Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Някляеў: «Уся беларуская літаратура ў турме»


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

15 лістапада на ініцыятыву Міжнароднага ПЭН-клюбу адзначаецца «Дзень пісьменьніка ў зьняволеньні».

Такая традыцыя была закладзеная ў 2007 годзе.

У Беларусі сярод палітвязьняў нямала пісьменьнікаў, паэтаў і журналістаў. За часы праўленьня Лукашэнкі ў турмах пабывалі ці знаходзяцца цяпер літаратары Ўладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Андрэй Клімаў, Алесь Бяляцкі, Славамір Адамовіч, журналісты Андрэй Пачобут, Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка, Павал Шарамет, Ірына Халіп.

Празаік і паэт, лідэр грамадзкай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў, які быў зьмешчаны ў турму пасьля выбараў 2010 году, лічыць, што ўся беларуская літаратура — у зьняволеньні ад самага свайго ўзьнікненьня:

«Сёньняшні дзень даволі шырока адзначаецца ў сьвеце. Асобныя пісьменьніцкія арганізацыі ў гэты дзень уручаюць прэміі тым літаратарам, якія ці былі ў зьняволеньні, ці зараз там знаходзяцца. Што тычыцца беларускай літаратуры, то ў нейкім сэнсе яна ад часу свайго ўзьнікненьня знаходзіцца ў зьняволеньні. Таму што ніколі не было спрыяльных умоваў ні для самой літаратуры, ні для яе стваральнікаў. Мы можам узгадаць ня толькі 30-я гады і ня толькі ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, калі ў турме КДБ было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, трацінай сярод якіх былі беларускія паэты і празаікі. Можна ўзгадаць і ранейшыя часы, калі перасьледаваліся тыя людзі — як з боку Захаду, так і з боку Ўсходу, — якія дамагаліся стварэньня на беларускай зямлі беларускай літаратуры, і пазьнейшыя часы, ажно да нашых дзён.

Сёньня сытуацыя такая, што Беларускі ПЭН-цэнтар і Радыё Свабода нават заснавалі прэмію імя Францішка Аляхновіча ў галіне турэмнай літаратуры. Пра што гэта кажа? Гэта кажа пра тое, што літаратура і літаратары як знаходзіліся, так і знаходзяцца, мякка кажучы, у неспрыяльных умовах.

Разьвіваецца гэты жанр, на жаль. Але, на радасьць, мы бачым у гэтым жанры даволі добрыя кнігі. Тут можна адзначыць тое, што напісаў у турме Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Ігар Аліневіч, Аляксандар Фядута.

Я не хацеў бы, каб гэтая традыцыя доўжылася, але не падобна, што яна скончыцца сёньня. Вядома, тыя людзі, якія, нягледзячы на ўсе складанасьці, пакуты і катаваньні, займаюцца ў турмах літаратурай, тым самым выяўляючы нязломнасьць духу, заслугоўваюць самай вялікай павагі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG