньні:

«Шкурко моцна перажываў, што буду апратэстоўваць яшчэ адзін загад аб дысцыплінарным спагнаньні — пайду далей у суд. І ён хадзіў нэрвовы, успылены. Ён — сарваўся».

Па словах Шабана, гэта здарылася незадоўга да яго звальненьня. У кабінэце ён спрабаваў запісаць на мабільны тэлефон неабгрунтаваныя прэтэнзіі начальніка ўчастку. Перад гэтым Шкурко пасылаў яго ў суседні цэх адрамантаваць кулер пітной вады. І калі Іван крыху затрымаўся, начальнік запатрабаваў справаздачу. Такую справаздачу Шабан падрыхтаваў. Аднак яна не спадабалася начальніку ўчастку, і ён запатрабаваў пахвілінную тлумачальную. Гэтую частку размовы Іван і меўся запісаць на тэлефон — і тут начальнік участку ўскіпеў. Схапіў за спэцвопратку й стаў піхаць і тузаць, намерваючыся выхапіць у падначаленага мэханіка мабільнік. Камплекцыя ў начальніка — ня роўня Іванавай.
У прынцыпе, увесь канфлікт з кіраўніцтвам у мяне з-за таго, што я добраахвотна ня вызваліў сваю пасаду мэханіка

Таму й прасіў Шабан суд прызначыць начальніку ўчастку адміністрацыйнае пакараньне за нанясеньне цялесных пашкоджаньняў.

Зрэшты, перадузятае да сябе стаўленьне з боку цэхавых начальнікаў Іван Шабан зьвязвае ня толькі са сваім сяброўствам у незалежным прафсаюзе, але і з адмовай вызваліць пасаду мэханіка:

«У прынцыпе, увесь канфлікт з кіраўніцтвам у мяне з-за таго, што я добраахвотна ня вызваліў сваю пасаду мэханіка. Мусіў ісьці ў рабочыя. У іх ужо быў вызначаны чалавек на маё месца. Таму й чапляліся. Начальнік цэху казаў, каб я да жніўня сышоў са сваёй пасады. Было гэта ў траўні — адпаведна, заставалася яшчэ пара месяцаў. Я гэтага моманту не зразумеў. Яны падрыхтавалі яшчэ адзін загад пра пакараньні ў ліпені. Зрабілі вымову нібыта за несвоечасовы ўвод кампрэсара».

На сёньняшнюю пастанову раённага суду Іван Шабан наважаны падаць касацыйную скаргу ў абласны суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG