Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паршэ» і «Бэнтлі» набыў ганаровы консул Беларусі ў Расеі


Здымак апублікаваны ў Інстаграме rublevkalive
Здымак апублікаваны ў Інстаграме rublevkalive

Прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных прасьвятліў сытуацыю з апублікаванымі ў інтэрнэце здымкамі шыкоўных аўтамабіляў марак «Паршэ» і «Бэнтлі» з нумарамі беларускай амбасады ў Маскве.

Андрэй Савіных: «Аўтамабілі набытыя ганаровым консулам Беларусі ў Расеі на асабістыя грошы для патрэбаў консульства. Інстытут ганаровых консулаў — гэта распаўсюджаная практыка, якая выкарыстоўваецца ўсімі краінамі сьвету. Толькі ў Беларусі дзейнічае больш за 20 ганаровых консулаў замежных дзяржаваў.

Рэспубліка Беларусь выдала консульскі патэнт 56 грамадзянам зарубежных краінаў. Статусам ганаровага консула са згоды прымаючага боку надзяляюцца аўтарытэтныя і заможныя грамадзяне краінаў перабываньня, якія аказваюць важнае судзеяньне разьвіцьцю двухбаковых сувязяў. Дзейнасьць консулаў можа быць вельмі разнастайнай. Для прыкладу, зусім нядаўна ганаровы консул Беларусі на Філіпінах актыўна займаўся высьвятленьнем сытуацыі зь беларускімі грамадзянамі пасьля разбуральнага тайфуна.

Прозьвішча ўладальніка аўтамабіля Андрэй Савіных назваць адмовіўся.

Дыпляматычныя нумары дазваляюць уладальніку фактычна карыстацца ўсімі выгодамі дыпляматычнага статусу. Кіроўца можа не выходзіць з машыны, не прадстаўляць аніякіх дакумэнтаў у выпадку ДТП. Усё гэта абумоўліваецца Венскай канвэнцыяй 1961 году.

Паводле інфармацыі на сайце амбасады, ганаровым консулам Беларусі ў Маскве зьяўляецца Ігар Макараў — расейскі мільярдэр, уладальнік Міжнароднай групы кампаній «Ітэра».

Ігар Макараў узнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі Беларусі: ордэнам «Дружбы народаў» і мэдалём Францыска Скарыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG