Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і «сьмяротнікі»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам генэральнага пракурора Аляксандра Канюка, загадаў пракуратуры і Вярхоўнаму суду больш адказна ставіцца да рэзанансных спраў.

У якасьці прыкладу ён спаслаўся на забойства студэнткі ў Гомелі, выканаўцу якога быў дадзены шанец пазьбегнуць сьмяротнага пакараньня. Лукашэнка даў зразумець, што ў такіх выпадках трэба дзейнічаць жорстка. «Калі ты, нягоднік і падонак, ідзеш і ня першы раз ужо зьдзяйсьняеш злачынства — забіваеш чалавека — якое ты маеш права жыць на гэтай зямлі?» — сказаў ён. Ці мае права кіраўнік дзяржавы даваць такія парады судовай сыстэме?

У сваім маналёгу Лукашэнка выказаў прэтэнзіі, што ў судах раптам пачалася «нейкая дэмакратыя». У прыватнасьці, яго абурыла, што ня так даўно была задаволеная скарга адвакатаў Аляксандра Грунова, забойцы гамяльчанкі Натальлі Емяльянчыкавай. У чэрвені за забойства з асаблівай жорсткасьцю Грунову прысудзілі вышэйшую меру пакараньня. Аднак у кастрычніку Вярхоўны суд прызнаў працэс памылковым і накіраваў справу на перагляд. Паўторны суд прызначаны на 26 лістапада. Весьці яго будуць іншыя судзьдзі. Такі паварот справы не задаволіў Лукашэнку:

«Грамадзкае гучаньне набылі некаторыя крымінальныя справы. Ну, напрыклад: у Гомелі падонак забівае дзяўчыну на вуліцы. Калі ты, нягоднік і падонак, ідзеш і ня першы раз ужо зьдзяйсьняеш злачынства — забіваеш чалавека — якое ты маеш права жыць на гэтай зямлі?А ў нас, ведаеце, дэмакратыя. У судах нейкая дэмакратыя. Я не крыважэрны, але і адплата, і пакараньне павінны быць адпаведнымі. Вазьміце гэта на кантроль. У іншым выпадку мы ніколі не навядзём парадак у грамадзтве і ніколі не панізім вось гэты градус, тэмпэратуру ў грамадзтве — цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы, згвалтаваньні. Вінаваты — адказвай на ўсю катушку».

За месяц да рашэньня па Грунову судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела іншую касацыйную скаргу на сьмяротны прысуд. Тым разам ён быў вынесены жыхару Вілейкі Паўлу Селюну, асуджанаму за падвойнае забойства летась у Горадні. Абарона Селюна таксама прасіла зьмяніць юрыдычную кваліфікацыю злачынстваў і замяніць выключную меру пазбаўленьнем волі. Аднак сьмяротны вырак Гарадзенскага абласнога суду быў пакінуты ў сіле.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай дзяржавай, дзе захоўваецца сьмяротнае пакараньне. Як сьведчыць статыстыка, цягам амаль двух дзясяткаў гадоў Лукашэнка толькі аднойчы памілаваў асуджанага на расстрэл — у 1999 годзе заатэхніку, які забіў старшыню калгаса на падставе рэўнасьці, вышэйшую меру замянілі на пажыцьцёвае зьняволеньне. Гэта, як кажуць экспэрты, найбольш яскрава ілюструе нібыта «некрыважэрнасьць» Лукашэнкі. На перакананьне юрыста Тамары Сідарэнкі, не прэзыдэнцкая справа — раздаваць указаньні адносна злачынцаў, нават калі тыя «падонкі і нягоднікі»:

Тамара Сідарэнка

Тамара Сідарэнка

«Не-не, адназначна. І нават сваё асабістае меркаваньне ў такой публічнай гутарцы выказваць ён ня мае права. У яго вельмі высокая пасада, вельмі высокі аўтарытэт ціску; а калі яшчэ з улікам нашых рэаліяў, то ні ў якім разе нельга, каб з вуснаў афіцыйнай асобы такога высокага статусу ў афіцыйнай гутарцы выказваць меркаваньне наконт рашэньня суду. Прычым па канкрэтнай справе. Я разумею, каб гаворка ішла ўвогуле пра сьмяротнае пакараньне, пра стаўленьне да яго чалавека і нават службовай асобы, то можна было б гаварыць — у кожнага свая думка (хоць, вядома ж, сьмяротнае пакараньне існаваць не павінна). Але, ня ведаючы справы, ня ведаючы падставаў, чаму адмянілі (і нават ведаючы!), гаварыць, што ён не павінен жыць — канкрэтны чалавек — гэта можа вырашыць толькі суд. На тое ў нас і розныя галіны ўлады. Ува ўсіх свае паўнамоцтвы, і рашэньні ня проста так нехта павінен прымаць, а прымаюць рашэньне на падставе матэрыялаў справы, на падставе юрыдычных ведаў тыя асобы, якім такое права дадзена».

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што ўмяшаньне ў судовыя працэсы з боку вышэйшых асобаў стала амаль звыклай справай. З дапамогай афіцыйных СМІ апрацоўваецца грамадзкая думка, калі па выніках акцыяў ці выбарчых кампаніяў судзяць актывістаў апазыцыі; тое ж мела месца пасьля тэракту ў менскім мэтро — лёс абвінавачаных Канавалава і Кавалёва быў зразумелы ўжо да суду. Як кажа Тамара Сідарэнка, нават калі Лукашэнка і ня меў намеру даваць нейкія ўказаньні, яны будуць прынятыя з усёй сур’ёзнасьцю:
Калі прэзыдэнт кажа, што чалавеку ня жыць, і гэта ўрэшце вырашае судзьдзя, якога зноў жа прызначае той жа прэзыдэнт, то я супраць такіх „супадзеньняў“

«Можна не ўжываць слова „ўказаньне“, але гаварыць пра тое, што гэтае меркаваньне будзе мець пэўны ўплыў на вынясеньне рашэньня, на бесстароннасьць суду, можна адназначна. Якое б слова мы ні казалі. Магчыма, гэта і не ўказаньне ў непасрэдным сэнсе, але зразумела, што такія заявы ня будуць спрыяць аб’ектыўнаму прысуду. Калі прэзыдэнт кажа, што чалавеку ня жыць, і гэта ўрэшце вырашае судзьдзя, якога зноў жа прызначае той жа прэзыдэнт, то я супраць такіх „супадзеньняў“. Таксама хачу адзначыць, што гэта ня першая такога кшталту заява. Нават вяртаючыся да падзеяў сьнежня 2010 году, то яшчэ да судовых рашэньняў з боку вышэйшых чыноўнікаў, уключна з прэзыдэнтам, таксама дапускалася ацэнка падзеям і асобам, ад якой трэба было б устрымацца да рашэньня суду. Калі мы сапраўды даём суду незалежную ўладу, калі суд ні ад кога не залежыць».

Ад сярэдзіны 1990-х у Беларусі на сьмерць асуджаныя дзясяткі абвінавачаных. У 1997 годзе — 46 чалавек, у 1998-м — 48, у 1999-м — 13. У новым стагодзьдзі гэтыя лічбы зьменшыліся, хоць улады катэгарычна адмаўляюцца ад увядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Так, у 2006 годзе расстралялі 9 чалавек, у 2007-м — 4, цягам 2008–2011 гадоў — па 2 штогод, у 2012-м — 3. Сёлета вынесена ўжо тры сьмяротныя прысуды, Сялюн і Груноў — на чарзе. Пры гэтым Беларусь застаецца, зноў жа, адзінай краінай, у якой целы расстраляных не вяртаюць сваякам.

Нягледзячы на закрытасьць зьвестак па «сьмяротніках», праваабаронцы на падставе ўласных разьлікаў сьцьвярджаюць, што ўсяго ад пачатку 1990-х беларускія суды асудзілі на сьмерць блізу 400 чалавек, а яшчэ паўтары сотні атрымалі пажыцьцёвае зьняволеньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG